Вось ужо сапраўды, калi чалавек адчувае фiнансавыя праблемы па асабiстых прычынах, дапамагчы яму складана. Аднак цяпер самы час пагаварыць не пра шкодныя фiнансавыя звычкi асобных людзей, а пра аб'ектыўны знешнi крызiс, калi лiхаманiць эканомiку цэлых дзяржаў i праблемы ўзнiкаюць у паспяховых работнiкаў. Меры фiнансавай гiгiены пры знешнiх узрушэннях ёсць, i яны правераны вопытам многiх мiнулых крызiсаў. Што ж рабiць у гэты час рызыкоўна, бессэнсоўна цi нават шкодна?
Падчас гэтай пандэмii спецыялiсты прадказваюць значнае падзенне рэальных даходаў людзей. Таму крэдыты лепш не браць. I рух валютных курсаў тут не асаблiва важны. Якая б нi была iнфляцыя, банкi не будуць працаваць сабе ва ўрон — яны яшчэ вышэй падымуць працэнтныя стаўкi альбо скароцяць тэрмiны вяртання. Выключэнне — некаторыя крэдыты з дзяржпадтрымкай, але праесцi iх наўрад цi ўдасца — расходаванне гэтых сродкаў кантралюецца, а нямэтавае iх выкарыстанне караецца.
Лепш зыходзiць з таго, што за першым крызiсным месяцам могуць прыйсцi iншыя, не менш крызiсныя, што даходы сапраўды ўпадуць, i каб аддаць сённяшнi крэдыт, якi быў зусiм неабавязковы, давядзецца жыць надгаладзь або прадаваць лiквiдныя рэчы.
Асаблiва небяспечнымi становяцца зручныя ў iншы час авердрафтныя карткi, таму што стаўкi па iх звычайна вышэйшыя, чым па класiчных крэдытах, а тэрмiны вяртання значна карацейшыя.
Парада дзейсная для большасцi былых савецкiх дзяржаў. Ёсць краiны, дзе валютны курс устойлiвы, як народныя звычаi, i не мяняецца нават пры голадзе. Але большасць краiн вырашае эканамiчныя праблемы друкаваннем новых грошай, што прыводзiць да росту цэн i значнай iнфляцыi. Збiраць наяўныя банкноты i манеты — значыць проста назiраць, як яны патроху знiкаюць з «закрытай скарбонкi». Прыблiзна тое ж здараецца з грашыма на большасцi дэбетных картак, дзе працэнты па iх звычайна не пакрываюць нават iнфляцыю дакрызiснага перыяду.
Ёсць унiверсальная парада ад фiнансiста Мiхаiла Грачова — захоўваць сродкi ў залежнасцi ад мэты зберажэння ў розных валютах. Ёсць блiзкi гарызонт захоўвання, сярэднi i далёкi.
Блiзкi — калi вы на працягу некалькiх месяцаў плануеце сабраць пэўную суму на куплю, напрыклад, халадзiльнiка. У гэтым выпадку грошы раяць трымаць выключна ў беларускiх рублях.
Дарэчы, захоўваць наяўнасць дома (на дачы, у машыне цi яшчэ дзе-небудзь), хоць бы i ў цвёрдай замежнай валюце, у крызiс можа быць больш небяспечна з прычыны росту лiку крадзяжоў i рабаванняў.
Цяпер курсы валют больш схiльныя да ваганняў. Гэта ў цяжкiя 90-я гады рубель толькi падаў, а наступная зарплата магла быць у паўтара раза большай за ранейшую i выдавалася новымi купюрамi. Цяпер рублi маюць пэўную каштоўнасць i пасля панiк на рынках (кароткачасовых i не вельмi, звязаных з нафтай цi золатам) часам зноў даражэюць.
Першапачатковыя курсы рубля да долара i еўра, праўда, не вяртаюцца, але адкат на пэўную суму цалкам магчымы i перыядычна назiраецца. I гэтыя некалькi працэнтаў на буйной суме «крадуць» або «дораць» зарплату за некалькi дзён цi тыдняў.
I яшчэ: не варта купляць лiшнюю валюту. У моманты абвалу рубля, «на iстэрыцы», можна ўкласцi ў долары ўсё да апошняй капейкi. Але потым акажацца, што няма грошай купiць хлеба, аплацiць камунальныя паслугi або леташнi крэдыт. I будзе вельмi крыўдна здаваць валюту назад ужо па меншым курсе. Цяпер гэта менш прыкметна, але ў мiнулыя гады пры вялiкiх ваганнях валют на рынку рознiца памiж цаной пакупкi i продажу замежных грошай станавiлася большай, чым у спакойныя часы.
Рознiца памiж цаной продажу i зваротнага выкупу залатых, сярэбраных i плацiнавых злiткаў значна большая, чым рознiца памiж курсамi куплi, продажу валюты. Часам злiтак выкупляюць за палову прадажнай цаны.
Наступны важны момант — кошт каштоўных металаў у айчынных банках залежыць ад сусветных цэн. У крызiс золата звычайна даражэе, але бываюць i выключэннi. Каштоўнасцi наогул не антыкрызiсны iнструмент — у найлепшым выпадку яны могуць стаць прыемным бонусам на старасць або для перадачы ў спадчыну.
Звычка прыкупiць адразу некалькi дарагiх рэчаў засталася ў нас з часоў татальнага дэфiцыту. Тады сапраўды можна было купiць па старой рублёвай цане халадзiльнiкi i жаночыя боты, потым прадаць iх па аб'явах i нiчога не страцiць. Цяпер гэтага няма. Людзi прывыклi да гарантыi i сэрвiсу, i халадзiльнiк з гаража за пачатковы кошт нiхто не купiць. Хоць кажуць, што прадпрымальныя бабулi яшчэ захоўваюць у кладоўках вiдэамагнiтафоны, купленыя ў канцы 90-х, каб падарыць унукам на вяселле...
Цана кватэр, гаражоў i дач часцей за ўсё фiксуецца ў доларах. Купляецца нерухомасць толькi ў рублях, але лiчыцца яна выключна ў «зялёных». Шанц нешта выгадна купiць за рублi перад самым абвалам курса, вядома, ёсць. Але калi крызiс ужо iдзе, у людзей менш упэўненасцi, каб укладваць у бiзнес, таму попыт i цэны на нерухомасць прасядаюць. Пра гэта сведчаць усе папярэднiя крызiсы: назiраецца падзенне кошту квадратнага метра ў валюце як для жылой нерухомасцi, так i для камерцыйнай.
Таму нiякага сэнсу ў паспешлiвай куплi эксперты не бачаць: лепш дачакацца цэнавага дна. Да таго ж кватэры, дамы i нават гаражы — гэта дадатковыя бягучыя выдаткi: камунальныя паслугi, падаткi, рамонт i iншае. У крызiс — яно табе трэба?
Цяпер мы жывём у iншым свеце, дзе машына — гэта не ўкладанне капiталу, а просты сродак перамяшчэння i ў некаторых выпадках — зараблянне грошай. Але аўто заўсёды i прычына абавязковых выдаткаў, такiх як абслугоўванне, тэхагляд i афармленне. Купiць i праз некалькi гадоў прадаць аўтамабiль практычна па той жа цане атрымлiвалася толькi ў савецкi час. Сёння ўсе машыны, за выключэннем некаторых калекцыйных узораў, толькi таннеюць, i часта хутчэй за iнфляцыю.
Вялiкiя запасы — справа такая ж спрэчная, як запланаванае атлусценне на выпадак голаду. Усё назапасiць на ўсе выпадкi жыцця не атрымаецца, але рухацца ў фiзiчным i фiнансавым плане будзе складаней. Мой сусед па паверсе прыкупiў аж 20 кiлаграмаў свiнiны. Усё мяса ў маразiльнiк не ўлезла, давялося рабiць тушонку. Але гэтыя кансервы атрымалiся не для працяглага захоўвання. Усе выхадныя толькi iх i еў. Нават на вулiцу не хадзiў — не было часу.
Дарэчы, калi ўжо рыхтавацца да крызiсу, грэчка — адна з самых дарагiх круп. Аўсянка значна таннейшая, ячныя крупы — тым больш. Тэрмiн захоўвання ў iх паўтара года, а рознага роду каш хуткага прыгатавання — паўгода i менш.
Што ж тады рабiць у час, калi насоўваецца крызiс? Калi б на гэтае пытанне былi адназначна талковыя адказы, то замест крызiсаў здаралiся б спакойныя структурныя перабудовы. З мiнулага вопыту эксперты могуць толькi парэкамендаваць прыслухацца да некалькiх заяў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[4] https://zviazda.by/be/tags/kredyt
[5] https://zviazda.by/be/tags/kryzis