Ужыванне тытуню штогод становіцца прычынай смерці каля сямі мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Калі не прадпрымаць ніякіх мер, гэта лічба можа дасягнуць васьмі мільёнаў у год. Штогод 31 мая праводзіцца Сусветны дзень без тытуню.
У Беларусі курыць 29,6 % насельніцтва, прычым сярод мужчын доля курцоў складае 48,2 %, сярод жанчын — 12,8 %. Сярод гараджан курыць каля 43,1 % мужчын, сярод вяскоўцаў — 53 %. Найбольшая доля актыўных курыльшчыкаў прыпадае на ўзроставую групу ад 30 да 44 гадоў — 32 %. Сярод былых курцоў шмат людзей ва ўзросце 60-69 гадоў. Такія звесткі прывяла загадчык аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман.
Ужыванне тытуню выклікае сардэчна-сасудзістыя захворванні, каля 90 % выпадкаў раку лёгкіх звязана з курэннем. Негатыўна яно ўплывае і на жаночае здароўе, цяжарнасць і развіццё плода. Пасля адмовы ад курэння патрабуецца ад 1 да 1,5 года на аднаўленне функцый дыхання і звядзення да мінімуму рызыкі анкалагічных хвароб, якія выклікае курэнне.
Вольга Бартман адзначыла, што з 2002 года колькасць курыльшчыкаў у Беларусі зменшылася на 12 %, і гэта добры вынік, а ў моладзі мяняецца свядомасць і ўсё больш прадстаўнікоў новага пакалення выбіраюць здаровы спосаб жыцця.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: korrespondent.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kurenne
[4] https://zviazda.by/be/tags/zabarona-na-kurenne