Прэм'ера першага айчыннага мульціка «Каманда 99» адбылася на канале Youtube: target99 Belarus. Гэта сапраўдны экалагічны дэтэктыў, у васьмі серыях якога адважныя супергероі-яноты будуць змагацца з монстрамі, што ўтвараюцца праз няправільную сарціроўку і ўтылізацыю смецця.
Жоўты янот Лімон сімвалізуе сабой пластыкавыя адкіды, зялёны колер янота Ківі акцэнтуе ўвагу на папяровым смецці, а блакітная дзяўчынка-янот Ажына ўвасабляе сабой адходы шкла. А разам яны — «Каманда 99», якая штодня ратуе нашу планету ад смецця.
Мульцік створаны гомельскай анімацыйнай студыяй па заказе дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» у рамках праекта «Рух «Мэта 99», мэта якога — давесці збор другасных матэрыяльных рэсурсаў да 99 працэнтаў.
Назіраць за прыгодамі маленькіх герояў дзецям лепш разам з бацькамі. Вясёлыя яноты-сарціроўшчыкі абсалютна ўсіх навучаць, што рабіць з рэчамі, якія многія дагэтуль лічаць смеццем.
— Мы верым, што калі навучым дзяцей правілам сарціроўкі смецця і беражліваму стаўленню да прыродных рэсурсаў, то зможам палепшыць экалагічную сітуацыю ў Беларусі, — упэўнена Ніна КУЛЬБЕДА-КАМШЫЛАВА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Бацькі з маленства вучаць дзяцей мыцца, чысціць зубы, мыць рукі перад ядой і пасля наведвання вуліцы. А задача мультфільма — дапамагчы бацькам выхаваць у малых яшчэ некалькі карысных звычак, неабходных для будучыні.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/sartavanne-adhodau