З 15 па 29 красавіка праязныя дакументы на цягнікі фармавання Беларускай чыгункі з нумараванымі месцамі будуць афармляцца з выкарыстаннем новай схемы рассаджвання ў вагонах, гаворыцца [1] на сайце БЧ.
Рассаджванне па новай схеме з'яўляецца часовай мерай, якая дасць магчымасць пасажырам выконваць неабходную сацыяльную дыстанцыю ў купэйных, плацкартных вагонах і ў вагонах з месцамі для сядзення, і рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Згодна з новай схемай рассаджвання ў купэйных вагонах будуць размяшчацца не больш за два пасажыры ў купэ, у плацкартных - не больш за тры ў адным адсеку. Для пасажыраў, якія аформілі праязныя дакументы ў адной замове, дазваляецца продаж і 3-х і 4-х месцаў у купэ, пры ўмове, што да гэтага ў купэ ніводнага месца не было прададзена.
Пры афармленні праязных дакументаў у вагоны з месцамі для сядзення схема рассаджвання пасажыраў залежыць ад іх канфігурацыі - 2 + 2 ці 3 + 2. У двухмесным шэрагу пасажыр займае месца ля акна, у трохмесным - адзін пасажыр каля акна, а другі - праз месца ля праходу (сярэдні шэраг застаецца вольным).
Новая схема рассаджвання ўжываецца пры афармленні праязных дакументаў як у чыгуначных касах, так і праз інтэрнэт.
Калі квіткі былі набыты да ўвядзення новай схемы рассаджвання, пасажыры займаюць месцы згодна з аформленымі праязнымі дакументамі.
З 14 красавіка 2020 года продаж праязных дакументаў у цягнікі, прычапныя і бесперасадачныя вагоны міжрэгіянальных ліній фарміравання Беларускай чыгункі часова будзе ажыццяўляцца не раней, чым за 20 сутак да адпраўлення цягніка.
Прэв'ю: youtube.com
Спасылкі
[1] https://www.rw.by/corporate/press_center/news_of_passengers/2020/04/belorusskaya-zheleznaya-doroga-vvodit-v-poezdakh-s-numerovannymi-mestami-rassadku-s-uchetom-rekomend/
[2] https://zviazda.by/be/tags/cyagnik
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-chygunka