У любой экстраннай сiтуацыi мы без вялiкiх намаганняў можам выклiкаць хуткую дапамогу, мiлiцыю, газавую службу цi супрацоўнiкаў МНС. Але што рабiць, калi прарвала водаправодную трубу цi здарылася кароткае замыканне?
У Беларусi дзейнiчае такi дакумент, як «Тэхнiчная эксплуатацыя жыллёвых i грамадскiх будынкаў i збудаванняў. Парадак правядзення». Менавiта там i прапiсаны нарматыўныя тэрмiны па выпраўленнi самых розных няспраўнасцяў у жылых дамах. Напрыклад, калi ў вас цячэ дах, то яго павiнны адрамантаваць на працягу сутак. Тое ж датычыцца пашкоджанняў балконаў, лiфтаў цi дамафонаў. Калi ў доме сапсавалi дзверы цi шкло ў вокнах, то летам гэтую праблему мусяць вырашыць за трое сутак, зiмой — за суткi. Знадворны вадасцёк павiнны адрамантаваць за пяць сутак. У некаторых выпадках трэба неадкладна загароджваць небяспечную зону — напрыклад, калi гаворка iдзе пра балконы. У асобных сiтуацыях (няспраўнасцi газавай плiты, лiфтаў i да т. п.) неабходна адразу спыняць эксплуатацыю абсталявання. Пэўныя меры бяспекi прымаюць, калi на столi адслойваецца тынк.
— На Брэстчыне, як i ва ўсёй краiне, усе заяўкi прымаюцца праз адзiны кантакт-цэнтр, i ў залежнасцi ад канкрэтнага выпадку аварыйная служба павiнна выехаць на месца на працягу 30, 60 цi 90 хвiлiн. Перш за ўсё спецыялiсты павiнны лакалiзаваць праблему, а потым ужо займацца яе лiквiдацыяй, — тлумачыць начальнiк адзiнага абласнога кантакт-цэнтра Мiкiта ПАНОЎ. — Магчыма, для гэтага спатрэбiцца дапамога спецыялiстаў водаканала, кацельнай гаспадаркi цi ЖЭС. Аварыйныя службы ёсць у Брэсце, Баранавiчах i Пiнску, а ў астатнiх раёнах створаны дзяжурныя брыгады.
Выязджаць на месца на працягу 30 хвiлiн аварыйная служба павiнна толькi ў аварыйных выпадках — напрыклад, калi была парушана цэласнасць знадворнай аблiцоўкi, сцяны цi ўпрыгажэнняў на фасадзе дома. Пры гэтым небяспечную зону адразу павiнны загарадзiць. Таксама гэта могуць быць няспраўнасцi аварыйнага характару ў сiстэмах ацяплення, водазабеспячэння цi каналiзацыi — расколiны i свiшчы ў трубаправодах, праблемы з вентылямi i засоўкамi цi наяўнасць забiвання. Сюды ж адносяцца i няспраўнасцi ў рабоце электрасеткi i абсталявання аварыйнага характару — напрыклад, кароткае замыканне цi пагроза паражэння токам. Аварыйнымi выпадкамi таксама лiчацца няспраўнасцi ў процiпажарнай абароне, працечка газа i праблемы з вентыляцыяй.
— Трэба разумець, што экстранных службаў з кароткiм нумарам у краіне толькi чатыры, а служба 115 лiчыцца аварыйнай, i менавiта ў аварыйных выпадках спецыялiсты павiнны прыехаць на працягу 30 хвiлiн, — адзначае Мiкiта Аляксеевiч. — Канешне, калi вы адчулi пах газу, то звяртацца трэба адразу на нумар 104. Калi ж вы патэлефануеце з гэтай праблемай у службу 115, у дапамозе вам нiхто не адмовiць i вас проста падключаць да газавай службы. Аднак лепш адразу званiць у яе, каб не губляць каштоўны час.
У Мiнску гарадская аварыйная служба працуе кругласутачна, i даведацца, аварыйны выпадак цi не, жыхар заўсёды можа ў службе 115, калi будзе звяртацца туды з заяўкай.
— Спецыялiсты ГАС павiнны перш за ўсё лакалiзаваць праблему, а потым ужо займацца аварыяй — усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Напрыклад, калi прарывае водаправод, можа спатрэбiцца дапамога пэўных службаў цi неабходна будзе выканаць тыя ж землярыйныя работы — тады рашэнне праблемы можа займаць больш часу, — тлумачыць в. а. генеральнага дырэктара Мiнскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркi Сяргей РУБАНАЎ. — Калi працэс зацягваецца, то па iнструкцыi спецыялiсты павiнны прыняць пэўныя меры. Напрыклад, калi людзi доўга застаюцца без халоднай вады, iм павiнны забяспечыць яе падвоз.
Напрыклад, у Вiцебскаблводаканале i ва ўсiх яго раённых фiлiялах ёсць уласная аварыйная служба, у якую ўваходзiць дзве брыгады. Адна займаецца землярыйнымi работамi, а другая лiквiдуе праблемы водазабеспячэння i каналiзацыi. Выклiкаць аварыйную службу таксама можна па кароткiм нумары 115.
— На Мiншчыне ў некаторых раённых прадпрыемстваў ёсць свае ўласныя аварыйныя службы, а дзе iх няма, створаны спецыяльныя брыгады, якiя ноччу могуць знаходзiцца на дамашнiм дзяжурстве, — адзначае першы намеснiк генеральнага дырэктара ЖКГ Мiнскай вобласцi Павел ШЭЙПАК. — Выклiкаць i тых i другiх можна праз званок у адзiную дыспетчарскую службу 115, i на аварыйны выпадак яны павiнны адрэагаваць на працягу 30 хвiлiн.
Дакладна зразумела адно — калi ў нашым жылым доме iснуюць пэўныя няспраўнасцi, мы заўсёды можам выклiкаць спецыялiстаў праз службу 115. У аварыйных выпадках спецыялiсты павiнны прыехаць да нас на працягу 30 хвiлiн i адразу ж лакалiзаваць праблему. Што датычыцца праблем з газавым абсталяваннем цi паху газу, то тут перш за ўсё трэба звяртацца на кароткi нумар 104.
Валерыя КIСЛАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-kislaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kamunalniki
[4] https://zviazda.by/be/tags/kamunalnyya-sluzhby
[5] https://zviazda.by/be/tags/avaryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyova-kamunalnaya-gaspadarka-0