У апошнi дзень вясны ў вядомым далёка за межамi Беларусi Свята-Успенскiм Пустынскiм мужчынскiм манастыры, што за 10 кiламетраў ад Мсцiслава, адбыўся чын Вялiкага асвячэння адноўленага храма Пакрова Божай Мацi. Яго правёў архiепiскап Магiлёўскi i Мсцiслаўскi Сафронiй. Храм 1865 года пабудовы знаходзiўся на рэстаўрацыi 10 гадоў i быў вернуты да жыцця з дапамогай сродкаў дзяржпраграмы «Культура Беларусi». На гэтыя мэты з бюджэту было накiравана больш чым пяць мiльёнаў рублёў.
— Гэта вельмi каштоўны культурна-гiстарычны аб'ект, i яго адраджэннем займалiся i самi насельнiкi, i дзяржава, i спонсары, i прыхаджане, — адзначыў старшыня Мсцiслаўскага райвыканкама Дзмiтрый Пiмашэнка. — Пэўную суму на рэканструкцыю храма перадалi малочная кампанiя «Бабулiна крынка» i Горацкi лясгас. Акрамя гэтага, былi праведзены бягучыя рамонты манастырскiх пабудоў i купелi. Сёлета ў планах завяршыць будаўнiцтва лесвiцы, якая вядзе да Святой крынiцы, i званiцы, якая з'яўляецца вiзiтоўкай манастыра.
Свята-Успенскi Пустынскi манастыр быў пабудаваны некалькi стагоддзяў таму на намоленым месцы. Заснаваў яго адзiн з родапачынальнiкаў князёў мсцiслаўскiх Лугвен — сын вялiкага князя лiтоўскага Альгерда. Паводле легенды, пасля цяжкай хваробы князь пачаў трацiць зрок. Аднойчы яму прыснiўся сон, у якiм паважаны старац сказаў: «Iдзi ў Пустынь (манаскае паселiшча), умыйся з крынiцы i вылечышся». Князь зрабiў усё, што патрабавалася, i ачуняў. I першае, што ён убачыў, у галiнках лiпы каля гэтай крынiцы — лiк Прасвятой Багародзiцы. Удзячны князь адразу ж вырашыў пабудаваць тут праваслаўны манастыр.
У савецкi час манастырскiя будынкi спрабавалi знесцi, але да канца вар'яцкая справа даведзена не была. А ў 2003 годзе сюды зноў вярнулiся манахi i з блаславення тады яшчэ епiскапа, а зараз архiепiскапа Магiлёўскага i Мсцiслаўскага Сафронiя пачалося новае жыццё святынi. Тое, што гэта павiнна было адбыцца, сведчыць цуд, якi адбыўся ў самым пачатку адраджэння жыцця ў манастыры. Падчас рамонту аднаго з будынкаў на сцяне з'явiлася выява аблiчча Хрыста, падобная да той, што знаходзiцца на Турынскай плашчанiцы.
Нэлi ЗIГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/manastyr
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura-belarusi-3
[5] https://zviazda.by/be/tags/restauracyya