Чатыры нафтавыя кампаніі Расіі пачалі афармляць маршрутныя даручэнні па пастаўках нафты на беларускія НПЗ у красавіку, піша [1] ТАСС са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка "Транснафты" Ігара Дзёміна.
"Пачалі афармляцца першыя маршрутныя даручэнні", - сказаў Ігар Дзёмін. Ён дадаў, што дакументы пачалі афармляць чатыры кампаніі, якія з'яўляліся традыцыйнымі пастаўшчыкамі нафты на НПЗ Беларусі.
Як паведамлялася [2] БЕЛТА, учора беларускія НПЗ пачалі кантрактаваць аб'ёмы паставак нафты ад нафтавых кампаній на красавік. Усяго, згодна з камерцыйнымі прапановамі, што паступаюць ад рэсурсатрымальнікаў, запланавана пастаўка сыравіны ў аб'ёме да 2 млн т.
На момант пацверджання рэсурсаў у пастаўшчыкоў цэны на нафту гатунку Urals для Беларусі склаліся на ўзроўні $4 за барэль. Пытанні выплаты прэмій расійскім пастаўшчыкам будуць урэгуляваны міжбюджэтнымі разлікамі.
Пастаўкі ад буйных нафтавых кампаній з Расіі былі спыненыя 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнутыя дамоўленасці па цане. Як тлумачыў першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расіійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб'ёмах.
Прэв'ю: iz.ru
Спасылкі
[1] https://tass.ru/ekonomika/8157809
[2] https://www.belta.by/economics/view/chetyre-neftekompanii-rossii-nachali-oformljat-dokumenty-na-postavki-v-belarus-385870-2020/
[3] https://zviazda.by/be/tags/nafta