Героі роліка танчаць на рабоце, дома і нават на гомельскім заводзе па перапрацоўцы пласмасавых адходаў.
Відэаролік створаны арганізацыяй «Рух «Мэта 99» як вынік танцавальнага чэленджа #плачунатехно #цель99, абвешчанага да Сусветнага дня абароны навакольнага асяроддзя, які сёлета ААН прапанавала адзначыць дзеля прыроды. Кліп «Плачу на пластык» стаў гэткім экалагічным варыянтам нашумелага відэароліка «Плачу на тэхна», сцвярджаюць у дзяржаўнай установе «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».
Героі роліка танчаць на рабоце, дома і нават на гомельскім заводзе па перапрацоўцы пластмасавых адходаў. Створана відэа з работ, якія дасылалі ўсе, каму не абыякава тэма раздзельнай сарціроўкі смецця, у прыватнасці пластыка.
Летась у Беларусі сабралі 765 тысяч тон другаснай сыравіны, 97,2 тысячы тон з якіх — адходы палімераў. Больш за палову беларусаў ужо выкідаюць пластык асобна, а выкарыстанне камунальнага смецця дзякуючы збору ДМР падрасло да амаль 23 %.
— Задача чэленджа — звярнуць увагу на тое, што нам пад сілу пазбавіцца ад гор пластыкавага смецця. Калі кожны крыху зменіць свае звычкі і адмовіцца ад лішніх аднаразовых рэчаў, а адходы ўпакоўкі будзе адпраўляць на перапрацоўку, выкідваючы іх у кантэйнеры для ДМР ці здаваць у пункты нарыхтоўкі другаснай сыравіны, — упэўнена Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Нам важна быць пачутымі. Для гэтага мы прымяняем новыя формы дыялога з гледачом.
Час задумацца над тым, што мы жывем толькі дзякуючы прыродзе і залежым ад прыродных узаемасувязяў, заклікаюць прадстаўнікі аператара.
— За першы квартал 2020-га ў краіне для перапрацоўкі сабрана 23,1 тысячы тон адходаў пластыка. У параўнанні з гэткім жа перыядам мінулага года збор павялічыўся амаль на 4 %, — падзялілася Ніна КУЛЬБЕДА-КАМШЫЛАВА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Лідыруюць па зборы адходаў пластыка ў Беларусі Мінск і сталічная вобласць, якія летась адсарціравалі адпаведна на 38 % і 31 % больш палімераў. Усяго па краіне ўстаноўлена ўжо больш за 30 тысяч кантэйнераў для збору пластыкавых адходаў.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/plastyk
[5] https://zviazda.by/be/tags/chelendzh
[6] https://zviazda.by/be/tags/tancy
[7] https://zviazda.by/be/tags/meta-99