Наш даўнi сябар — жыхар Вялiкай Бераставiцы — Мiхаiл Маскальчук даслаў нам вельмi цiкавы аповед, запiсаны iм са слоў яго бацькi Васiля Маскальчука.
Усе мы ведаем дату пачатку Вялiкай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня 1941 года. Але за некалькi тыдняў да яе нямецкiя самалёты пачалi ўначы раз за разам парушаць гранiцу Савецкага Саюза. Яны скiдвалi адзiн за другiм дэсанты будучых дыверсантаў. Яны павiнны былi затаiцца i чакаць, пакуль па радыё не прагучыць кодавы сiгнал, а пасля гэтага — спрыяць як мага большаму знiшчэнню iнфраструктуры i баявой сiлы.
I вось на Палессi адна такая група была абясшкоджана за паўтара тыдня да першых залпаў вайны. Як гэта было? Даём слова непасрэднаму ўдзельнiку тых падзей.
...Дзесьцi ў пачатку мая 1941 года праўленне нашага калгаса (якi месцiўся ў вёсцы Камуна Любанскага раёна Мiншчыны) вырашыла адправiць двух хлопцаў i дзвюх дзяўчат у вучылiшча лясной прамысловасцi. Яно знаходзiлася ў суседнiм Жыткавiцкiм раёне Палескай вобласцi, у вёсцы Пасталы. Там жа быў i леспрамгас, якi злучаўся чыгуначнай веткай са станцыяй Старушкi на лiнii Калiнкавiчы — Жыткавiчы — Лунiнец.
Дзяўчынкi i хлопчыкi былi вельмi задаволены, а як жа iнакш? У вучылiшчы добра кармiлi. Усе хадзiлi ў прыгожым форменным адзеннi. Добры iнтэрнат, лазня, чыстыя пасцелi, адукаваныя выкладчыкi — пасля вясковага жыцця для нас гэта быў сапраўдны рай.
Але не наканавана было нашаму пакаленню працягнуць вучобу, парадавацца жыццю. У 1941 годзе было трывожна, адчуваўся халодны подых вайны. Людзi скуплялi соль, запалкi, некаторыя нават з'язджалi на ўсход.
...I вось у адзiн з чэрвеньскiх дзён, пасля сняданку, наш выхавацель Антон Пятровiч абвясцiў групе, што праз паўгадзiны мы выходзiм у лес на заняткi па ваеннай падрыхтоўцы. Тэма — арыентаванне ў складаных умовах. Усiм трэба было ўзяць сухi паёк, надзець паходнае адзенне. Канцавым пунктам паходу мусiў стаць Блакiтны ручай.
Антона Пятровiча ўсе любiлi i паважалi. I было ж за што! Акрамя таго, што гэта быў цудоўны чалавек, за яго плячыма — вялiкi паслужны спiс. Удзельнiк Кастрычнiцкай рэвалюцыi i Грамадзянскай вайны, затым зампалiт пагранiчнай заставы, быў на фiнскай кампанii, меў два баявыя ордэны.
Праз гадзiну мы ўжо былi ў густым сасоннiку. Ад водару нават крыху кружылася галава. «Усiм захоўваць цiшыню i не размаўляць, не наступаць нагамi на сухастой!» — прамовiў Антон Пятровiч. Гэта было абгрунтаванае папярэджанне. Сярод людзей хадзiлi пагалоскi, што немцы тады ўкiдвалi з самалётаў у наш глыбокi тыл дыверсантаў-парашутыстаў, пераадзетых у чырвонаармейскую форму.
У групе з намi былi чатыры дзяўчыны — дзве з маёй вёскi i дзве з Жыткавiцкага раёна. Мы, хлопцы, каб дзяўчатам было лягчэй iсцi, забралi iх заплечнiкi i закiнулi сабе на плечы. Iмёны гэтых дзяўчат памятаю i праз дзесяцiгоддзi — Марыя, Вера, Надзея i Любоў.
...Да Блакiтнага ручая заставалася метраў сто. Раптам з хмызняку выскачыў велiзарны лось. А ў паветры кружылiся вароны i бесперапынна каркалi. «Усiм стаяць, — цiхенька загадаў Антон Пятровiч. — Захоўваць цiшыню, каля ручая людзi. Маскальчук i Чарткова, хутка да мяне! А ўсiм астатнiм захоўваць маскiроўку».
Я са спадзяваннем падбег да Пятровiча. «Васiль i Надзея, непрыкметна з падветранага боку падбярыцеся да ручая, разведайце, што там ды як, — прашаптаў выкладчык. — Мне здаецца, там кампанiя людзей, i, можа быць, гэта нямецкiя парашутысты. Чаму менавiта вы? Ты, Васiль, добра арыентуешся ў лесе, Надзея лепш за ўсiх ведае нямецкую мову. Вось чаму я вырашыў паслаць у разведку менавiта вас... Будзьце асцярожныя. Вас надзейна прыкрыюць галiны багуну. Да таго ж вы абодва невялiкага росту. Нiдзе без прычыны не высоўвайцеся!»
Антон Пятровiч перадаў нам свой бiнокль i папрасiў добра абследаваць узгорак. Там маглi быць дыверсанты, якiя парупiлiся б пра баявую ахову. Асцярожна, стараючыся не наступаць на сухое галлё, мы прайшлi 50 метраў, потым ляглi на зямлю i папаўзлi па-пластунску, хаваючыся ў зараснiку багуну i дурнiц.
«Вася, пачакай хвiлiнку, — прамовiла Надзея, прыставiўшы да вачэй бiнокль. — Бачыш, на горцы велiзарны дуб, якому больш за стагоддзе?»
«Канешне, бачу», — адказаў я.
«Дык вось, там у густой кроне на тоўстай галiнцы сядзiць чалавек з ручным кулямётам Дзегцярова, — прамовiла дзяўчына. — А цяпер хутка паўзём у бок высокiх махнатых елак i запаўзаем пад iх густую крону».
Праз пару хвiлiн нас ужо схавалi густыя калючыя галiны старой елкi, якiя апускалiся да самай зямлi. Адсюль добра быў вiдаць той самы Блакiтны ручай. Каля яго мы ўбачылi вялiкую групу людзей у новай чырвонаармейскай форме з вiнтоўкамi ў руках. Пасярэдзiне гэтай групы стаяў чалавек у форме маёра Чырвонай Армii. Ён разглядваў карту i штосьцi казаў iншаму афiцэру рангам нiжэй, якi стаяў побач. Яны размаўлялi па-нямецку.
«Пра што яны гавораць?» — спытаў я ўсхваляваную дзяўчыну.
«Па-мойму, яны кажуць пра нейкi ўмоўны код «Дортмунд». I яшчэ яны збiраюцца рухацца ў бок нашага вучылiшча», — шэптам прамовiла дзяўчына.
Праз 20 хвiлiн, хвалюючыся i перабiваючы адно аднаго, мы дакладвалi Пятровiчу пра тое, што ўбачылi i пачулi. Выслухаўшы наш аповед, Антон Пятровiч сказаў задуменна: «Вы малайцы. Як я i меркаваў, гэта дасведчаныя нямецкiя дыверсанты, закiнутыя нам у глыбокi тыл. Але пакуль усё цiха. Нечага яны чакаюць, але чаго? Хутчэй за ўсё, яны з абвера, якiм кiруе Канарыс, цi легiёна Скарцэнi. А гэта дасведчаныя таварышы, яны ў сябе дурняў не трымаюць. I што за «Дортмунд»? Усё гэта цьмяна».
Антон Пятровiч прыняў рашэнне тут жа: «А зараз, Васiль i Надзея, бяжыце хутчэй прамой дарогай у Пасталы i неадкладна перадайце дырэктару вучылiшча, каб ён тэрмiнова патэлефанаваў у Жыткавiчы ў пагранiчную заставу. Няхай па трывозе падымаюць асабовы склад i адпраўляюць сюды. Я думаю, дыверсанты хутка тут з'явяцца. Iм трэба разведаць абстаноўку, а тое, што вайскоўцаў у пасёлку няма, пэўна, яны ведаюць. Нiкому не кажыце пра гэта, акрамя дырэктара. Магчыма, у вучылiшчы ёсць вораг-асведамляльнiк. Толькi iдзiце асцярожна i майце на ўвазе, што там можа быць двайная ахова. Вас не пашкадуюць, калi заўважаць. А я павяду групу iншай дарогай у пасёлак, кругамi».
Ужо праз паўтары гадзiны мы з Надзеяй рабiлi даклад дырэктару вучылiшча аб здарэннi ў лесе. Дырэктар неадкладна патэлефанаваў у Жыткавiчы на заставу пагранiчнiкаў. Узброены атрад зараз жа выехаў на спецыяльным цягнiку на станцыю Старушкi. Да Пасталоў дабралiся вузкакалейкай.
За два кiламетры да пасёлка атрад выгрузiўся. На меркаваных напрамках руху дыверсантаў былi зроблены засады. Але пасля вырашылi ўсё ж захапiць немцаў у Пасталах: у лясным баi хтосьцi мог i схавацца, а гэтага дапусцiць было нельга.
Тут трэба зрабiць адну заўвагу. Дзяржаўная гранiца СССР да 1939 года праходзiла побач з Жыткавiчамi. Нягледзячы на ўз'яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi, застава там захоўвалася i надалей — былi на тое важкiя прычыны. Гэтая акалiчнасць i адыграла ключавую ролю ў нашым аповедзе.
...Вучылiшча жыло сваiм звычайным жыццём. Не было нiякай панiкi. Захоўвалася строгая сакрэтнасць. Змены закранулi толькi сталоўку. Разам з кухарамi завiхалiся пераадзетыя чэкiсты. У апошнiх пад белымi халатамi была схавана зброя. Каля раздатачнага акна замаскiравалi кулямёт Дзегцярова. Да прыёму «дарагiх» гасцей было гатова ўсё. Заставалася толькi пачакаць.
Калi пачало вечарэць, у пасёлак увайшоў вялiкi атрад «чырвонаармейцаў». Самы высокi нёс на плячы кулямёт Дзегцярова, астатнiя былi ўзброены вiнтоўкамi. Наперадзе калоны iшлi маёр з лейтэнантам, якiх бачылi мы з Надзеяй.
Дырэктар нашага вучылiшча з пашанай пакланiўся высокаму начальству. Запрасiў на вячэру, прапанаваў схадзiць у лазню, змянiць бялiзну... Да размовы падключыўся наш выхавацель Антон Пятровiч. Ён прапанаваў пасля лазнi пераначаваць. I сказаў, што чыстыя пасцелi дарагiм абаронцам радзiмы зараз падрыхтуюць.
Дакументы ў гасцей не правяралi ў мэтах канспiрацыi, каб не выклiкаць падазрэнняў. Добра памятаю, што размаўлялi толькi маёр з лейтэнантам. Iншыя насцярожана маўчалi, нiякiх эмоцый на iх тварах прачытаць было нельга.
Яны пагадзiлiся павячэраць, але толькi са зброяй. На вулiцы, каля дзвярэй, паставiлi вартавога. Праз пару хвiлiн яго без шуму «знялi» пагранiчнiкi, якiя заселi ў кустах. «Чырвонаармейцы» не спяшаючыся расселiся па сталах, паставiлi каля сябе вiнтоўкi, пачалi есцi.
I неўзабаве прагучала рэзкая каманда: «Усiм устаць, рукi ўгору! У выпадку супрацiву страляем без папярэджання!» Усе новыя «кухары» выхапiлi наганы i пiсталеты, а з раздатачнага акна на гасцей пагрозлiва глядзела дула кулямёта.
...Дыверсанты выходзiлi са сталоўкi з узнятымi рукамi. З лесу тым часам падцягнулiся пагранiчнiкi i мiлiцыя, якiя акружылi «чырвонаармейцаў» шчыльным колам i пачалi правяраць дакументы. Як i чакалася, яны былi ў iдэальным парадку. Аднак тут было адно «але», пра якое даўно ведала наша разведка, а iнфармацыяй ад яе карысталiся i чэкiсты, i пагранiчнiкi. Справа ў тым, што аркушыкi нашых дакументаў прашывалiся нiткамi, а абвераўцы чамусьцi карысталiся тонкiм стальным дротам — магчыма, з-за яго большай трываласцi. I вось у нашых «чырвонаармейцаў» усе дакументы якраз былi знiтаваны дротам.
Па слядах дыверсантаў пусцiлi службовага сабаку, якi неўзабаве знайшоў у лесе замаскiраваны схрон. Там было нямецкае абмундзiраванне на кожнага «чырвонаармейца», форма обер-лейтэнанта i форма оберштурмфюрара. Былi там парашуты, аўтаматы, парабелумы, гранаты, бiкфордавы шнуры i вельмi шмат выбухоўкi, дакументы, халодная зброя, харчаванне, радыёстанцыя.
Ранiцай дыверсантаў адправiлi ў Калiнкавiчы пад узмоцненай аховай.
...А праз паўтара тыдня пачалася вайна. Я спачатку партызанiў у 130-й брыгадзе Палескага злучэння, а пасля вызвалення ваяваў у складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту ў 10-й гвардзейскай Гарадоцкай танкавай брыгадзе.
Надзея была ў нашай жа брыгадзе, толькi ў iншым атрадзе. Яна засталася жывая. Як склаўся лёс Антона Пятровiча — невядома.
I толькi праз шмат гадоў, калi пасля вайны былi рассакрэчаны многiя дакументы, стала вядома, што ж азначаў той умоўны сiгнал «Дортмунд». Ён паступiў у генштаб нямецкай армii 20 чэрвеня 1941 года. Праз суткi — ва ўсе нямецкiя злучэннi наступальнай групiроўкi працiўнiка. Гэта быў сiгнал нападу на Савецкi Саюз.
I тады стала ясна, чаго ж чакалi ў сасоннiку каля нашага вучылiшча нямецкiя дыверсанты. Да сiгналу «Дортмунд» iм было забаронена праводзiць дыверсii, бо тэрмiны нападу на СССР не раз пераносiлiся. А вось калi сiгнал быў дадзены, то дыверсанты, закiнутыя з самалётаў у тыл напярэдаднi вайны, пачалi ўзрываць масты, забiваць камандзiраў, распаўсюджваць панiку ў войсках, паказваць цэлi нямецкiм самалётам. Як правiла, усе дыверсанты былi ў форме Чырвонай Армii i з падробленымi дакументамi, добра размаўлялi па-руску.
...Я расказаў чытачам нязначны эпiзод вайны, якая тады яшчэ не пачалася. Але нават ён унёс сваю лепту ў нашу Перамогу. Бо не ўзарвалi мост, засталiся жывымi камандзiры, было менш панiкi, захавалiся самалёты на аэрадроме. I ўсё гэта дзякуючы нам, курсантам вучылiшча, а таксама дырэктару i выхавацелю Антону Пятровiчу...
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/armiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/dyversant