У выдавецтве «Беларусь» у серыі «Падарожжа па родным краі» падрыхтавана да друку кніга «Цяпло жыровіцкай святыні». Аўтар — вядомы слонімскі краязнаўца, пісьменнік, паэт Сяргей Чыгрын.
Многія яго кнігі, найперш прысвечаныя гісторыі Гродзеншчыны, карыстаюцца попытам у айчыннага чытача.
— Штогод 20 мая ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна адзначаецца свята Жыровіцкай іконы Божай Маці, — распавёў Сяргей Чыгрын. — Пяцісотгадовая гісторыя Жыровіцкай святыні пачалася ў той дзень, калі, паводле легенды, у XV стагоддзі хлопчыкі-пастушкі ўбачылі на дзікай грушы яркае ззянне невялічкай іконкі. Што здарылася далей, чытач даведаецца з нарысаў, сабраных у маёй кнізе «Цяпло Жыровіцкай святыні». Да сённяшніх дзён перадаюцца паданні пра дзівосныя вылячэнні людзей, як цялесныя, так і духоўныя.
У зборніку нарысаў аўтар распавядае пра стасункі, духоўную сувязь ураджэнцаў і жыхароў Слоніма, Слонімшчыны з Жыровіцкай абіцеллю.
У серыі выдавецтва «Беларусь» «Падарожжа па родным краі» пабачылі свет ужо каля дзесяці кніг. Іх аўтары — пісьменнікі і краязнаўцы Ігар Пракаповіч, Алесь Марціновіч, Юрый Кур’яновіч і іншыя. Плануюцца новыя кнігі Алеся Марціновіча пра Драгічыншчыну, Мікалая Гайбы — пра Навагрудчыну.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny