Дзве часткі легендарнага шматсерыйнага фільма «Дау» сталі даступныя да прагляду на сайце [4]праекта. Гэта карціны «Дау. Наташа» і шасцігадзінная «Дау. Дэгенерацыя», што ўдзельнічалі ў сёлетнім Берлінскім кінафестывалі, прычым «Наташа» — у асноўнай конкурснай праграме. Прагляд кожнага з фільмаў каштуе тры долары.
Следам за «Наташай», якая ўрэшце атрымала «Сярэбранага мядзведзя» Берлінале, і «Дэгенерацыяй» аўтары плануюць апублікаваць іншыя фільмы, серыялы і ўсе 700 гадзін адзнятага матэрыялу.
«Дау» — праект рэжысёра Ільі Хржаноўскага з ужо больш як дзесяцігадовай гісторыяй. Дзеля яго аўтары стварылі ў Харкаве Інстытут, які згодна з сюжэтам існуе трыццаць савецкіх гадоў, і запрасілі жадаючых у ім пажыць. У эксперыменце за ўвесь час яго правядзення паўдзельнічала прыкладна чатырыста герояў і дзесяць тысяч статыстаў — яны не мелі сцэнарыяў, а толькі схематычныя гісторыі, у рамках якіх існавалі і дзейнічалі.
У выніку аўтарамі праекта было зроблена больш за дзесяць фільмаў. Упершыню яны былі паказаныя прыкладна год таму ў Парыжы, потым чатыры з іх не атрымалі пракатнага пасведчання ў расійскім Міністэрстве культуры, а дзве часткі былі адабраныя ў праграму Берлінскага кінафестывалю.
«Дау» ледзь не ад пачатку суправаджаецца скандаламі — галоўным чынам стваральнікаў абвінавачваюць у неэтычнасці, парнаграфіі і псіхалагічным і фізічным гвалце.
Рэцэнзію «Звязды» на фільм «Дау. Наташа» можна пачытаць тут [5].
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Фота Phenomen Films
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://www.dau.movie/en/
[5] http://zviazda.by/be/news/20200305/1583412533-my-zhyli-yak-my-zhyli
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino
[7] https://zviazda.by/be/tags/filmy
[8] https://zviazda.by/be/tags/dau
[9] https://zviazda.by/be/tags/berlinski-kinafestyval