Больш за дваццаць пытанняў паступiла на суботнюю прамую лiнiю, якую правяла намеснiк старшынi Магiлёўскага абласнога Савета дэпутатаў Iрына Раiнчык.
Амаль палову заяўнiкаў турбавалi праблемы ў галiне ЖКГ, iншыя пытаннi датычылiся сферы аховы здароўя, гандлю i спажывецкага рынку, працы i занятасцi насельнiцтва, архiтэктуры, будаўнiцтва, землеўпарадкавання, культуры, спорту i турызму. Вялiкую актыўнасць праявiлi магiляўчане, па некалькi тэлефонных званкоў прагучала з Бабруйска, Глуска i Асiповiч, па адным — з Быхава, Горак, Кiраўска, Клiчава, Крычава i Мсцiслаўскага раёна.
Магiляўчанка, напрыклад, выказала незадаволенасць тым, што непадалёк ад яе знаходзiцца бар з кругласутачным рэжымам работы. Каля дома, у тым лiку i на дзiцячай пляцоўцы, пастаянна збiраюцца шумныя кампанii, якiя парушаюць грамадскi парадак. Яна спадзяецца, што мясцовыя ўлады прымуць меры.
Жыхарка Быхава паведамiла, што ў доме, дзе яна жыве, працякае дах. Яна ўжо звярталася з гэтым пытаннем у райвыканкам, але праблему пакуль не атрымалася вырашыць.
— Некалькi чалавек, якiя патэлефанавалi да нас, — з лiку пастаянных, яны перыядычна з розных нагод звяртаюцца ў выканаўчыя органы, — паведамiла Iрына Раiнчык. — У цэлым пытаннi, што прагучалi гэтым разам, узятыя на кантроль i накiраваны для аператыўнага вырашэння. Вельмi прыемна было пачуць падзяку на адрас дэпутатаў Крычаўскага райсавета i непасрэдна яго старшынi Iрыны Пруднiкавай за тое, што яны бяруць актыўны ўдзел у навядзеннi парадку на зямлi.
Усяго гэтым разам на суботнiя прамыя лiнii ў абл-, гар- i райвыканкамы паступiла 84 звароты.
Нэлi ЗIГУЛЯ
Прэв'ю: Depositphotos.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc