Цяпер увесь свет вымушаны перагледзець звыклы рытм жыцця — мiнiмiзаваць жывыя стасункi, паставiць на паўзу бiзнес. На бестэрмiновыя канiкулы сыходзяць, i прадстаўнiкi мастацтва: кiнатэатры i тэатры зачыняюцца, паказваюць спектаклi анлайн, выстаўкi адмяняюцца, арганiзатары канцэртаў паведамляюць аб пераносе iмпрэз самае меншае на некалькi месяцаў. «Звязда» даведалася, чым занятыя беларускiя артысты ў перыяд адмен i пераносу канцэртаў.
«Сядзiм дома, сумуем па жывых сустрэчах з публiкай, — прызнаюцца музыканты папулярнага рок-гурта Nizkiz. — Але пазл склаўся так удала, што ў прыгожую дату разам з добрымi людзьмi i iхнiмi камерамi будзем вяшчаць на ўвесь свет». Перакладаем на агульназразумелую мову: увечары 13 красавiка гурт дасць жывы канцэрт i выканае песнi з новага альбома «Самнамбула» на платформе voka.tv — бясплатна для ўсiх ахвотных.
Удзельнiкi этна-трыа «Троiца» да апошняга спадзявалiся правесцi канцэрт у КЗ «Мiнск» 14 красавiка, якi даўно чакалi i слухачы, i самi музыкi. Аднак днямi гурт вымушаны быў перанесцi iмпрэзу на значна пазнейшы тэрмiн — 17 верасня. «Такое рашэнне далося няпроста. Мы не хочам рызыкаваць вашым здароўем i жыццём, збiраючы сотнi чалавек у закрытым памяшканнi, калi iснуе хоць бы адзiн шанец са ста, што на канцэрце апынецца хто-небудзь з ужо хворых i патэнцыйна заразны для вас i вашых блiзкiх», — канстатуюць удзельнiкi калектыву, аднак падкрэслiваюць, што гаворка iдзе не пра адмену, а пра перанос. Музыкi просяць публiку аб разуменнi i падтрымцы — то-бок не спяшайцеся здаваць набытыя бiлеты, яны будуць годныя ў вераснi. Калi ўсё ж ёсць неабходнасць вярнуць бiлет, зрабiць гэта можна будзе толькi пасля 4 мая — да гэтага часу офiс арганiзатара канцэрта зачынены.
Гурт сярэднявечнай музыкi «Стары Ольса» адным з першых заклапацiўся здароўем прыхiльнiкаў i перанёс прэм'еру батлейкi «Трыстан i Iзольда», якую рыхтаваў доўгi час, на нявызначаны тэрмiн — «калi небяспека сыдзе», а лекцыю-канцэрт да Дня сярэднявечнай музыкi, якi адзначаецца па ўсiм свеце штогод 21 сакавiка, правёў без слухачоў, у анлайн-фармаце. А калi стала зразумела, што музычны каранцiн значна падоўжыцца, удзельнiкi калектыву вырашылi не сядзець без справы i заняцца тым, што даўно адкладвалi, — упарадкаваць фота- i вiдэаархiвы, якiя назапасiлiся за 20 гадоў iснавання калектыву. «Гара ўспамiнаў, процьма выступленняў i сустрэч. Пасля канцэртаў мы пакiдалi аўтографы на бiлетах i ў нататнiках, фатаграфавалiся афiцыйна i дураслiва, нам дарылi падарункi — ад салодкiх да жалезных, выходзiлi касеты i дыскi, журналiсты пiсалi рэцэнзii ў выданнях, некаторыя з якiх ужо не iснуюць, але iх жоўтыя старонкi жывуць да гэтага часу. Раз-пораз, наводзячы парадак у шафе, перачытваеш i кладзеш назад, усмiхаючыся, згадваеш тую падзею i свае думкi. Гэта не хлам i не настальгiя, гэта гiсторыя, — натхнёна разважае флейтыстка i PR-менеджар гурта Марыя Шарый. — Таму мы ствараем анлайн-музей «Старога Ольсы», якi размесцiм у нас на сайце, а цяпер збiраем для яго знакавыя фота i вiдэа, аўдыязапiсы i iнтэрв'ю, плакаты, дыпломы, гiсторыi, фота дыпломаў, атрыбутыкi i iншыя цiкавыя рэчы». Па дапамогу гурт звярнуўся да сваёй публiкi. I калi вы з тых, хто ўпадабаў музыку «Старога Ольсы» (а мо нават вырас на ёй), вашых фота, успамiнаў i гiсторый чакаюць на пошту staryolsa.official@gmail.com з пазнакай «Музей Стары Ольса». Да канца красавiка, кажа Марыя Шарый, плануецца сабраць асноўную частку экспанатаў, а далей пастаянна папаўняць калекцыю.
Дзмiтрый КАЛДУН разам з сям'ёй знаходзiцца ў Мiнску i таксама стараецца прытрымлiвацца правiл самаiзаляцыi. Таму пакуль нават не загадвае, якiмi канцэртамi i калi адзначыць будучае 35-годдзе, аднак сувязi са слухачамi не трацiць. «Што я раблю? Чытаю кнiжкi, якiя ўвесь час адкладваў, пiшу новыя песнi, а яшчэ сёлета ўпершыню пачаў займацца расадай — памiдоры чэры вось пасадзiў, i абавязкова буду трымаць вас у курсе, чым справа скончыцца, цi смачны выйдзе ўраджай», — расказвае спявак у адмысловым «каранцiнным» вiдэасюжэце. Насамрэч, ужо сур'ёзна дадае Дзмiтрый, хоць ён i дыпламаваны хiмiк (скончыў хiмфак БДУ. — «Зв.»), але, паколькi не мае практыкi ў набытай прафесii, «наўрад цi здатны на што-небудзь карыснае», так што альтэрнатывы для сябе, акрамя музыкi, спявак не бачыць.
«Гурт «Аўра» — музыка ў прынцыпе ўдумлiвая, лiрычная, не запатрабаваная на карпаратывах. Нашы работы заўжды былi прымеркаваныя да вялiкiх, знакавых дат, таму асабiста мы не надта адчулi змяншэнне колькасцi жывых канцэртаў, — расказвае «Звяздзе» прадзюсар i кампазiтар Яўген Алейнiк. — З найблiжэйшых праектаў назаву канцэрт у Доме радыё 15 мая — ён адбудзецца, што называецца, пры любым надвор'i, а прамую трансляцыю будзе весцi тэлеканал «Беларусь 3». Але мяне як чалавека ўжо негарадскога (год таму Яўген Алейнiк i Юлiя Быкава перабралiся ў вёску пад Астрашыцкiм Гарадком. — «Зв».) больш клапоцiць участак — паспрабуй, маючы зямлю, нiчога на ёй не пасадзiць! Рыхтуем бульбу на пасадку, памiдоры, гуркi, кроп, зяленiва рознае, Юля ў перапынках памiж песнямi цэлымi днямi ў агародзе; перажываем толькi, што зямля сухая, бо дажджу даўно не было...» Але i асноўнай дзейнасцю — напiсаннем песень — творчы i сямейны дуэт у сваёй натуральнай iзаляцыi працягвае займацца. Цяпер у рабоце, кажа Яўген, дзве новыя кампазiцыi — адна для Iны Афанасьевай, другая ўласна для «Аўры», на восень наогул рыхтуюць шмат прэм'ер. А нядаўна лiтаральна за дзень знялi клiп для Машы Магiльнай на песню «Усё будзе добра»: «Я нешта ўспомнiў пра яе i падумаў, што зараз была б якраз дарэчы. Патэлефанаваў бацькам з iдэяй зняць вiдэаклiп, яны пагадзiлiся — i мы маленькай дружнай кампанiяй гэта зрабiлi, хутка вiдэа будзе гатовае, пакажам яго ў сецiве».
Кацярына Iванчыкава, як i iншыя ўдзельнiкi гурта Iowa, сядзiць на каранцiне ў Маскве. Каб заставацца ў норме i ў форме, дзяўчына раiць не толькi фiзiчную актыўнасць, але i догляд сябе — нават у iзаляцыi, упэўнена Кацярына, важна зранку прыгожа адзецца, нафарбавацца, падабраць аксесуары, каб захаваць пазiтыўны настрой. Спявачка жартуе, што вольнага часу ў яе стала нават менш, чым было раней: «Думала i падцягнуць англiйскую, i курсы розныя засвоiць, i што да мальберта рукi дойдуць — а нiяк не магу за гэта ўзяцца i нават проста паваляцца з кнiжкай, бо ўвесь час вяду перамовы, нешта здымаю i адпраўляю — iнтэрв'ю, вiдэасюжэты, лекцыi, словы падтрымкi. Кватэра ператварылася ў нейкi палявы штаб!»
5 красавiка гурт Iowa зрабiў унiкальную рэч — не проста анлайн-канцэрт, а кватэрнiк на адлегласцi, падчас якога кожны з музыкаў знаходзiўся ў сябе дома. Выступленне ў прамым эфiры можна было паглядзець з любога месца ў свеце.
