Вобраз атамана Дзергача ў рамане Леаніда Дайнекі «Ілоты»
Амаль у кожным мужчыне на самым патаемным сподзе душы жыве рымскі легіянер, канкістадор, пірат, запарожскі казак, Напалеон… Такім баявым людзям жыццё паўнюткім каўшом адмервае паражэнні і перамогі, раны і ўзнагароды, сухую скарынку жабрака і золата, вельмі шмат золата.
Леанід Дайнека
Сёлета мы адзначылі 80-годдзе Леаніда Дайнекі — вядомага майстра беларускай гістарычнай прозы. У адным з апошніх сваіх твораў — рамане «Ілоты» (2018), звяртаючыся да падзей Слуцкага паўстання (1920–1921), ён стварае вобраз рэальнай гістарычнай асобы — Вячаслава Вячаслававіча Адамовіча (больш вядомага пад псеўданімам Дзяргач), кіраўніка Беларускай антыбальшавіцкай партыі «Зялёны Дуб». Дзякуючы гэтаму раман «Ілоты» можа быць далучаны да шэрагу твораў, прысвечаных Слуцкаму збройнаму чыну, сярод якіх «Пляц Волі» Алеся Пашкевіча, «Нічые» Андрэя Федарэнкі, «На Чорных лядах» Васіля Быкава.
Раман «Ілоты» адлюстроўвае некалькі гістарычных перыядаў: Месенскае паўстанне ў Спарце (VII стагоддзе да нашай эры), Слуцкае паўстанне і нацыянальны рух на Беларусі ў 1920-я, першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны. Прасочым жа, як глыбока пісьменнік сягнуў у былую рэальнасць.
Леанід Дайнека стварыў у рамане цэлы шэраг вобразаў, прататыпамі якіх з’яўляюцца рэальныя героі. Імя згаданага Вячаслава Адамовіча сустракаецца на старонках дакументаў савецкіх і польскіх спецслужбаў. Гэта беларускі палітычны дзеяч, пісьменнік і публіцыст міжваеннага перыяду, літаратурная творчасць якога застаецца амаль недаследаванай. Бацька яго меў імя Вячаслаў (Вацлаў) Антонавіч, быў палітыкам, вайскоўцам, публіцыстам і выдаўцом, у 1907–1914 гадах — рэдактарам газеты «Северо-Западный телеграф» (Коўна). У 1919–1920 гады браў удзел у стварэнні тайнай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую і ўзначаліў яго сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). Супадзенне імёнаў выклікала блытаніну, якую ўскладніла тое, што абодва займаліся падобнымі справамі, і ў выніку часта дзейнасць аднаго прыпісвалася другому. Але ўсё ж вядома, што мастацкія творы і «Дзённік арміі Зялёнага Дуба» напісаў Адамовіч-сын. У рамане Дайнека параўноўвае сына з бацькам, перадаючы іх унутранае і знешняе падабенства: «Яны былі вельмі падобныя — бацька і сын. Былі як блізняты. Толькі ў аднаго, старэйшага, цела было больш буйнае. А ў астатнім — копія адзін аднаго. Станістыя. Русявыя. Светласкурыя і светлавокія. І, дзіўная справа, — людзі, якія кантактавалі з імі, не маглі дакладна вызначыць колер іхніх вачэй. Вочы былі то сінія, то зялёныя… адзін са знаёмцаў назваў іхнія вочы вясновымі».
З’яўленне ў беларускіх лясах зеленадубцаў Леанід Дайнека тлумачыць палітычным фонам таго часу — яно было вынікам частых сутыкненняў бальшавікоў з насельніцтвам. Каб паказаць «чырвоны тэрор», аўтар прыводзіць у якасці крыніц урыўкі з газетных артыкулаў, загады камандарма Заходняга фронту Тухачэўскага і Надзвычайнай тройкі па барацьбе з дэзерцірствам і бандытызмам. Гэтыя дакументы дапамаглі стварыць атмасферу часу, падкрэсліць складанасць становішча перад Слуцкім паўстаннем, якое і прывяло да стварэння «зялёнай партызанкі».
В случае упорного сопротивления и укрывательства дезертиров и бандитов уездным ревкомом предоставляется право наложения контрибуции, конфискации имущества, использования населения на принудительных работах, взятие заложников.
Загад Надзвычайнай тройкі па барацьбе з дэзерцірствам і бандытызмам
Леанід Дайнека выкарыстоўвае шмат дакументальных крыніц: загады, газетныя артыкулы, праект статута антыбальшавіцкай партыі «Зялёны Дуб», якія выкарыстоўвае не як голыя факты, а як базу для філасофскіх разваг. Напрыклад, так тлумачыць ён пазіцыі сваіх герояў: «Беларускія дзеячы самага рознага кшталту (у тым ліку і Адамовічы) зразумелі, што небеларускі горад ім не дапаможа і апірышча для сваіх палітычных амбіцый можна шукаць і знайсці толькі ў беларускай вёсцы».
Гісторык Ніна Стужынская выдала манаграфію «Беларусь мяцежная» (2012), прысвечаную дзейнасці антысавецкай партызанкі ў 1920-я гады, у якой прасачыла трагічны лёс кіраўнікоў «Зялёнага Дуба». Сярод іх згадваецца і атаман Дзяргач — самы няўлоўны. Не захавалася ніводнага яго фотаздымка — настолькі гэты чалавек шыфраваў сваю знешнасць. Аўтарка кнігі так тлумачыць стварэнне «зялёных партызанскіх атрадаў»: «Хутка набытыя дыктатарскія звычкі, нястрыманасць і непрыстойнасць паводзін, п’янства, хабарніцтва трымаючых уладу раздражнялі людзей. У шмат якіх выпадках такія праявы былі апошняй кропляй, і цярпліўцы-сяляне хапаліся за зброю».
Кіраўніцтва «Зялёнага Дуба» мела цесную сувязь з генералам С. Булак-Булаховічам, з Беларускім палітычным камітэтам на чале з П. Алексюком, з польскімі вайсковымі коламі, ад якіх часта атрымлівала дапамогу зброяй і амуніцыяй. Стаўленне Беларускай Рады Случчыны да зеленадубцаў было негатыўным з прычыны іх арыентацыі на Захад, Польшчу і Украіну.
Пасля Слуцкага паўстання ў газеце «Беларускі звон» (27 кастрычніка 1922 года) быў размешчаны артыкул «Здраднікі Бацькаўшчыны», аўтар якога прылічыў да здраднікаў і членаў партыі «Зялёны дуб»: «“Зеленадубцы”. Пад такою назовай авантурнічаець банда галаварэзаў, на чале якой стаяць палкоўнік Адамовіч і яго сын, вядомы пад клічкай «Дзергача». Гэтая кумпанія ня мае ніякага палітычнага напрамку і прадаецца таму, хто болей дасьць грошы. У часы бальшавіцкай вайны памагалі Балаховічу рабаваць жыхароў…»
Гэтая арганізацыя амаль адразу выклікала вялікую ўвагу палітыкаў і прэсы, найперш дзякуючы кіраўніку — Вячаславу Адамовічу (Дзергачу): ён публікаваў нарысы і замалёўкі пра штодзённае жыццё партызанскіх атрадаў.
«Дзяргач» — гэта не толькі партыйны, але і творчы псеўданім Вячаслава Адамовіча. Шмат хто з сучаснікаў памятаў яго як акцёра і спевака. Захапленне Дзергача беларускім тэатрам засведчылі на допытах у ДПУ-НКУС Францішак Аляхновіч і Усевалад Фальскі, а сябры па мінскай зеленадубскай партыі гаварылі, што знаёмства іх з Дзергачом адбылося ў хоры Уладзіміра Тэраўскага. Хор гэты быў арганізаваны ў красавіку 1917 года пры падтрымцы Урада БНР як Беларускі народны хор. Па словах памочніка Тэраўскага Сяргея Ламакі, Дзяргач клапаціўся аб усім неабходным для хора, шукаў нават строі для спевакоў. Акрамя гэтага, ён быў вядомым пісьменнікам, актыўна друкаваўся ў беларускіх газетах.
У той час сумяшчэнне палітычных і творчых роляў было распаўсюджанай з’явай. Адбывалася станаўленне культуры краіны, і творчая частка інтэлігенцыі імкнулася праяўляць сябе ў розных іпастасях: і пісалі, і спявалі, і гралі на сцэне, і выконвалі музычныя творы. Гэтая мода закранула і палітычных дзеячаў. Шмат хто з атаманаў «Зялёнага Дуба» пісаў вершы і меў славу добрага спевака. Песні атамана Абярона моладзь Віцебшчыны перадавала з рук у рукі ў сшытках і спявала на вяселлях, а жаданым госцем на вясковых святах быў атаман Георгій Моніч. Ён добра спяваў, танчыў і заўсёды быў верхаводам у моладзі.
У рамане «Ілоты» распавядаецца пра сустрэчу Адамовіча з Ганнай Доўгерт (будучай нявестай) у «Беларускай хатцы», дзе праходзілі канцэрты хора Тэраўскага. Увага пісьменніка сканцэнтравана не толькі на палітычных інтарэсах, але і на творчых здольнасцях героя: і на яго ўдзеле ў хоры, і на публіцыстычнай дзейнасці. Аўтар прыводзіць дакладныя звесткі пра абразкі Адамовіча з «З днеўніка арміі Зялёнага дуба», якія выходзілі ў газеце «Беларусь» 29–30 кастрычніка 1919 года, а таксама ўрыўкі з яго твораў — з мэтай не толькі паказаць дзейнасць зеленадубцаў, але і адлюстраваць пісьменніцкі талент Дзергача: «Як анёлы смерці, наляцелі зеленадубцы на ашалелых і нічога не сцямілых чырвоных д’яблаў. Адзін за адным гінулі яны пад цяжкімі ўдарамі зеленадубцаў. Праз хвілю трупамі ляжалі ўсе крыўдзіцелі. Кінуўся Пётра да Лявона; абняліся, заплакалі браты; падбегла Зося; выйшаў стары бацька з хаты; адлілі вадой маці. Убачыла яна сваіх дзетак і заплакала, але ўжо слёзы радасці цяклі па яе старым твары. Жагнаўся на сонца стары бацька і вітаў сыноў ды збавіцеляў сваіх».
Вячаслаў Адамовіч спрабуе гіпербалізаваць пачуцці і дзеянні сваіх герояў, узнёслая і рамантычная мова пераплятаецца ў яго творах з сухімі кароткімі сказамі, сустракаюцца такія стылёвыя неадпаведнасці, як «бліскае доўгімі гадзюкамі маланка», «рагоча пярун» і інш. Можна вызначыць асобныя прыкметы яго стылю: 1) філасофскія разважанні пра жыццё; 2) шмат увагі надаецца пейзажным малюнкам; 3) дыялогі схематычныя. Штучныя апісанні, увага да нязначных дэталяў наводзяць на думку пра нявопытнасць пісьменніка. Складваецца ўражанне, што «Дзённік…» быў напісаны толькі з мэтай папулярызацыі дзейнасці «Зялёнага Дуба», як заклік да моладзі ўступаць у партыю.
Як узнікла назва арганізацыі? Адно з першых месцаў у рэпертуары капэлы пад кіраўніцтвам Тэраўскага займала песня «Зялёны дубочак». Але паходжанне назвы ад песні — усяго толькі версія. Леанід Дайнека стварае свой міф: з’яўленне назвы ён звязвае з апошнім спатканнем Ганны Доўгерт са сваім каханым Вячкам (так пісьменнік называе Адамовіча ў творы). Імя героя Леанід Дайнека тлумачыць яго зачараванасцю князем Вячкам і адчуваннем духоўнай еднасці з ім. Для самога ж Дайнекі князь Вячка — першая гістарычная асоба, да якой ён звярнуўся ў першым сваім рамане — «Меч князя Вячкі» (1987). І вось ён зноў узнікае — у «Ілотах».
На спатканні Ганна і Вячка спявалі песню пра зялёны дуб, седзячы пад старым дрэвам. Менавіта Ганна і падказала Адамовічу ідэю назвы. Псеўданімы многіх атаманаў партыі таксама лясныя і лугавыя: Дзяргач (Вячаслаў Адамовіч-малодшы), Корч (Мікалай Крывашэін), Густалес (Іван Пешка), Трач (Уладзімір Ксяневіч), Залатая Мурашка (Ганна Доўгерт), Бусел, Грач. У 1920-я гады на Беларусі ствараецца літаратурнае аб’яднанне пісьменнікаў «Маладняк», якое таксама мае назву, звязаную з маладой рунню, першымі ўсходамі, якімі павінны стаць маладыя аўтары для сваёй краіны і беларускай літаратуры. У нейкім сэнсе «Маладняк» з’яўляецца спадкаемцам і «Зялёнага Дуба».
Згодна з гістарычнымі звесткамі, творы Вячаслава Адамовіча пад сапраўдным прозвішчам і псеўданімам Дзяргач пачынаюць публікавацца з 1919 года. Удзел у навукова-даследчай рабоце НББ «Распрацаваць інфармацыйны рэсурс “Фарміраванне культуры Беларусі найноўшага часу праз адлюстраванне айчынных газет 1917–1922 гг.”», якая рэалізоўвалася ў 2019 годзе, дазволіў выявіць усе публікацыі гэтага пісьменніка, што выходзілі ў адзначаны час у беларускіх газетах.
