Каля 22 тысяч беларускiх рублёў за адзiн дзень паступiла на дабрачынны рахунак 3-й гарадской клiнiчнай бальнiцы iмя Я. Клумава ў Мiнску. I гэта толькi першыя вынiкi музычнага анлайн-марафону #БеларусьБезCovid, якi прайшоў на базе студыi прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» у падтрымку медыкаў.
У 10-гадзiнным праекце, якi спалучыў бесперапынныя жывыя выступленнi, дыялогi ў рэжыме анлайн i прамыя ўключэннi гасцей, у тым лiку ўрачоў, узялi ўдзел некалькi дзясяткаў папулярных айчынных выканаўцаў i калектываў, у тым лiку беларускi дзяржаўны ансамбль «Песняры», гурты Da Vinci i Litesound, «Дразды», Наталля Тамела, Дзядзька Ваня, Вольга Рыжыкава i Тэа, Iван Зданюк i Ксенiя Галецкая, Ганна Шалюцiна, Ян Яраш, ЗЕНА i многiя iншыя — эфiр ледзь змясцiў усiх ахвотных. Пры гэтым, падкрэслiваюць арганiзатары, яны пастаралiся максiмальна выканаць усе медыцынскiя рэкамендацыi па бяспецы ўдзельнiкаў.
«Гэта пытанне нават не столькi фiнансавай, колькi чалавечай, маральнай падтрымкi, — заўважае дырэктар прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Анжэлiна Мiкульская. — Iдэя марафону нарадзiлася з жадання сказаць «дзякуй» усiм нашым медыкам — тым, хто штодня знаходзiцца на перадавой барацьбы з пандэмiяй. I галоўнае, на мой погляд, у тым, каб словы падтрымкi ўрачам выказаў не адзiн чалавек, не два, а грамадства ў цэлым. Таму было вельмi прыемна не ўбачыць нiводнага адмоўнага каментарыя падчас анлайн-трансляцыi i атрымаць ад супрацоўнiкаў бальнiцы СМС з прызнаннем, як для iх важна адчуваць гэта адзiнства».
Прамую трансляцыю марафону праз iнтэрнэт на YouTube-канале прадзюсарскага цэнтра i платформе Gigagig.tv паглядзела амаль восем тысяч чалавек. Дабрачынныя ахвяраваннi гледачы з розных рэгiёнаў Беларусi пералiчвалi наўпрост на рахунак клiнiкi. Акрамя таго, да праекта далучылiся прыватныя i дзяржаўныя кампанii, якiя дапамаглi не толькi грашыма, але i неабходнымi прыладамi i абсталяваннем. Так, «Белдзяржстрах» набыў пульсаксiметры i пераносны кардыяманiтор, «Парытэтбанк» — рэспiратары, «МiнскЭнерга» — бактэрыцыдныя апрамяняльнiкi, дыванкi i абарончыя касцюмы, а адна з устаноў грамадскага харчавання ўзялася забяспечыць супрацоўнiкаў бальнiцы гарачымi абедамi... Па стане на ранiцу панядзелка, сума дабрачыннай дапамогi склала 24 тысячы беларускiх рублёў, а сёння сродкi на рахунак 3-й сталiчнай клiнiкi пералiчаць яшчэ некалькi кампанiй з Мiнска i Санкт-Пецярбурга.
Дарэчы, падобныя дабрачынныя марафоны, скiраваныя на адрасную дапамогу ўстановам аховы здароўя, у «Спамашы» плануюць па магчымасцi працягваць: «Плэй-лiст складаецца, артысты гатовыя выступiць, таму мы адкрытыя для прапаноў». А пакуль з дапамогай выканаўцаў i медыйных асоб прадзюсарскi цэнтр запусцiў чэлендж #БеларусьБезCovid, заклiкаючы суайчыннiкаў у розных гарадах падтрымлiваць медыцынскiх работнiкаў i кансалiдавацца ў барацьбе з пандэмiяй.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Прэв'ю: topspb.tv
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/marafon
[4] https://zviazda.by/be/tags/padtrymka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pradzyusarski-centr-spamash
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus