У маі гэтага года ўласны сайт займеў музей Міністэрства ўнутраных спраў. Віртуальная пляцоўка месціцца па адрасе: museum.mia.by [4].
Цяпер наведаць экспазіцыю аддалена можна ў літаральным сэнсе гэтага слова. Справа ў тым, што на сайце музея рэалізавана магчымасць 3D-тура — вы можаце падарожнічаць па яго залах, седзячы перад экранам манітора. Асабліва гэта важна цяпер, калі з-за распаўсюджвання каранавіруса работа музеяў у нашай краіне часова прыпынена.
Фонд музея складаюць фотакопіі арыгіналаў дакументаў, архіўных фотаздымкаў, здымкі табельнай і канфіскаванай зброі, знакаў адрознення і ўзнагарод, асабістых рэчаў, рэчавых доказаў, службовай тэхнікі...
Сярод прадстаўленых выяў экспанатаў ёсць і вельмі цікавыя. Напрыклад, у раздзеле «Рэчавыя доказы» ёсць здымак фальшывага савецкага пашпарта, датаванага 1970 годам. Выдадзены ён на імя Луны Артура Аганесавіча. На тое, што пасведчанне асобы падробленае, паказваюць дзве рэчы. Па-першае, яго ўладальнік нібыта нарадзіўся ў горадзе Нікалаеве Хабараўскага краю, а такога населенага пункта ў тым рэгіёне ніколі не было. А па-другое, нацыянальнасць грамадзяніна Луны пазначана як «марсіянін».
А сярод асабістых рэчаў міліцыянераў увагу прыцягвае швейцарскі гадзіннік Paul Moser. Ён быў падораны работніку міліцыі Васілю Лазарэнку ў 1927 годзе з нагоды 10-годдзя ўтварэння праваахоўнага органа. На вечку гадзінніка — дароўны надпіс па-беларуску.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] http://museum.mia.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey