Дзве каманды суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “РускаБеларускае Братэрства 2000” з Самары паўдзельнічалі ў юбілейным X Спартыўным фестывалі “Дружба народов-2020”
Юбілейны спартфорум праходзіў у сярэдзіне сакавіка: яшчэ да каранціну, што быў аб’яўлены ў многіх гарадах Расіі з-за каранавіруса. Месцам спаборніцтваў стаў універсальны комплекс “МТЛ-Арена” гарадской акругі Самара, іх заснавальнікі, арганізатары — Міністэрства спорту і Дом дружбы народаў вобласці. Мяркуецца, што спартыўны фестываль спрыяе ўмацаванню міжнацыянальных сувязяў, служыць для прафілактыкі дэструктыўных праяваў на міжнацыянальнай глебе сярод спартыўных заўзятараў. Да таго ж гэта — прапаганда фізічнай культуры, спорту, здаровага ладу жыцця. Сёлета спартфорум прысвячаўся 75-годдзю Вялікай Перамогі.
У спаборніцтвах паўдзельнічалі аматарскія каманды па міні-футболе (12 каманд) і валейболе (6), якія прадстаўлялі нацыянальныя суполкі вобласці й горада. Ад “Руска-Беларускага Братэрства 2000” выстаўлены былі дзве каманды (працэсам кіраваў Андрэй Кірылюк, дырэктар суполкі) пад агульнай назвай “Зубры”. У выніку валейбольная — на 4-м, футбольная — на 7-м месцы. Як бачым, ёсць яшчэ куды расці! Заўзятары й нават спартсмены, калі графік гульняў дазваляў, паўдзельнічалі ў інтэрактыўных віктарынах, прысвечаных гісторыі развіцця самарскага спорту. А беларуская каманда заўзятараў была прыгожая: Юлія Цяплянская, Вольга Данкеева, Анастасія Гуркіна, Крысціна ды Іна Сухачэўскія, Таццяна Даутава. Фота й відэаздымку даручылі Андрэю Зыкаву. І пакуль “Зубры” змагаліся на спартпляцоўках, каманда беларускіх заўзятараў на чале з Андрэем Кірылюком перамагла ў віктарынах: за тое атрымала запрашэнні на адмысловую экскурсію ў музей Самарскага футбола.
А футбол гэты, заўважым, багаты на спартыўныя традыцыі. Да таго ж футбольны клуб “Крылья Советов” з Самары займае асаблівае месца і ў беларускім футболе. Практычна ў кожным сезоне ў камандзе гуляюць футбалісты з Беларусі, таму ФК часам жартам называюць базавым футбольным клубам зборнай Беларусі. Праз гэтую каманду сапраўды прайшлі многія гульцы нацыянальнай зборнай. У Самары трэніраваў Вадзім Скрыпчанка, гулялі Віталь Булыга, Андрэй Хлебасолаў, Сяргей Карніленка, Дзяніс Коўба, Цімафей Калачоў, Аляксей Сквярнюк, Аляксандр Чайка, Станіслаў Драгун, Аляксандр Глеб, Дзмітры Молаш, варатары Аляксандр Марцешкін, Сяргей Верамка ды многія іншыя.
У часе ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання капітаны каманд-пераможцаў спартфестывалю “Дружба народов-2020” пакінулі аўтографы на памятным футбольным мячы, які ўручылі дырэктару грамадскага музея Самарскага футбола, прэзідэнту Фонду гісторыі й развіцця самарскага футбола імя Барыса Казакова, дэпутату думы гаракругі Самара Аляксандру Чарнышову. Мяч зойме сваё месца ў музеі Самарскага футбола!
Прэзідэнт абласной суполкі беларусаў Ірына Глуская выказала падзяку арганізатарам фестывалю: “Такія спартыўныя святы, безумоўна, спрыяюць развіццю фізічнай культуры, падымаюць баявы дух каманд з прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, а таксама іх заўзятараў”. Яна ўпэўнена, што колькасць людзей, якія рэгулярна займаюцца фізкультурай і спортам, будзе расці. Нацыянальныя грамадскія суполкі, спартыўныя іх каманды таму спрыяюць, а Урад рэгіёну, Дом дружбы народаў для таго ствараюць умовы.
Мікалай Бойка, г. Самара
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-07-2020-small_compressed.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy