Агульнавядома, якая апошнім часам вялікая ўвага звяртаецца ў дзяржаве на развіццё ўсіх галін сельскай гаспадаркі, павышэнне яе экспартнага патэнцыялу, падрыхтоўку кадраў для вёскі. Невыпадкова актуальныя пытанні аграрнага сектара знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
З гэтай нагоды член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка ўзяў актыўны ўдзел у семінары-нарадзе «Профільныя класы аграрнай накіраванасці: вопыт, праблемы, перспектывы». Семінар прайшоў на базе Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На яго пляцоўцы сабраліся навукоўцы, дырэктары школ і прадстаўнікі мясцовых органаў улады з розных куткоў рэгіёна. У прыватнасці, былі грунтоўна абмеркаваны пытанні спецыялізаванай адукацыі ў 88 профільных класах аграрнай накіраванасці, якія створаны ў агульнаадукацыйных школах вобласці. Сёння амаль пяцьсот навучэнцаў наведваюць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў аграрныя прафесіі», таксама вывучаюць два навучальныя прадметы на павышаным узроўні.
У сваім выступленні падчас семінара, як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, Алег Дзячэнка засяродзіў увагу аўдыторыі на пытаннях падтрымкі развіцця аграпрамысловага комплексу. Так, па яго словах, вельмі важна забяспечыць рост інвестыцый, укараняць новыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі, удасканальваць вытворчасць якаснай і экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі. Але, на думку сенатара, сёння не менш актуальным з'яўляецца павышэнне прывабнасці аграрных прафесій сярод навучэнцаў школ, прыцягненне ў галіну маладых кадраў і іх замацаванне ў сельскай мясцовасці. Вырашэнню гэтай задачы спрыяюць створаныя дзяржавай умовы для забеспячэння занятасці і адпачынку маладых спецыялістаў, удасканалення сацыяльна-эканамічнай і транспартнай інфраструктуры, зазначыў Алег Дзячэнка.
У ходзе абмеркавання праблем развіцця аграрнай адукацыі ўдзельнікі семінара агучылі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы. Яны будуць разгледжаны ў Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі.
Леанід ТУГАРЫН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka
[5] https://zviazda.by/be/tags/aleg-dzyachenka