З першых дзён мая Беларусбанк прыпыніў выдачу крэдытаў на куплю жылля, захаваўшы толькі падтрымку першаснага будаўніцтва за кошт крэдытнай праграмы з забудоўшчыкамі-партнёрамі.
Праўда, яшчэ месяц таму некаторыя беларускія банкі пачалі паступова згортваць крэдытаванне нерухомасці як на першасным, так і на другасным рынках. Калі ў пачатку красавіка крэдыт на куплю жылля можна было ўзяць у сямі банках, то ў канцы месяца — у пяці. А ў пачатку гэтага месяца стала вядома, што крэдытаванне для насельніцтва «абмяжоўваецца» новымі ўмовамі і ў найбуйнейшым банку краіны.
Цяпер банк істотна змяніў умовы крэдытавання нерухомасці. Сёння працэнтная стаўка па крэдыце складае 14,09 % гадавых. Але гэта далёка не ўсё.
Адначасова фінансавая ўстанова паведамляе, што банк прыпыняе прыём новых крэдытных заявак на набыццё жылых памяшканняў на другасным рынку, а таксама куплю домакамплектаў і незавершаных закансерваваных капітальных будынкаў.
Разам з тым прэс-служба Беларусбанка звяртае нашу ўвагу на тое, што фінансісты працягваюць крэдытаваць набыццё і будаўніцтва кватэр у забудоўшчыкаў у рамках партнёрскай праграмы «Іпатэка з намі». Сёння банк супрацоўнічае з 22 будаўнічымі кампаніямі па ўсёй краіне, і з імі распрацаваны індывідуальныя крэдытныя прадукты.
Акрамя таго, застаюцца нязменнымі ўмовы крэдытавання будаўніцтва і набыцця жылля з субсідзіраваннем у рамках Указа № 240 і сістэмы будаўнічых зберажэнняў.
Таксама прыпынены прыём крэдытных заявак на рэфінансаванне буйных пакупак «Удалае абнаўленне», на куплю новых аўтамабіляў (акрамя крэдытаў на набыццё аўтамабіляў Geely ў рамках праграмы з СЗАТ «БелДжы»), на атрыманне спажывецкага крэдыту з выкарыстаннем крэдытнай карткі ў рамках заключаных дагавораў аб супрацоўніцтве з арганізацыямі гандлю і сэрвісу.
Банк захаваў магчымасць афармлення ў аддзяленнях крэдытаў на аплату навучання, на куплю тавараў беларускіх вытворцаў праграмы «Партнёр аптымальны». Афармленне іншых крэдытаў на спажывецкія патрэбы ажыццяўляецца праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання: сістэмы «М-банкінг», «Інтэрнэт-банкінг», кантакт-цэнтр, карпаратыўны вэб-сайт і інфакіёскі банка.
І трошкі добрых навін. Усе заяўкі на крэдыт, якія паступілі да 1 мая, будуць разгледжаны ва ўстаноўленым парадку на ранейшых умовах.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/drugasny-rynak-zhyllya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kredyty
[6] https://zviazda.by/be/tags/nash-dom
[7] https://zviazda.by/be/tags/pabudavana-u-belarusi