Адна з найстарэйшых музейных устаноў Беларусі — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — летась адзначыла 100-годдзе. Аднак паважны ўзрост не перашкаджае музейным супрацоўнікам крочыць у нагу з часам, а музею — заставацца сучасным і цікавым як мага большай колькасці людзей. Таму ў дадатак да афіцыйнага сайта, дзе, дарэчы, можна здзейсніць 3D-тур, не выходзячы з дому, афіцыйныя старонкі музея ў сеціве з'явіліся на Facebook і «УКантакце», потым у «Аднакласніках» і Іnstagram. А сёлета на пачатку красавіка пачаў працаваць YouTube-канал установы.
На канале, які лёгка можна знайсці па запыце «Гомельскі палац», плануюць змяшчаць анонсы, навіны, фільмы і відэасюжэты «для ўсіх тых, хто, магчыма, і не падазраваў, што музей — гэта зусім не сумна і нудна, а наадварот, весела і пазнавальна». Ужо цяпер тут можна паглядзець фільм пра 100-гадовы юбілей палаца і ранейшыя сюжэты, якія выходзілі на беларускім тэлебачанні, даведацца крыху больш пра яго былых уладальнікаў Паскевічаў, «прагуляцца» па гомельскім цэнтральным парку і Хальчанскай сядзібе, што ў Веткаўскім раёне, пазнаёміцца з некаторымі музейнымі праектамі — напрыклад, вялікай выстаўкай «Без тэрміну даўніны», прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/arhitektura
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-palacava-parkavy-ansambl
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[6] https://zviazda.by/be/tags/anlayn