Каранавірусная інфекцыя працягвае распаўсюджвацца ў 185 краінах свету. На планеце заразілася каля 2,5 мільёна чалавек, паправілася 624 тысячы, памерла — больш за 170 тысяч.
На першым месцы па колькасці захварэлых і памерлых застаецца ЗША. Тут зарэгістравана 786 тысяч захварэлых на СОVІD-19, памерла больш за 42 тысячы чалавек, 72 тысячы — паправіліся. На другім месцы па колькасці памерлых ад каранавіруса — Італія. Тут інфіцыравана 181 тысяча чалавек, паправілася 48,8 тысячы, 24 тысячы памерла. У Іспаніі больш за 200 тысяч выпадкаў, памерла 20,8 тысячы. На 10-е месца па колькасці выяўленых выпадкаў выйшла Расія: захварэла больш за 52 тысячы расіян, паправілася 3,8 тысячы, памерла 456 чалавек.
У Беларусі, паводле звестак на 20 красавіка, зарэгістраваны 6264 станоўчыя тэсты на СОVІD-19, паправіліся і выпісаны 514 пацыентаў, 51 памёр. Выпадкі каранавіруса фіксаваліся ў школах і дзіцячых садках, сярод ваеннаслужачых тэрміновай службы, работнікаў МУС. Паводле інфармацыі міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, на 16 красавіка заразіліся 419 медработнікаў. Найбольшая колькасць выпадкаў выяўлена ў Мінску, Віцебскай і Мінскай абласцях. У Віцебскай вобласці амаль не засталося раёнаў, дзе няма выпадкаў СОVІD-19. Але незалежна ад таго, колькі выпадкаў заражэння ў вашым рэгіёне, меры перасцярогі сёння неабходна выконваць усім.
Па просьбах чытачоў мы яшчэ раз расказваем пра механізмы перадачы каранавіруснай інфекцыі і меры прафілактыкі, распрацаваныя Міністэрствам аховы здароўя.
Як перадаецца каранавірус?
Каранавірус — захворванне, якое ўплывае на дыхальную сістэму чалавека. Распаўсюджванне віруса СОVІD-19 пачалося з кітайскага горада Ухань, дзе была моцная ўспышка. На сёння ён выяўлены ў 185 краінах свету.
Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам (праз кашаль і чханне ад інфіцыраванага чалавека). Таксама кантактным шляхам — праз дакрананні. Ён можа перадавацца праз поручні ў метро і іншым транспарце, дзвярныя ручкі і іншыя паверхні.
Колькі захоўваецца каранавірус на паверхнях?
Да 48 гадзін, але на вільготнай паверхні можа трымацца даўжэй. Пры пакаёвай тэмпературы вірус разбураецца цягам некалькіх гадзін ці некалькіх дзён. Пад уздзеяннем высокіх (больш за 27 градусаў) тэмператур, сонечнага святла, дэзынфіцыруючых сродкаў ён гіне значна хутчэй. Паводле звестак кітайскіх вучоных, каранавірус можа захоўвацца больш за пяць сутак.
Якія сімптомы ў захворвання?
Важна: Падобныя сімптомы сустракаюцца ў пацыентаў з ВРВІ ці грыпам. Пры іх узнікненні неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача для атрымання медыцынскай дапамогі і выключэння каранавіруса:
Заставайцеся дома і звярніцеся па медыцынскую дапамогу, калі вы:
Чым небяспечны каранавірус?
Каля 85 % інфіцыраваных пераносяць хваробу бессімптомна і лёгка. Астатнія маюць патрэбу ў дапамозе медыкаў, у 5 % пацыентаў узнікаюць цяжкія формы.
Гэтая інфекцыя выклікае ўскладненні, і самае распаўсюджанае — вірусная пнеўманія. Пагаршэнне стану пры віруснай пнеўманіі ідзе хуткімі тэмпамі, і ў многіх пацыентаў ужо цягам 24 гадзін развіваецца дыхальная недастатковасць, якая патрабуе неадкладнай рэспіраторнай падтрымкі з механічнай вентыляцыяй лёгкіх. Хутка пачатае лячэнне спрыяе аблягчэнню ходу хваробы.
Хто ў групе рызыкі?
Рызыка заражэння пасля 65 гадоў павялічваецца. Асабліва цяжка каранавірусная інфекцыя працякае ў асоб, якія маюць хранічныя хваробы — дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровы дыябет, атлусценне, стан пасля інфаркту, захворванні імуннай сістэмы і анкалагічныя. Больш цяжкія формы інфекцыя можа набываць у людзей, якія кураць. Таму пажылым людзям, а таксама людзям з цяжкімі хранічнымі захворваннямі рэкамендуецца заставацца дома і абмежаваць блізкія кантакты з іншымі людзьмі.
Якія меры прафілактыкі?
Не дакранацца рукамі да твару. У палове выпадкаў заражэнне адбываецца шляхам пранікнення віруса праз слізістыя — вочы, рот, нос.
Мыць рукі. Гэта трэба рабіць як мага часцей, прычым як мага даўжэй — 40-60 секундаў. Калі вы мыеце рукі ў грамадскім месцы, кран пасля мыцця закрываць варта аднаразовым ручніком.
Выкарыстоўваць антысептыкі. Працягласць апрацоўкі рук павінна складаць 20-30 секундаў. Але пры набыцці такіх сродкаў важна звяртаць увагу на іх састаў. Рэкамендаваная канцэнтрацыя — 80 % этанолу, 1,45 % гліцэрыну, 0,125 % перакісу вадароду.
Калі падчас чхання і кашлю прыкрываць рот і нос, распаўсюджвання віруса СОVІD-19 у паветры можна пазбегнуць. Кашляць і чхаць варта ў аднаразовую сурвэтку, а калі яе няма пад рукой — у згіб локця. Пасля выкарыстання сурвэтку трэба адразу ж выкінуць у смеццевы кантэйнер.
Неабходна насіць маску. Гэты выраб прызначаны для хворых людзей, а таксама для тых, хто клапоціцца пра інфіцыраваных. Дарэчы яна ў грамадскім транспарце і шматлюдных памяшканнях.
Пазбягаць блізкіх кантактаў, заставацца на самаізаляцыі або трымацца ад іншых людзей на адлегласці не менш за 1-1,5 метра. Пазбягаць поціскаў рукі і абдымкаў.
Праветрыванне памяшкання дазваляе знізіць вірусную нагрузку.
Як правільна насіць маску?
Каб захаваць сябе ад заражэння, важна правільна насіць маску.
Звычайную медыцынскую маску неабходна мяняць кожныя дзве гадзіны. Яна павінна добра замацоўвацца, шчыльна закрываць рот і нос, не пакідаючы зазораў. Старайцеся не дакранацца да паверхні маскі пры яе зніманні, а калі дакрануліся, старанна вымыйце рукі з мылам ці спіртавым сродкам. Вільготную маску варта замяніць на новую, сухую. Не выкарыстоўвайце другі раз аднаразовую маску — пасля выкарыстання яе неабходна адразу ж выкінуць у адходы.
Пры доглядзе хворага пасля заканчэння кантакту з ім маску варта неадкладна зняць, пасля гэтага старанна вымыць рукі.
Маска дарэчы, калі вы знаходзіцеся ў месцах масавага збірання людзей, у грамадскім транспарце, а таксама пры доглядзе хворага, але немэтазгодна яе насіць на адкрытым паветры. Падчас знаходжання на вуліцы карысна дыхаць свежым паветрам — маску надзяваць не трэба. Акрамя таго, медыкі нагадваюць, што гэтая адзіночная мера не забяспечвае поўнай аховы ад захворвання. Разам з нашэннем маскі неабходна выконваць і іншыя прафілактычныя меры.
