На механіка-тэхналагічным факультэце ГДТУ імя П. Сухога адкрываецца спецыялізацыя "тэхналогія вытворчасці вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў і сродкі тэхналагічнага абсталявання". Тут будуць навучацца спецыялісты ў галіне стварэння новых кампазіцыйных матэрыялаў, запатрабаваныя ва ўсіх галінах прамысловасці: ад цяжкага машынабудавання, электраэнергетыкі, аўтамабілебудавання, авіяцыйнай, радыё- і электроннай тэхнікі, суднабудавання да будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, спорту, турызму і медыцыны. Падрыхтоўка інжынераў-механікаў па гэтай спецыялізацыі будзе весціся з улікам інавацый у галіне стварэння новых кампазіцыйных матэрыялаў (у тым ліку нанаматэрыялаў) і вырабаў з іх. Курс прадугледжвае таксама распрацоўку з выкарыстаннем IT-тэхналогій тэхналагічных працэсаў і сродкаў тэхналагічнага абсталявання.
На машынабудаўнічым факультэце будуць рыхтаваць інжынераў-электрамеханікаў па спецыяльнасці "прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы". Сфера рэалізацыі прафесійных навыкаў гэтых спецыялістаў вельмі шырокая. Сёння робаты выкарыстоўваюцца ў прамысловасці, навуковых даследаваннях, энергетыцы, медыцыне, сферы забаў і г.д. Сучасныя аўтаматычныя або дыстанцыйна кантраляваныя механізмы паступова замяняюць чалавечую працу і дазваляюць аптымізаваць складаныя працэсы.
Па заканчэнні ВНУ дыпламаваныя спецыялісты могуць знайсці сябе прымяненне ў інжынірынгавых, праектна-канструктарскіх, вытворча-тэхналагічных, мантажна-наладачных, рамонтна-эксплуатацыйных, навукова-даследчых і інавацыйных арганізацыях, а таксама ў вышэйшых, сярэдніх тэхнічных і прафесійна-тэхнічных навучальных установах.
Для чатырохгадовага навучання прадугледжана дзённая форма, па кожнай са спецыяльнасцяў будзе набрана група колькасцю 20 чалавек.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: gp.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gdtu
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-dzyarzhauny-tehnichny-universitet-im-pv-suhoga
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-dzyarzhauny-tehnichny-universitet-imya-p-suhoga