Першы нумар газеты “За вяртанне на Радзіму” пабачыў свет 6 красавіка 1955 года. У студзені 1960-га выданне набыло цяперашнюю назву.
Са святам, шаноўныя сябры, чытачы, няштатныя карэспандэнты! Дзякуючы нашым сумесным намаганням газета й па сёння выходзіць, і з яе старонак гучаць родныя галасы з розных краёў.
Мы робім газету для тых, у чыіх душах, дзе б ні жылі, гучыць Голас Бацькаўшчыны. Радзімы. Праз публікацыі з іншых краінах мы згуртоўваем, паядноўваем, збіраем рассыпаныя па свеце беларускія галасы — у гарманічны, прыгожы Голас Радзімы. У Беларускі Мацярык.
Дзе б мы ні жылі, у што б ні верылі — няхай Голас Радзімы гучыць у нашых сэрцах. Мы — розныя, аднак ёсць агульнае: Бацькаўшчына. Яна паядноўвае нас.
З віншаванняў выбралі — ад старшыні СБЛ Валянціны Піскуновай: “Сардэчна віншуем з 65-годдзем! Выказваем падзяку за супрацу. Жадаем усім, хто робіць газету, моцнага здароўя, далейшай паспяховай дзейнасці — у тым ліку й з нашым Саюзам беларусаў Латвіі, які праз таварыствы, што ў яго складзе, шмат робіць для пашырэння беларускай культуры, мовы, традыцый”.
Іван Ждановіч, галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы”