Выстава фатаграфій «Прэс-фармат» працуе ў МДУ імя А.А.Куляшова ў Магілёве. Тут прадстаўленыя фотаработы студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасці «журналістыка», аб гэтым БЕЛТА расказаў [1] куратар выставы, старшы выкладчык Васіль Цітоў.
«У бягучым годзе на выставе дэманструецца больш за 60 работ — фатаграфіі зробленыя нашымі студэнтамі, выпускнікамі і педагогамі, — расказвае Васіль Цітоў. — Мы не вызначалі адзіны жанр і тэматыку. Тут прадстаўленыя рэпартажы і мастацкія фатаграфіі, пейзажы, партрэты — усе ўдзельнікі падрыхтавалі свае лепшыя працы. Гэта добрая пляцоўка для маладых і таленавітых фатографаў заявіць пра сябе, азнаёміцца з бачаннем нашых выпускнікоў, якія ўжо працуюць па спецыяльнасці».
Выстава ва ўніверсітэце праходзіць трэці раз, у гэтым годзе яе ўдзельнікамі сталі 11 аўтараў. Дэманструюцца работы ў галерэі Залы славы ўніверсітэта.
«З новаўвядзенняў — на гэты раз наведаць нашу выставу можна праз інтэрнэт — падрыхтавалі інтэрактыўную пляцоўку. Так працы зможа ўбачыць большая колькасць людзей, не выходзячы з дому», — адзначыў куратар.
Азнаёміцца з экспазіцыяй можна да верасня.
Прэв’ю: takefoto.ru
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/fotavystava-pres-farmat-adkrylasja-u-mdu-imja-aakuljashova-u-magileve-88056-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/fotavystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[4] https://zviazda.by/be/tags/fatagrafiya