Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліць працу па стрымліванні цэн на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у бягучай сітуацыі. Пра гэта сёння заявіў старшыня КДК Леанід Анфімаў на пасяджэнні калегіі кантрольнага ведамства, піша [1] БЕЛТА.
"У працы ўсёй вертыкалі ўлады галоўнае - не дапусціць зніжэння ўзроўню і якасці жыцця нашых грамадзян, - падкрэсліў Леанід Анфімаў. - У сувязі з гэтым не паддаецца здароваму сэнсу сітуацыя з цэнаўтварэннем".
КДК напярэдадні правёў маніторынг. Устаноўлена, што адпускныя кошты на асобныя віды прадукцыі павялічылі як імпарцёры, так і айчынныя вытворцы. Напрыклад, адзін з найбуйнейшых імпарцёраў агародніны і садавіны ў красавіку ў параўнанні з сакавіком павялічыў адпускныя цэны на лімоны ў 3,5 разы, корань імбіра - у 2,6 раза, пекінскую капусту - на 46%, яблыкі - на 39%, нават на айчынную белокачанную капусту - на 40%. Іншы імпарцёр павялічыў у красавіку ў параўнанні з сакавіком надбаўкі на імпартную прадукцыю па асобных пазіцыях да 72 працэнтных пунктаў.
Тавар падаражэў і ў розніцы. У адной з магілёўскіх крам 4 красавіка кошт за 1 кг лімонаў склаў Br10, часнаку - Br12, імбіра - Br34. "З'явіліся спекулянты, якія перапрадаюць прадукты на стыхійных рынках у разы даражэй: часнок - па Br18 за 1 кг, імбір - Br49, лімоны - Br14", - дадаў кіраўнік КДК.
Нават беларускія вытворцы завышаюць кошты на мяса, гародніну, іншую прадукцыю. Напрыклад, адзначаныя факты падаражэння капусты на 17%, бульбы - на 25%, цыбулі рэпчатай - на 67%. "Які тут курс долара прывёў да завышэння цэн на айчынную прадукцыю? Таксама ў гонку ўключыліся гандлёвыя сеткі і пасярэднікі, ужываючы казачную аптовую надбаўку", - працягнуў апісваць сітуацыю кіраўнік кантрольнага ведамства. У асобных выпадках аптовая надбаўка даходзіць да 200% і больш. Нават на сацыяльна значныя тавары айчыннай вытворчасці (расліннае і сметанковае масла, малако, кефір) некаторыя гандлёвыя аб'екты ўжываюць надбаўку вышэй рэкамендаванай МАРГ.
"На сённяшняй нарадзе кіраўнік дзяржавы даручыў [2] Камітэту дзяржкантролю ўзначаліць усю працу па стрымліванні коштаў на спажывецкім рынку, - сказаў Леанід Анфімаў. - Калі дзесьці ў рознічных гандлёвых сетках пачнецца вольніца з цэнамі, асабліва на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у гэты перыяд, рэакцыя будзе аж да распачынання крымінальных спраў".
Прэв'ю: eadaily.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/reaktsija-na-neobosnovannyj-rost-tsen-budet-vplot-do-ugolovnyh-del-anfimov-386338-2020/
[2] http://zviazda.by/be/news/20200407/1586256163-lukashenka-my-ne-musim-mirycca-z-tym-shto-ginuc-lyudzi-my-pavinny-zmagacca
[3] https://zviazda.by/be/tags/marg
[4] https://zviazda.by/be/tags/kdk
[5] https://zviazda.by/be/tags/ceny
[6] https://zviazda.by/be/tags/imbir
[7] https://zviazda.by/be/tags/limon
[8] https://zviazda.by/be/tags/chasnok-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus