У «Раўбічах» створаныя камфортныя ўмовы для трэніровак спартсменаў ва ўмовах ізаляцыі. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту Ягор Хмялькоў, перадае БЕЛТА [1].
«У нас цяпер пражываюць каля 230 чалавек. Гэта спартсмены, трэнеры, абслуговы персанал. Усяго трэніруюцца прадстаўнікі васьмі відаў спорту: біятлона, лыжных гонак, хакея з шайбай, канькабежнага спорту, лёгкай атлетыкі, веласіпеднага спорту, трыятлона і кікбоксінга. Для іх створаныя камфортныя трэніровачныя ўмовы з улікам абстаноўкі. Склад паступова мяняецца: нехта прыязджае, нехта ад’язджае», — расказаў Ягор Хмялькоў.
Плануецца, што ў «Раўбічы» ў хуткім часе заедуць прадстаўнікі баскетбола, гандбола і валейбола. «Робіцца ўсё, каб спартсмены трымалі сябе ў форме і была магчымасць, нягледзячы на абставіны, трэніравацца», — падкрэсліў намеснік дырэктара.
Паводле яго слоў, на тэрыторыі цэнтра прынятыя меры па прадухіленні распаўсюджвання віруснай інфекцыі. У прыватнасці, забаронены ўезд пабочным асобам, плыні спартсменаў, іх харчаванне падзелены — усё зроблена так, каб прадстаўнікі розных відаў спорту не перасякаліся паміж сабой. Больш грунтоўна праводзіцца прыбіранне памяшканняў, апрацоўка інвентару і абсталявання сродкамі дэзынфекцыі. Наладжаны пільны кантроль за атлетамі і станам іх здароўя.
Ягор Хмялькоў дадаў, што, калі спартсмены вярталіся з-за мяжы, для іх 14-дзённай ізаляцыі ў Мінску і Мінскай вобласці былі вызначаныя чатыры базы з санітарна-проціэпідэмічным рэжымам, медыцынскім кантролем і наглядам. Адным з такіх пунктаў і сталі «Раўбічы», якія станоўча сябе зарэкамендавалі за гэты час. Такая ж работа была арганізаваная і ў рэгіёнах.
Урач спартыўнай медыцыны Павел Малашэвіч адзначыў, што абследаванню атлетаў надзяляецца вялікая ўвага, у тым ліку на наяўнасць вірусных інфекцый. «Першае, што мы зрабілі, — падзялілі каманды па часе і месцы правядзення трэніровак, перамяшчэнні, прыёме ежы. У „Раўбічах“ былі сезонныя выпадкі заражэння ВРВІ. Мы выкарыстоўвалі экспрэс-методыкі для выяўлення новага каранавіруса. На шчасце, на гэты час у нас не зафіксавана ніводнага выпадку СOVID-19», — сказаў ён.
Цяпер 74 беларускія атлеты, якія прадстаўляюць 16 відаў спорту, выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, якія даюць права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. Пакуль адборачныя турніры да Гульняў прыпыненыя ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19, а пасля іх аднаўлення беларусы маюць намер заваяваць яшчэ некалькі дзясяткаў алімпійскіх квот.
ХХХII летнія Алімпійскія гульні ў японскай сталіцы пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/sport/view/namesnik-dyrektara-raubichau-robitstsa-use-kab-spartsmeny-u-izaljatsyi-magli-treniravatstsa-87944-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/raubichy