Ініцыявана пытанне аб зніжэнні кошту расійскага газу для Беларусі ў 2020 годзе. Аб гэтым сёння ў парламенце паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае БЕЛТА [1].
У цяперашні час прасочваецца ярка выяўленая дынаміка зніжэння сусветных цэн на энергарэсурсы, у тым ліку на прыродны газ. "У дадзеных абставінах беларускі бок ініцыяваў перад ПАТ "Газпрам" пытанне аб пераглядзе ў бок зніжэння кошту пастаўляемага ў 2020 годзе ў Беларусь прыроднага газу", - сказаў міністр.
"У якасці аднаго з механізмаў перагляду прапанавана магчымасць пакупкі пэўных аб'ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах", - адзначыў Віктар Каранкевіч. Умовы рэалізацыі гэтага механізму будуць прадметам маючых адбыцца перамоваў з расійскім бокам.
Міністр прадставіў сёння ў парламенце пратакол, якім уносяцца змены ў беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных у Беларусі, ад 25 лістапада 2011 года. Сутнасць дакумента ў тым, каб фінансавыя ўмовы паставак прыроднага газу ў краіну не пагаршаліся.
Пратакол ратыфікаваны сёння Палатай прадстаўнікоў.
Як паведамлялася, згодна з дакументам дзеянне міжурадавага пагаднення падаўжаецца да 31 снежня 2020 года. Пратакол распаўсюджвае свае дзеянні на праваадносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2020 года.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/cana-na-rasiyski-gaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/rasiyski-gaz