Каранавірус усё яшчэ прымушае заставацца дома, таму каб прыхарашыць свае вечары ў самаізаляцыі, прапануем глядзець тэатральныя пастаноўкі анлайн. Праз пандэмію тэатры ўсяго свету рэгулярна выкладваюць запісы сваіх работ у агульны доступ, дзякуючы чаму гледачы атрымалі магчымасць адкрыць для сябе сусветныя цэнтры опернага мастацтва, Брадвей, калектывы «экзатычных» краін, сучасны цырк і ўвогуле найлепшыя сцэны свету. На гэтым тыдні анлайн можна ўбачыць прэм’еру РТБД, пастаноўку Каралеўскага нацыянальнага тэатра, монаспектакль з Эндру Скотам і іншае.
На сёння гэта галоўнае: праз некалькі гадзін — а сёмай 12 мая — адзін з найлепшых беларускіх тэатраў здзейсніць спрэчны пасаж і арганізуе анлайн-прэм’еру сваёй новай пастаноўкі «Профіт» паводле п’есы «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага. Рэжысёр і мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў асучасніў класіка і перанёс дзеянне з XIX у пачатак XXI стагоддзя, а таксама паваражыў над сюжэтам і нават дадаў свайго персанажа. Гэта і цікавіць найбольш: як у нашым часе будзе ўвасоблены сюжэт пра прынцыповага чыноўніка, які жадае заставацца сумленным, але трапляе пад ўздзеянне жонкі і наваколля. У пастаноўцы задзейнічаны акцёры Арцём Курань і Ганна Семеняка — сужэнцы сыграюць сужэнцаў, а таксама Максім Шышко, Людміла Сідаркевіч, Дзмітрый Давідовіч ды іншыя.
Каралеўскі нацыянальны тэатр, на сцэне якога можна пастаянна бачыць выдатную рэжысуру і вядомых акцёраў (напрыклад, пастаноўка «Франкенштэйн» з удзелам Бенедыкта Камбэрбэтча застаецца абсалютным хітом гэтай сцэны), абнаўляе свой анлайн-рэпертуар штотыдзень. Да чацвярга 14 мая на YouTube-канале [4] тэатра можна паглядзець спектакль «Антоній і Клеапатра» паводле Уільяма Шэкспіра са сцэнамі гвалту і вядомымі кінаакцёрамі Рэйфам Файнсам з Сафі Аканедай у галоўных ролях. Сюжэт расказвае пра гарачае каханне паміж рымскім военачальнікам Маркам Антоніем і егіпецкай царыцай Клеапатрай, на фоне якога адбываюцца смерць Цэзара, палітычныя інтрыгі і вайна. Пасля «Антонія і Клеапатры» Нацыянальны тэатр пакажа паспяховы спектакль «Хронікі цырульні», дзе за аснову ўзята традыцыя афрыканскіх мужчын абмяркоўваць надзённае ў цырульнях — ён будзе даступны на YouTube з 14 да 21 мая. Расклад астатніх трансляцый можна знайсці на сайце [5] тэатра, запісы суправаджаюцца англійскімі субтытрамі.
Тэатр, да якога вандруюць аматары оперы са ўсяго свету, амаль кожны дзень паказвае нешта новае са сваіх архіваў, хоць трансляцыі і паўтараюцца. Оперы і балеты апошняга дзесяцігоддзя, дзеля якіх у гэтым будынку збіралася шматтысячная публіка ў бліскучых строях, цяпер можна глядзець проста на канапе, трэба толькі зарэгістравацца на сайце. [6] 14 мая, напрыклад, можна «схадзіць» на адну з найноўшых пастановак тэатра — пастаўленую ў 2019 годзе оперу Рыхарда Вагнэра «Золата Рэйна», дзе дырыжорам выступае нямецкі маэстра Аксель Кобер. На заўтра, 13 мая, запланаваны паказ оперы-буфа «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці, прэм’ера якой адбылася ў 2016-м, а адразу пасля «Золата Рэйна» будзе паказаны яшчэ адзін Вагнэр — опера «Валькірыя» ў пастаноўцы 2018 года.
Цяпер ідзем у эдынбургскі тэатр Traverse і на Брадвей адначасова, але толькі ўмоўна: у першым больш за дзесяць гадоў таму адбылася прэм’ера монаспектаклю «Марская дамба» паводле п’есы Саймана Сцівенса. Зграў у ім Эндру Скот, якога вы ведаеце па ролі Марыярці ў серыяле «Шэрлак», — уласна для гэтага акцёра п’еса і была напісана. А ў мінулым годзе п’еса была пастаўлена на Брадвеі — галоўную і адзіную ролю ў пастаноўцы Hudson Theatre сыграў Джэйк Джыленхал. Дык вось у 2012 годзе сам Сцівенс і рэжысёр Эндру Портэр зрабілі экранную версію спектакля — у выглядзе кароткаметражнага фільма, а цягнецца ўсё крыху больш за паўгадзіны, яна даступная на YouTube-канале [8] да 18 мая. Сутнасць сюжэта заключаецца ў тым, што галоўны герой — фатограф Алекс — з эмоцыямі і чорным гумарам расказвае пра трагічную смерць сваёй восьмігадовай дачкі у выніку няшчаснага здарэння. Відэа суправаджаецца англійскімі субтытрамі.
Каб не ўсё было так сур’ёзна, крыху збочым у бок відовішчаў. Іх знакамітая стваральніца канадская кампанія Cirque du Soleil праз каранавірус вымушана звальняе супрацоўнікаў і перажывае не найлепшыя свае часы, але каб заставацца з гледачамі, рэгулярна выкладвае на YouTube-канал [9] запісы сваіх гадзінных выступленняў. Тут харэаграфія, музыка, трукі, новыя тэхналогіі і фокусы-покусы (і ніякіх жывёл) — усё, што не перастае захапляць публіку, дзе б шматлікія трупы цырка ні выступалі. Новае шоу на шэсцьдзесят хвілін з’яўляецца ў агульным доступе кожны тыдзень. Сачыць за тым, што адбываецца, можна на сайце [10] Цырка дзю Салей.
Вольга МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://www.youtube.com/user/ntdiscovertheatre
[5] https://www.nationaltheatre.org.uk/nt-at-home
[6] https://www.staatsoperlive.com/calendar
[7] https://ru.wikipedia.org/w/index.php?title=Traverse_Theatre&action=edit&redlink=1
[8] https://www.youtube.com/watch?v=j01kVmBoJW0
[9] https://www.youtube.com/user/cirquedusoleil
[10] https://www.cirquedusoleil.com/cirqueconnect
[11] https://zviazda.by/be/tags/teatry
[12] https://zviazda.by/be/tags/spektakli
[13] https://zviazda.by/be/tags/anlayn
[14] https://zviazda.by/be/tags/samaizalyacyya