Чаму самаізаляцыя доўжыцца 14 дзён?
Калі чалавек заражаецца, то цягам 14 дзён з'яўляюцца сімптомы хваробы: павышэнне тэмпературы, сухі кашаль, задышка, болі ў мышцах, стамляльнасць. У гэтыя 14 дзён можна заразіць іншых людзей, таму важна ізалявацца на ўсе два тыдні.
Што рабіць, калі захварэлі?
Калі з'явіліся сімптомы ВРВІ, абвастрэнне хранічнай хваробы, патрабуецца карэкціроўка лячэння і неабходна выклікаць урача на дом, — варта патэлефанаваць у рэгістратуру, стол даведак ці кол-цэнтр паліклінікі. Рэгістратару трэба паведаміць прычыну звароту, наяўнасць сімптомаў, сказаць, ці патрэбны рэцэпт (у выніку абвастрэння хранічнай хваробы), назваць кантактны тэлефон.
Затым будзе прынята рашэнне аб парадку аказання медыцынскай дапамогі ў вашай сітуацыі: наведванне паліклінікі, візіт урача ці яго памочніка на дом, выклік брыгады хуткай дапамогі. Пра гэта вас праінфармуюць па тэлефоне. Пацыентам, якія адносяцца да групы рызыкі, арганізаваная дастаўка рэцэптаў на лекавыя сродкі дадому.
Правілы на самаізаляцыі
Галоўная ўмова — не выходзіць з дому ўсе 14 дзён нават для пакупкі прадуктаў і лекаў, атрымання пасылак, аплаты камунальных паслуг, вынасу смецця.
Вельмі важна абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі. Калі ўсё ж кантактаванне адбываецца, неабходна надзяваць медыцынскую маску ці рэспіратар.
Падчас самаізаляцыі трэба:
Бытавое смецце варта ўпакаваць у двайныя трывалыя пакеты, шчыльна закрыць і выставіць за межы кватэры. Утылізаваць гэта смецце можна папрасіць сяброў, суседзяў ці валанцёраў.
Калі вы жывяце ў кватэры ці доме разам з іншымі людзьмі, па магчымасці знаходзьцеся ў асобным пакоі. Карыстайцеся асобным посудам, бялізнай і ручнікамі. Пры перамяшчэнні па кватэры выкарыстоўвайце медыцынскую маску, дакранайцеся да дзвярных ручак і іншых паверхняў праз сурвэтку ці ў аднаразовых пальчатках.
Калі на самаізаляцыі пагоршыўся стан?
Калі вы знаходзіцеся на самаізаляцыі і ваш стан пагоршыўся — тэмпература паднялася вышэй за 37 градусаў, з'явілася задышка, — выклікайце хуткую дапамогу. Падчас тэлефанавання варта паведаміць, што вы з'яўляецеся кантактам першага ўзроўню ці хворым на СОVІD-19.
Калі стан пагоршыўся па прычынах, не звязаных з каранавіруснай інфекцыяй (павышэнне артэрыяльнага ціску, боль у сэрцы, боль у жываце), выклік брыгады хуткай дапамогі ажыццяўляецца ў звычайным парадку, удакладняльныя пытанні вам задасць фельчар па прыёме і перадачы выклікаў.
Як атрымаць бальнічны на час самаізаляцыі
Калі вы сталі кантактам першага ўзроўню і знаходзіцеся на самаізаляцыі дома, бальнічны вам адкрываюць на 14 дзён. Каб яго атрымаць, не трэба ісці ў паліклініку. Патэлефануйце ў рэгістратуру, вам раскажуць алгарытм дзеянняў.
Як падтрымліваць сувязь з роднымі і сябрамі на самаізаляцыі?
Вы можаце кантактаваць з роднымі і сябрамі па тэлефоне ці з дапамогай іншых сродкаў сувязі.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus