Гэтымi днямi на нашу тэрыторыю выпадзе чарада выпрабаванняў: моцныя дажджы, навальнiцы i ўраганны вецер.
Вось ужо ў апошнiя днi мая надвор'е насвавольнiчае! А ўсё таму, што балканскi цыклон, нацэлiўшыся на суседнюю Украiну, ужо сёння накрые Беларусь палямi дажджавых аблокаў i iстотна павялiчыць узровень ападкаў, паведамляюць спецыялiсты Рэспублiканскага цэнтра гiдраметэаралогii, кантролю радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.
Сёння ўмовы надвор'я ў краiне вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад паўднёвага цыклону, цэнтр якога ў дзённыя гадзiны будзе знаходзiцца памiж Гомелем i Чарнiгавам. Удзень на большай частцы тэрыторыi краiны прагназуюць моцныя дажджы, месцамi навальнiцы.
У найблiжэйшыя выхадныя наша краiна трапiць пад уплыў актыўных маларухомых атмасферных франтоў ад таго ж цыклону, цэнтр якога перамесцiцца на Бранскую вобласць. У суботу на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць працяглыя дажджы, удзень па паўднёва-ўсходняй частцы — месцамi моцныя. У асобных раёнах чакаюцца навальнiцы. Вецер будзе паўночна-заходнi, паўночны ўмераны, уначы па захадзе, удзень на большай частцы тэрыторыi — моцны парывiсты. Уначы прагназуецца ад плюс 8 да плюс 15 градусаў, удзень — 13—20 цяпла, па паўночным усходзе — да плюс 23 градусаў.
Непагадзь чакаецца i ў нядзелю. У апошнi дзень мая будзе воблачна, удзень з праясненнямi. Часам чакаюцца дажджы, уначы месцамi моцныя лiўнi. У асобных раёнах прагрымяць навальнiцы. Вецер будзе паўночна-заходнi, на большай частцы тэрыторыi — моцны парывiсты. Тэмпература паветра складзе 8—15 цяпла, удзень — ад плюс 15 да плюс 20 градусаў, па поўначы краiны — да 22 цяпла.
Паводле папярэднiх прагнозаў айчынных сiноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня атмасферны цiск вырасце, аблокаў i дажджоў стане менш, вецер пачне сцiхаць. У панядзелак чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькi ў асобных раёнах па паўднёвым усходзе краiны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходнi ўмераны. Уначы будзе ад плюс 6 да плюс 12 градусаў, удзень — 14—21 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore-belarusi