Святкаванне 75-годдзя Перамогі — добрая нагода для таго, каб яшчэ раз звярнуцца да праблемы захавання гістарычнай памяці ў сённяшнім дынамічным грамадстве і паразважаць пра ролю ў гэтым успамінаў удзельнікаў ваенных падзей, а таксама ўзнаўлення аповедаў, якія захоўваюцца ў сем’ях і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Для таго, каб памяць заставалася жывой і эмацыянальна насычанай, мала афіцыйнай хронікі і фактаў, замацаваных у падручніках па гісторыі. Тым больш што ведаем мы далёка не ўсё, што адбывалася, — застаецца безліч безыменных магіл, нявысветленых лёсаў і неадназначных абставін.
Нагадаем: нават пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці шырокая грамадскасць даведалася далёка не адразу. Велізарную ролю ў гэтым адыграў пісьменнік і журналіст, былы франтавік Сяргей Смірноў, які сабраў і выклаў гісторыі многіх герояў-пагранічнікаў у кнізе «Брэсцкая крэпасць», што выйшла ў 1954 годзе.
Дарэчы, Сяргей Смірноў шмат супрацоўнічаў з Міністэрствам абароны СССР. Дзякуючы яго нястомнай дзейнасці 68 удзельнікаў абароны Брэста былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Але галоўнае — подзвіг пагранічнікаў стаў вядомы кожнаму жыхару СССР і ініцыіраваў шэраг навуковых прац, шмат мастацкіх і публіцыстычных твораў адпаведнай тэматыкі.
І ў наш час гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці працягвае натхняць навукоўцаў, мастакоў, празаікаў, паэтаў і музыкантаў. А для кожнага з нас ён і сёння служыць прыкладам неверагоднай сілы духу і здольнасці праяўляць найлепшыя чалавечыя якасці, нягледзячы на абставіны.
Гісторыя адкрыцця для шырокай грамадскасці подзвігу пагранічнікаў Брэста яшчэ раз падкрэслівае вырашальную ролю мастацкай творчасці ў гераізацыі мінулага краіны, у далучэнні будучых пакаленняў да вопыту папярэднікаў, у перадачы высокіх маральных каштоўнасцей ад продкаў нашчадкам.
Асаблівае значэнне гэта набывае цяпер, калі, дзякуючы развіццю тэхналогій, кожны з нас можа быць не толькі спажыўцом, карыстальнікам, але і стваральнікам інфармацыйнага кантэнту. У свеце набывае папулярнасць новы міждысцыплінарны напрамак даследаванняў — «memory studies», прадметам якога з’яўляецца сацыяльная памяць, а каштоўнай крыніцай інфармацыі — кожны чалавек.
Адпаведна, у інфармацыйнай прасторы, у сеціве, пастаянна ўзнікаюць новыя пляцоўкі для абмену гісторыямі, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай, і шырэй — Другой сусветнай вайны. Аповеды прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў, якія да таго былі духоўным скарбам асобных сем’яў, цяпер робяцца агульнай каштоўнасцю, вопытам, дакрануцца да якога можа кожны з нас.
Стваральнікамі адной з такіх пляцовак сталі беларускія пагранічнікі. Гэта невыпадкова. Сённяшнія абаронцы граніц бачаць сваім абавязкам уганараванне подзвігу славутых папярэднікаў — у першую чаргу гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Для таго каб актуалізаваць памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай, зрабіць іх больш блізкімі і зразумелымі для сённяшняй моладзі, існуе маштабны праект «Мужнасцю сваёй у бяссмерце крочыўшым», прысвечаны памяці герояў-пагранічнікаў, абаронцаў Брэста.
Сёлета ў межах гэтага праекта на базе Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь праводзіцца конкурс эсэ для падлеткаў і моладзі (ад 13 да 17 гадоў) «Мы адказныя за Перамогу». Арганізатары творчага спаборніцтва спадзяюцца, што яно стане яшчэ адной магчымасцю для адораных хлопцаў і дзяўчат праявіць сябе. А таксама нагадае нам усім, што летапіс Вялікай Айчыннай яшчэ не завершаны.
Народная памяць пра вайну — не толькі апісанні буйных вайсковых аперацый, але ў першую чаргу — памяць пра людзей. Пра тых, хто загінуў на фронце і ў тыле, пра тых, хто жыў, гадаваў дзяцей, працаваў на акупаваных тэрыторыях, і пра тых, хто вярнуўся з перамогай у разбураныя гарады і вёскі і пачаў аднаўляць пасляваенную Беларусь.
Ёсць яшчэ вельмі многа гісторый, якія павінны быць пачутымі. І шмат людзей, якім кожны з нас павінен сказаць «дзякуй».
Марыя ШАМЯКІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny