У мінулай частцы [1]: У мінскі гурт «Танграм» на пастаяннай аснове ўваходзяць: Антон Леановіч (гітарыст/вакаліст), Яўген Дзям’яненка (ударнік), Ілья Дзягель (гітарыст)... З выхадам ЕР «Хикикомори» гурт замацоўвае за сабой імідж музыкаў, якія добра ведаюць, як рабіць немэйнстрымны дынамічны построк… Праз некаторы час гітарыст Ілья Дзягель пакідае калектыў, а яго месца займаюць Паліна Максіменка і яе сінтэзатар… Так гучанне «Танграма» пачынае свой імклівы шлях да змен.
[14.11.2018] Падение
У першым поўнафарматніку вельмі лёгка заўважыць розніцу ў падыходзе да напісання музыкі ў параўнанні з ЕР. У «Хикикомори» тандэм/супрацьстаянне дзвюх гітар сваім узаемадзеяннем часам адцягвалі ўвагу ад поўнай карціны. І хаця замена гітары на сінтэзатар напалову спрасціла пэўны гукавы слой, з’явілася цалкам новае вымярэнне, што дазволіла нарэшце ствараць запамінальныя творы. Свой сіндром на альбоме ўжо ёсць, таму аналіз можа абысціся і без пошукаў глыбінных сэнсаў.
Гітарнае гайданне ў сукупнасці са званамі сінтэзатара ствараюць менавіта тую карціну, якую прадугледжвае загаловак. Бліжэй да канца —нагода згадаць Яўгена Дзям’яненку: яго хуткая адбіўка разам з сінтэзатарам ствараюць адчуванне магіі па-над адчуваннем магіі, а потым Паліна Максіменка сваёй партыяй узмацняе гэта ўсё яшчэ больш. Вельмі паказальны пачатак альбома.
Антон Леановіч паказвае фітнесфрэндлі-рыфы, пакуль Паліна зноў цягне коўдру на сябе: як іншапланетным эмбіентам, так і своечасовым клавішным затуханнем (якое пераходзіць у грубы гітарны рыфаж).
У нейкім сэнсе трэк-здзек, бо, нягледзячы на назву, ён самы доўгі ў альбоме. Гітарыст у трэцяй чвэрці робіць цікавы дзілэйны фэйд-аўт, але найбольш кідаецца ў вушы ўсё роўна Паліна, бо яе скрэтчынг надае музыцы адчуванне дэмак з першых альбомаў Linkin Park. І ў нейкім сэнсе гэтая асацыяцыя паступова распаўзаецца на ўвесь альбом.
Тут найвыбітнейшы момант — тое, як падчас амаль усёй трэцяй хвіліны па-над змрочна-вэстэрнавым дзілэем кладзецца густая ўдарка.
Адна з найлепшых інтра ў рэлізе: дынамічны рыфаж разам з адрывістым нагнятаннем ударных хвацка закідваюць у гэты трэк і не адпускаюць да самага канца. Відаць, не проста так яго назва перагукаецца з назвай альбома.
Проста неабходны пасля мінулага трэка рытмічны перадых. Настолькі перадых, што ў сярэдзіне ў маленькае сола ўдараецца басіст — яго нават чуваць! А вось асноўны гітарны рыф нагадвае рыф з «Синдрома», што крыху псуе ўражанне.
І тут Яўген дае добрую стартавую хвіліну эмацыянальнага бусту. Крыху пазней да яго падключаецца Паліна з чымсьці падобным да клавесіна, а потым пачынае ціснуць урачыстым, але цёмным эмбіентам.
Ужо не ў першы раз чуваць нейкія паўторы гітарных хадоў, з-за чаго трэк гучыць як адзін з самых слабых і невыразных.
Тут ёсць некалькі цікавых гармоній з боку Антона і недзе побач — нічога такія дзілэйна-змрочныя затуханні.
Напэўна, самы агрэсіўны трэк альбома. І, можа, было б нават лепей, калі б грув, які сочыцца з рэфрэнаў, праліўся і на спакойную частку ў пачатку другой хвіліны. Хаця амаль у канцы грув пераўтвараецца ў нешта кшталту брэйкдаўну — і за такі сюрпрыз можна многае дараваць.
Постпост
Альбом наскрозь працяты лёгкім неда-: недастатковая поліфанічнасць гітарных партый паміж трэкамі, не да канца ўпісаныя ў агульны гук мажлівасці сінтэзатара, недахоп наогул на ўзроўні творчага падыходу. Гурт, бясспрэчна, яшчэ больш наблізіўся да якаснага построку, але, з’еўшы драконавай лускі, у той жа момант сам стаў паціху пераўтварацца ў дракона і прыбаўляць у характэрнай для жанру манатоннасці.
Досыць хутка пасля рэлізу (менш чым праз паўгода) гурт у сваёй афіцыйнай суполцы аб’явіў, што стаміўся ад гэтага альбома і больш не плануе іграць яго на канцэртах. Радыкальныя словы пацягнулі за сабою радыкальныя змены… Актыўны працэс напісання новай музыкі быў ужо на поўным хаду — і ад вясны да вясны ўсе імпрэзы, якія рыхтавалі эмпатычны плацдарм для новага альбома, аказваліся мегатоннымі бомбамі, бо гурт зрабіў-такі стаўку на тое, ад чаго доўгія гады па невядомых прычынах адхрышчваўся.
[03.03.2020] Мы уже не станем теми, кем хотели
Выбух сапраўды адбыўся адтуль, адкуль даўно нічога не чакалі. «Танграм» такі адважыліся адпусціць інструментальную гегемонію на карысць паўнавартасных песень з вакалам Антона. Таксама крыху перакуліўся камандны вопыт Паліны, бо замест цаглянага раствору гукавога бэкграўнду яе сінтэзатар стаў раўнапраўным калегам іншых інструментаў, і менавіта яго партыі, а не партыі гітар, часам станавіліся вядучымі. Мазаіка нарэшце сабрана, а гэта дае магчымасць, нічога не баючыся, ненадоўга зноў яе разабраць, каб паспрабаваць зразумець, за кошт якіх сіл працуе згаданая магія.
(Пад грыфам «Memento» — адметныя вытрымкі з тэкстаў песень.)
У пачатку песні асноўную касмічную мелодыю задае сінт (не без дапамогі рук і ног Яўгена), гітара ў сваю чаргу толькі падкрэслівае яе сваім загадкавым трэмала. Антон напачатку раўнамерна цешыць слых сваім салодкагалоссем, а на другой палове прыпеваў рэзка паддае гітары і пачынае «смакаваць» некалькі галосных гукаў. Да сярэдзіны другога куплета гітарнае трэмала пераключаецца на больш свядомую лінію — і ад таго ўрыў у другую частку прыпеву толькі мацнее.
Memento: «грязные мысли в моей голове // чёрной лентой из размытых лиц».
Пачынаецца ўсё з нізкіх гітарных запілаў, якімі мог бы адкрывацца звычайны інструментальны трэк «Танграма», — але ўжо праз імгненне яны раптам пераключаюцца ў абсалютна мажорны пройгрыш, які становіцца асноўным рыфам песні. А перад апошнім прыпевам займае дух ад нечаканай «настраёвай ямы», падчас якой пад акампанемент акустычнай гітары Антон бярэ ноты такой вышыні, якіх ад яго больш нідзе ў альбоме нельга пачуць.
Memento: «все слова обрываются, // проводами искрят в темноте».
Сінт у пачатку нагадвае не толькі агульна-касмічныя матывы альбома, але і нешта ад сінтвэйву (ці, можа, нават ад саўндтрэка Вангеліса да Блэйдранера). Далей усё развіваецца досыць традыцыйна, і толькі анёльскі-працяглыя «а-а-аблака» вакаліста набліжаюць надыход лета.
Memento: «закаты жгут // расстрелянное небо».
Трэк стартуе з меланхалічнага клавішнага матыву, які дае час, каб нацешыцца ім, але раптам песня ператвараецца ў адну з самых дынамічных у альбоме, і ў гэтым вялікая заслуга ўдарніка Яўгена. Клавішы працягваюць свой актыўны шлях на прыпевах, а фінальнае «Яў-уо-о-о-о-оў» Антона павялічвае прагу да новых кранальных распеваў на 200 %.
Memento: «можно думать о сложном, // но нельзя забывать о простом».
Сінтэзатар задае кампазіцыі рэтранастрой, а ў сукупнасці з гітарнымі партыямі гукавая карціна трансфармуецца ў адчуванне павольнага шпацыру па начным горадзе. Падчас першага куплета таксама ляскае нейкі драўляны інструмент, але музычнай кампетэнцыі для яго распазнання, на жаль, не хапае.
Memento: «тихо растворилось // чёрное на чёрном, // лишнее осталось // непроизнесённым».
Напэўна, самы павольны трэк з рэлізу (нават болей, чым «Ночь»). Гітары і сінт зліваюцца ў адзіную іншапланетную гармонію (і вакал Антона цягнецца ў тую ж таемную прастору), і адсюль цікавінка: чамусьці ў песні «Ночь» саўнд цалкам зямны, а ў «Дома» — касмічны, хаця па эстэтычнай логіцы павінна было б быць наадварот. Але абедзве кампазіцыі ад такога падыходу толькі выйграюць.
Memento: «и неизлечимые снами на небесах // вдруг чёрными стали твои голубые глаза».
Галоўны бэнгер альбома і найбольш яскравы паказчык актуальнага гучання «Танграма». Поўная кампазіцыйная гармонія, якую лепей слухаць без лішніх слоў. З выбітных момантаў — адзіны на альбом калязаход у экстрым-вакал (прывітанне, эма-сцэна), які адкрывае перад гуртом асобную галіну мажлівасцей для пашырэння свайго гуку.
Memento: «тут столько причин ничего не менять, // пусть их другие найдут».
Маленькі аскепак-перагортыш, які робіць гэты альбом люстраным да «Хикикомори». Гэта — адзіны інструментальны трэк рэлізу. І ў той жа ступені, у якой «Отстань от меня» наймацнейшы трэк на ЕР, «Знаки звёзд» тут найслабейшы. Адчуваецца не пашырэнне агульнага канцэпту альбома, а хутчэй дэмка, на якую ніяк не клаліся вакальныя партыі. Аднак, што датычыцца канцэпту, трэк можна звязаць з вокладкай да сінгла «Никогда», на якой у зорным небе закальцаваны жэсты сурдаалфавіту. «Знаки звёзд» — быццам нямыя рэплікі «звыш», голас самога Космасу пасярод чалавечай мовы.
Фінальная песня — непрыхаваны заход на тэрыторыю постпанку, але з захаваннем касмічных матываў. Бліжэй да другой паловы шчыльнасць і змрочнасць трэка рэзка ўзмацняюцца, бо на змену санлівасці прыходзіць інтэнсіўнае построкавае трэмала, затуханне якога было б добрым шматкроп’ем... Але чамусьці шматкроп’е надыходзіць толькі з закальцаваным паўторам ударных і басовых партый, што, можа, і добра для канкрэтнага трэка, але крыху псуе гіпатэтычны выхад альбома ў построкавую бясконцасць.
Memento: «чуть звёзды догорят // на утреннем огне, // ты новые опять // рисуешь на окне».
На ўвесь голас
«Мы уже не станем теми, кем хотели» праз сугучча са сваёй назвай ставіць пэўную кропку ў жыцці гурта: шчымліва-неадменную, але якая вядзе да новых гарызонтаў. З’яўленне моцнага вакальнага вектара непазбежна ўхіляе «Танграм» ад ранейшага эліцісцка-гітарацэнтрычнага шляху ў бок больш даступнай і традыцыйна-кампазіцыйнай музыкі. Гэта дае нагоду для большай міжжанравай гнуткасці, што ў сваю чаргу значна павялічвае шанцы хутчэй перарасці сваю «лакальнасць».
Гісторыя гэтага рэліза — дыялог паміж унутраным і знешнім космасамі, якія сыходзяцца недзе ў пазапрасторавай цемрадзі (як можна пабачыць па цытатах, найбольш ужывальны эпітэт — «чорны», а самыя тыповыя вобразы звязаны з рознымі праявамі змроку). Але з левага боку цемрадзі заўсёды застаецца світанне, якое ў свой час захоўвае знешнія зоры надзеі ўнутры кожнага з нас.
На беларускай альтэрнатыўнай сцэне хапае як гуртоў, якія займаюцца музыкай у межах пэўных канонаў, так і тых, для каго музыка не пусты гук, не поўны гук і наогул не толькі гук. Гукі ўтвараюць сваю складаную сістэму, пакуль зоры збіраюцца ў сваё складанае сузор’е. Вынікам першага — мова гурта «Танграм»: псіхадэл з чалавечым тварам, спрэчкі з построкам, руская паэзія ХХ ст. і таямнічае мігценне касмічных прастораў. Вынікам другога — Млечны шлях, дзе толькі на адной канкрэтнай адлегласці ад жоўтай кропкі магчыма размова. І праз аскепкі жывых і мёртвых зорак/музыкантаў/ гукаў бягуць тонкія лініі святла, па якіх наладжаны мазаічны дыялог паміж «Танграмам» і ўмоўнай Вечнасцю.
Што ёсць гэтыя лініі ўздоўж нябёсаў, калі ўсе мы разам ляцім між зор?
Данііл ЛЫСЕНКА
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20200429/1588165463-mazaika-mizhzornay-movy-i-aktualnaya-trekagrafiya-gurta-tangram
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzyka