Жыхар вёскі Хаценчыцы Вілейскага раёна Віктар Казлоўскі вядомы як знаўца прыроды і паспяховы фатограф фаўны і флоры, адзін з заснавальнікаў беларускага клуба фатографаў дзікай прыроды і цяперашні старшыня гэтай установы.
Чытачы часопіса «Родная прырода» ведаюць Віктара як аўтара цікавых «партрэтаў» птушак і жывёл, якія часта друкуюцца на старонках выдання. А яшчэ Віктар Іосіфавіч здымае відэафільмы пра нашы заказнікі і нават пра нацыянальны парк. Ён любіць падглядваць у братоў нашых меншых незвычайныя сюжэты. На падворку Віктара Казлоўскага цяпер знаходзіцца некалькі самаробных дуплянак для птушак, асабліва для качак, якія гняздуюцца і выводзяць сваё патомства менавіта ў дуплах; крохаляў і гогаляў. У птушыных хатках Віктар будзе маскіраваць відэакамеру, каб быць у курсе ўсіх птушыных сакрэтаў. Днямі разам з фотаклубаўцамі ён развесіць дуплянкі на дрэвах побач з вадаёмамі, каб пачаць здымаць новы цыкл пра невядомыя старонкі жывой прыроды.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya