У эфiры тэлеканала «Беларусь 3» у суботу 18 красавiка (з паўторам 20-га) гледачоў чакае паказ ваеннай драмы «Альпiйская балада».
Фiльм рэжысёра Барыса Сцяпанава, зняты па аднайменнай аповесцi Васiля Быкава, убачыў свет у 1965 годзе. Падзеi ў кiнастужцы пераносяць нас у часы Вялiкай Айчыннай вайны. Завод у Альпах, на якiм працуюць ваеннапалонныя, аказваецца пад начнымi бамбардзiроўкамi, i пяцёра вязняў, карыстаючыся сiтуацыяй, збягаюць. У iх лiку i рускi салдат Iван, яму адзiнаму ўдаецца сысцi ў горы. Там галоўны герой сустракае iтальянскую дзяўчыну Джулiю, якая таксама вырвалася з палону. У кампанii адно аднаго яны пражываюць неверагодныя прыгоды i тры днi самага бязмежнага кахання ў сваiм жыццi...
Здымкi фiльма праходзiлi ў горадзе Цэберда (Карачаева-Чаркесiя), а эпiзоды на заводзе ў Альпах — у Калiнiнградзе. Варта адзначыць, што права на пастаноўку кiнастужкi спрабаваў набыць iтальянскi кiнарэжысёр Джузэпэ дэ Санцiс, у Рыме нават падабралi акцёраў на галоўныя ролi, аднак кiраўнiцтва кiнематографу СССР яму адмовiла. I дзякуючы таму рашэнню экраннае жыццё «Альпiйскай баладзе» даў «Беларусьфiльм».
Кiнакарцiна, у якой знялiся Любоў Румянцава, Станiслаў Любшын, Уладзiмiр Белакураў, Аляксандра Зiмiна i многiя iншыя, у 1968 годзе атрымала прыз за найлепшы кiнафiльм на Мiжнародным кiнафестывалi ў Дэлi (Iндыя). А ў 2003 годзе «Альпiйская балада» ўдзельнiчала ў рэтраспектыўным паказе ў Канах.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen