З 8 мая медыцынскія работнікі, якія аказваюць дапамогу пацыентам з COVІD-19, пачалі атрымліваць заробкі за красавік. Іх павышэнне замацавана Указам Прэзідэнта № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя». Міністэрства аховы здароўя растлумачыла асобныя пытанні ўстанаўлення штомесячнай надбаўкі за работу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі. Яны ўстанаўліваюцца загадам кіраўніка бюджэтнай арганізацыі на падставе пратакола пасяджэння камісіі па вызначэнні ўмоў аплаты працы ці ўстанаўленні стымуляцыйных і кампенсацыйных выплат.
Міністэрства звярнула ўвагу, што для аказання якаснай і своечасовай дапамогі ў стацыянарах у вячэрні і начны часы, выхадныя і святочныя дні ў аддзяленнях павялічваецца колькасць кругласутачных пастоў. Для гэтага ўносяцца змены ў штатны расклад медустаноў у частцы выдзялення дадатковых пасад урачоў-спецыялістаў — «дзяжурантаў». Аплата работы па ажыццяўленні дзяжурстваў адбываецца за кошт сродкаў, прадугледжаных на аплату працы на падставе табеля работы за фактычна адпрацаваны час, зыходзячы з дзеючых умоў аплаты працы. У выключных выпадках для ажыццяўлення ўказаных дзяжурстваў медыцынскія работнікі могуць прыцягвацца да звышурочнай работы з аплатай у адпаведнасці з артыкулам 69 Працоўнага кодэкса.
Друкуем адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні ад медустаноў і медработнікаў.
— Многія аддзяленні перапрафіляваны ў пульманалагічныя, куды паступаюць на лячэнне пацыенты з пнеўманіямі. У значнай часткі з іх пацвяржаецца дыягназ COVІD-19. Ці можна ўстанаўліваць надбаўку ў адпаведнасці з указам работнікам гэтых аддзяленняў?
— Указ не прадугледжвае, што надбаўка ўстанаўліваецца толькі работнікам інфекцыйных аддзяленняў. Адпаведна — усім работнікам, якія ўдзельнічаюць у аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з дыягназам COVІD-19, у тым ліку і ў палатах пульманалагічных аддзяленняў.
— Каму ўстанаўліваецца надбаўка ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях, калі пастаянна кантактуюць з пацыентамі з дыягназам COVІD-19 толькі работнікі часовых брыгад, створаных для наведвання пацыентаў дома, работнікі рэнтгенслужбы і інфекцыйнага кабінета? Пры гэтым пацыенты з пацверджаным пасля дыягназам прыходзяць на прыёмы да вузкіх спецыялістаў, звяртаюцца ў рэгістратуру і інш.?
— У амбулаторна-паліклінічных арганізацыях надбаўка ўстанаўліваецца ўсім работнікам, якія аказваюць медыцынскую дапамогу (удзельнічаюць у яе аказанні) пацыентам з інфекцыямі і асобам, аднесеным да кантактаў першага ўзроўню. Кіраўнік арганізацыі з улікам меркавання камісіі па вызначэнні ўмоў аплаты працы прымае рашэнне аб устанаўленні надбаўкі ў залежнасці ад канкрэтных умоў і сітуацыі, якая склалася ў гэтай арганізацыі.
— Медыцынскі работнік часова пераведзены да іншага наймальніка для работы з інфекцыйнымі пацыентамі. Як устанаўліваць надбаўку ў гэтым выпадку?
— У адпаведнасці з артыкулам 321 Працоўнага кодэкса пры часовым пераводзе работніка да іншага наймальніка аплата ажыццяўляецца наймальнікам, з якім у работніка заключана працоўная дамова (кантракт). Аплата адбываецца па выконваемай на новым месцы рабоце, але не ніжэй за сярэдні заробак на былым месцы работы. З арганізацыі, у якую быў пераведзены работнік, павінен быць прадстаўлены табель работы з пацвярджэннем, што работнік удзельнічаў у аказанні дапамогі пацыентам з дыягназам COVІD-19. На падставе гэтага адбываецца выплата надбаўкі ў адпаведнасці з указам.
— У ЦРБ пацыент праляжаў адны суткі і быў пераведзены ў абласную бальніцу, дзе пазней у яго быў пацверджаны дыягназ COVІD-19. Такім чынам, з гэтым пацыентам кантактавалі выязная брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, работнікі прыёмнага аддзялення, рэнтгенлабарант і работнікі пульманалагічнага аддзялення. Іншых пацыентаў з COVІD-19 на працягу месяца не паступала. Як аплачваць надбаўку?
— Пры разавым кантакце выплата надбаўкі ажыццяўляецца работнікам за рабочы дзень (рабочую змену), падчас якога адбыўся кантакт з заражаным пацыентам, па табелі з разліку сумы надбаўкі, вызначанай Указам.
Аналагічна ўстанаўліваецца надбаўка работнікам, якія эпізадычна аказвалі медыцынскую дапамогу пацыентам з дыягназам COVІD-19 (урач-стаматолаг запрошаны ў інфекцыйную бальніцу для аказання экстраннай стаматалагічнай дапамогі пацыенту з дыягназам COVІD-19, ці ўрач-хірург чыстай, скажам так, аперацыйнай запрошаны для аказання экстраннай хірургічнай дапамогі) за рабочы дзень (рабочую змену) па табелі, падчас якога адбыўся кантакт з інфіцыраваным пацыентам з разліку сумы надбаўкі, вызначанай Указам.
— Ці распаўсюджваецца надбаўка на работнікаў (фельчар-лабарант, санітарка), якія ажыццяўляюць уборку ў аўтаклавах пасля праведзенага ПЦР-даследавання на COVІD-19?
— У адпаведнасці з Указам, штомесячная надбаўка можа быць устаноўлена работнікам, якія задзейнічаны ў лабараторных даследаваннях на інфекцыі, тым самым лічым, што норма Указа распаўсюджваецца на фельчараў-лабарантаў і санітарак.
— Ці залежыць памер надбаўкі ад колькасці пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні як у стацыянарных, так і амбулаторных умовах?
— Не залежыць. Памер надбаўкі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад умоў аказання медыцынскай дапамогі ў адпаведнасці з Указам.
— Ці ўваходзіць надбаўка ў фонд заработнай платы для налічэння адпускных і лісткоў часовай непрацаздольнасці?
— Так, уваходзіць.
— Ці прызначана надбаўка дзяжурнаму ўрачу па бальніцы (начны час, выхадныя, святы), які аглядае хворых з інфекцыяй? Калі так, то за які час?
— Надбаўка ўстанаўліваецца ўсім, у тым ліку урачам, якія забяспечваюць кругласутачны рэжым работы (дзяжурным урачам), якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з інфекцыямі і асобам, аднесеным да кантактаў першага ўзроўню. Надбаўка ўстанаўліваецца па асноўнай пасадзе, а таксама пры рабоце звыш устаноўленай працягласці рабочага часу.
— Ці прызначаецца штомесячная надбаўка работнікам пральні за мыццё пасцельнай бялізны пацыентаў з пацверджанай інфекцыяй COVІD-19? Які ў гэтым выпадку памер надбаўкі?
— Надбаўка ў гэтым выпадку ўстанаўліваецца па п. 2.2. Указа як іншым работнікам аховы здароўя.
Алена КРАВЕЦ
Фота: kpravda.ru
Медыкі Гомельскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы — першай медустановы рэгіёна, якая пачала прымаць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй — атрымалі дадатковую матэрыяльную падтрымку. Больш як двумстам яе супрацоўнікам была налічана ў заработную плату надбаўка за дапамогу пацыентам з інфекцыямі і асобам, аднесеным да кантактаў першага ўзроўню. Матэрыяльную дапамогу атрымалі і тыя з медперсаналу, хто працуе ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі.
— Першыя налічэнні надбавак супрацоўнікам, згодна з Указам Прэзідэнта № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя», у нашай бальніцы пачаліся 5 мая, — расказаў галоўны ўрач Гомельскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы Сяргей Бірыч. — Загадам былі зацверджаны пералікі структурных падраздзяленняў і пасад, якія могуць разлічваць на дадатковае матэрыяльнае стымуляванне. У адпаведнасці з Указам, у сваіх разліковых лістках урачы ўбачылі дадатковыя сумы ў 1,5 тысячы рублёў, медыцынскія сёстры — 1,3 тысячы рублёў, санітаркі — 900 рублёў. Супрацоўнікі аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі — нашмат больш: адпаведна тры, дзве і адну тысячу рублёў, — адзначыў Сяргей Бірыч.
Між тым кіраўнік Гомельскай установы аховы здароўя удакладніў, што камісія па вызначэнні ўмоў працы, стымуляцыйных і кампенсавальных выплатах работнікам бальніцы дала асобную ацэнку рабоце медперсаналу ў цяперашніх умовах.
— Годныя даплаты за інтэнсіўнасць і якасць, высокія дасягненні атрымалі і іншыя адказныя супрацоўнікі: галоўная медсястра, старшыя медсёстры, урачы і фельчары-лабаранты, не задзейнічаныя непасрэдна ў рабоце з біялагічным матэрыялам пацыентаў, работнікі пральні ды іншыя, — растлумачыў галоўны ўрач.
У цэлым дадатковыя налічэнні за красавік атрымалі 204 работнікі ўстановы аховы здароўя на агульную суму амаль 264 тысячы рублёў.
Дарэчы, супрацоўнікаў менавіта Гомельскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы чакае яшчэ адна прыемная навіна. У хуткім часе ўстанова аховы здароўя атрымае ў свой медарсенал новы рэнтгенаўскі апарат. Неабходнае дыягнастычнае абсталяванне для бальніцы коштам больш за 40 тысяч рублёў набудзе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
— Цяпер завяршаюцца ўсе арганізацыйныя моманты, падпісваюцца неабходныя дакументы, — паведаміла член Савета Рэспублікі, старшыня абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк. — У красавіку Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа разам з EPAM запусцілі сумесную дабрачынную акцыю. Айцішнікі пералічылі 100 тысяч рублёў і звярнуліся да сваіх супрацоўнікаў з прапановай зрабіць прыватныя ахвяраванні, фінальную суму якіх ІT-кампанія вырашыла падвоіць, — адзначыла сенатар. Атрыманыя грошы ідуць на закупку неабходнай медыцынскай тэхнікі, сродкаў індывідуальнай аховы для ўрачоў, медыцынскіх работнікаў і валанцёраў ва ўмовах барацьбы з COVІD-19. На гэтыя ж грошы будзе набыты рэнтгенаўскі дыягнастычны апарат для Гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/medyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[7] https://zviazda.by/be/tags/daplata