На гэтым тыднi мокры снег з дажджом у нас будзе не ў рэдкасць, паведамляюць эксперты Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.
У першы дзень красавiка ўначы ў асноўным будзе без ападкаў, а ранiцай i ўдзень адаб'ецца ўплыў франтальнага падзелу — пераважна па паўночнай частцы краiны пройдуць кароткачасовыя ападкi ў выглядзе мокрага снегу i дажджу. Уначы i ранiцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзiца. Вецер прагназуецца заходнi ўмераны, удзень парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мiнус 2 да мiнус 8 градусаў, па паўднёвым усходзе пры праясненнях — да мiнус 10 градусаў. Удзень будзе таксама холадна — усяго толькi ад плюс 2 градусаў да 9 цяпла. Спецыялiсты Белгiдрамета адзначаюць, што падобны тэмпературны фон адпавядае першым чыслам сакавiка.
Праўда, такi жорсткi холад працягнецца нядоўга. Ужо ў чацвер умовы надвор'я ў Беларусi будуць фармiраваць франтальныя падзелы ад атлантычнага цыклону, якi трымае шлях на Скандынаўскi паўвостраў. Халоднае паветра пакiне краiну, i тэмпературны рэжым паступова вернецца да клiматычнай нормы. Будзе шмат аблокаў. На значнай частцы тэрыторыi краiны пройдуць ападкi ў выглядзе мокрага снегу i дажджу. Уначы i ранiцай у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман i галалёд, на дарогах месцамi галалёдзiца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходнi ўмераны, удзень парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мiнус 3 да плюс 3 градусаў, удзень — 5—10 цяпла.
Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сiноптыкаў, у пятнiцу пад уплывам няўстойлiвых вiльготных акiянiчных паветраных мас уначы месцамi, а ўдзень на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць кароткачасовыя ападкi ў выглядзе дажджу i мокрага снегу. Вецер прагназуецца паўднёва-заходнi парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мiнус 2 да плюс 3 градусаў. Удзень будзе 6—12 цяпла, па паўднёвым усходзе Гомельскай вобласцi — ад плюс 8 градусаў да 14 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: dzerginsk.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore