Персанальная выстава архітэктара Лазара Хідэкеля – вучня Марка Шагала і Казіміра Малевіча, аднаго з заснавальнікаў мастацкага аб’яднання УНОВИС – будзе паказана ў фармаце анлайн-экскурсіі.
Пад назвай «Нас зразумеюць праз 100 год» яна была адкрыта ў Нацыянальным мастацкім музеі 14 лютага — экскурсія ж пройдзе 15 красавіка і трапіць на яе можна праз відэасэрвіс VOKA.
Экспазіцыя, што стала часткай святкавання стагоддзя УНОВИСа і адкрылася непасрэдна ў дзень юбілея сцвярджальнікаў новага мастацтва, складаецца з больш як ста арыгінальных работ Хідэкеля, а таксама дакументаў знакавага для беларускай і сусветнай культуры мастацкага аб’яднання.
У музеі выстаўлены раннія супрэматычныя кампазіцыі архітэктара, планы «Горада-сада» ці «Аэрагорада», эскізы касмічных пасяленняў і іншае — усё гэта было прывезена ў Мінск сям’ёй Хідэкеля з Нью-Ёрка.
Экскурсію правядзе куратарка выставы Кацярына Ізафатава, якая распавядзе, чаму лічыцца, што Лазар Хідэкель апярэдзіў свой час, і што такое супрэматычная архітэктура.
Паглядзець экскурсію можна будзе а сёмай гадзіне 15 красавіка, дарэчы, у Сусветны дзень мастацтва, у мабільным прыкладанні VOKA альбо на сайце voka.tv.
Вольга МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyyaulenchae-mastactva