Не сумуе на каранцiне i гурт «Дразды». Акрамя таго, што хлопцы актыўна выступаюць у анлайн-канцэртах, яны рыхтуюцца адзначыць 15-годдзе калектыву. «У нас назбiралася неверагодная колькасць работы — алiчбаваць i выкласцi на iнтэрнэт-платформы тыя песнi i альбомы, якiя выходзiлi раней на дысках, — расказвае салiст гурта Вiталь Карпанаў. — Ужо выйшлi «Каханак-герой» 2008 года, «Тры рублi» 2012-га i «Шчасце» 2014-га. Акрамя таго, запiсваем i новы альбом — планавалi выпусцiць яго ўжо гэтай вясной, але перанеслi на восень. Як працуем? Збiраемся ў студыi, пры гэтым выконваем усе рэкамендаваныя меры перасцярогi, затое потым, калi нас спытаюць, што мы рабiлi ў гэты час, мы такiя — хоп! — i пакажам альбом». Да таго ж Вiталь выкладвае ў сецiве свае вершаваныя жартоўныя замалёўкi ў фiрменным «драздоўскiм» стылi — гэткiя камiчныя куплеты. «На аддалёнцы знасiў валёнкi, на аддалёнцы парнiк зрабiў з плёнкi, наварыў згушчонкi, накруцiў тушонкi, нагнаў самагонкi на аддалёнцы», — зрабiў ён днямi чарговую «справаздачу».
Спявак Пётр Елфiмаў, якi ўжо некалькi гадоў жыве ў Маскве i з'яўляецца вакалiстам гурта «Гран-КуражЪ», вымушаны быў адмовiцца ад жывых канцэртаў яшчэ на пачатку вясны. «Мой рабочы механiзм — голас — мякка кажучы, прыйшоў у непрыдатнасць, i ўрачы настойлiва рэкамендавалi ўзяць паўзу для аднаўлення», — растлумачыў сам спявак, якi вытрымлiваў некалькi тыдняў цiшынi. У цяперашнi час, кажа жонка i прадзюсар спевака Таццяна Касмачова, Пётр ачуняў i з iм усё добра — аднак артыст, як пераважная большасць жыхароў расiйскай сталiцы, знаходзiцца на жорсткiм каранцiне. «Чым ратуемся ў абавязковай самаiзаляцыi? Працай, канешне, — расказала «Звяздзе» Таццяна Касмачова. — Пётр, якi ў лютым стаў дацэнтам кафедры эстрадна-джазавых спеваў маскоўскага Iнстытута сучаснага мастацтва, дае ўрокi вакалу анлайн. Пiшуцца новыя песнi, дарабляем пацiху новы альбом — яго прэзентацыя была прызначаная на канец красавiка, але па зразумелых прычынах, як i тур па гарадах Расii, перанеслася на восень... Так што дзякуй землякам за падтрымку, усё нармальна».
Беларускi дзяржаўны ансамбль «Песняры» канцэртную дзейнасць не толькi не прыпынiў, а, здаецца, наадварот, актывiзаваў — выканаўцы рэгулярна даюць анлайн-канцэрты, напрыклад, днямi ўзялi ўдзел у дабрачынным марафоне ў падтрымку медыкаў. I хоць гэта збоку можа падавацца лёгкiм — падумаеш, прыехаць i паспяваць, але для такiх паездак па розных студыях i шматлiкiх стасункаў з арганiзатарамi цяпер таксама патрэбная пэўная смеласць... «Не смеласць, а разуменне таго, што гэта неабходна рабiць, — папраўляе мастацкi кiраўнiк БДА «Песняры» Раман Козыраў. — Бо артысты як былi, так i засталiся публiчнымi асобамi, за iх паводзiнамi сочаць многiя, i калi зараз зачынiцца ў нейкай яме, што пра цябе падумаюць людзi? На мой погляд, трэба захоўваць такую пазiцыю — бяспечную, дыстанцыйную, але адкрытую, i працягваць працаваць, што мы i робiм. Напрыклад, адначасова зводзiм канцэртны альбом, запiсаны летась з Прэзiдэнцкiм аркестрам да 50-годдзя «Песняроў», i пiшам новы, якi плануем скончыць да канца 2020-га. Сын Iгара Лучанка прынёс песню, якую раней нiхто не чуў, — таксама працуем над ёй. I, канешне, будзем працягваць рабiць усё, каб падтрымаць землякоў — не толькi ўрачоў i персанал бальнiц, а наогул усiх беларусаў, бо толькi разам, згуртаваўшыся, мы пераможам гэтую заразу».
З апошнiм сцвярджэннем застаецца толькi пагадзiцца i пажадаць усiм — назапашвайце станоўчыя эмоцыi, слухайце любiмую музыку, добрую i розную. Балазе, артысты гатовыя выступiць у любым фармаце.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з сацыяльных сетак выканаўцаў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/artyst
[6] https://zviazda.by/be/tags/spyavak
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-artysty
[8] https://zviazda.by/be/tags/karantyn