У перыядычных выданнях ён выступаў як летапісец партызанскага руху. Газета «Звон» у 1919 годзе выдавала «Дзённік арміі Зялёнага Дуба» — «Адзін дзень у арміі “Зялёнага Дуба”» (19–22 верасня 1919 года), «З днеўніка арміі “Зялёнага Дуба”» (10 кастрычніка 1919 года). Друкаваўся Адамовіч і ў газеце «Беларусь» («Адважны прыяцель», 22 кастрычніка 1919 года). Яго апавяданні і сёння з цікавасцю чытаюцца, дзякуючы жывой мове, дынамізму і вострым сюжэтам. Яны расказвалі пра подзвігі паўстанцаў, згадвалі палітычныя задачы партызан (за Бацькаўшчыну, вольную Беларусь, нацыянальнае адраджэнне), якія выразна прасочваліся ў тэксце. Тут па-мастацку апісваўся побыт партызанскага лагера, штодзённае жыццё атрада, падавалася інфармацыя пра арганізацыю і структуру ўзброенага ляснога супраціву, камунікацыі.
У тэкст рамана «Ілоты» ўключаюцца абразкі партызанскага летапісца Дзергача з мэтай не толькі пазнаёміць чытача з лясным жыццём зеленадубцаў, але і перадаць з’яднанасць ў вобразе героя двух пачаткаў — палітычнага і творчага. Урыўкі з «Дзённіка…» надаюць твору біяграфізму, паказваюць адпаведнасць рэальным гістарычным фактам.
Леанід Дайнека ўводзіць у тэкст не толькі ўрыўкі з «Дзённіка арміі…», але і мастацкія абразкі Дзергача, каб падкрэсліць яго здольнасці мастака слова, як прыклад — «Сярод поля»: «Я адзін сярод поля, толькі адзін… Наколькі хапае вока, нікога не відаць. Снег, паўсюль снег… А на небе высокім толькі зоры гараць…». Гэты тэкст у рамане пададзены як крыніца энергіі твора.
Кавалак газеты з абразком Дзергача, якую знайшлі на гарышчы, дазваляе героям пазнаваць унутраны свет атамана «Зялёнага Дуба». Але ж пісьменнік не раскрывае ўсе загадкі, ён не называе газету, з якой абразок узяты. На самай справе твор гэты ўвайшоў у кнігу Дзергача «Тыпы Палесся: абразкі і легенды» (Вільня, 1924), якая друкавалася часткамі ў газетах «Раніца» (21, 24–28 студзеня 1922 года) і «Грамадскі голас» (7 жніўня — 7 верасня; 12–28 верасня 1924 года; Вільня). Даследчыкі, якія вывучалі дзейнасць Дзергача, не ўказваюць на наяўнасць яго публікацый у газеце «Раніца», якой, магчыма, ён і кіраваў. Гэтая газета выходзіла ў Вільні ў 1921–1922 гадах. Гартаючы яе, знаходзім, што выдаўцом пазначаны Вацлаў Адамовіч. І бацька, і сын у гэты час знаходзіліся ў Вільні, таму цяжка вызначыць, хто з іх з’яўляўся рэдактарам.
Фактаў з асабістага жыцця атамана вельмі мала. Але Леанід Дайнека ў рамане «Ілоты» запаўняе гэтую лакуну і стварае прыгожую гісторыю кахання. Знаёмства, спатканні, пошукі і сустрэчы на ваенных шляхах: «Яны кінуліся адзін насустрач другому, сутыкнуліся рукамі, грудзьмі, вуснамі. Успыхнула маладая кроў. Агонь пабег па ўсіх жылах, і не было ратавання ад гэтага агню».
Ганна Доўгерт — яшчэ адзін рэальны персанаж. Яна была сувязной паміж арганізацыяй «Зялёнага Дуба» ў Мінску і яго галоўным штабам у Лунінцы, неаднаразова пераходзіла мяжу, прыносіла каштоўную інфармацыю. Гісторык Ніна Стужынская пісала: «Ганна Доўгерт (“Прыгажуня” — мянушка Ганны па агентурнай распрацоўцы) помсціла за расстрэл брата і бацькі ў Кіеве. У сваіх дзеяннях смелая, рашучая, мела шырокае кола знаёмстваў у Мінску».
Упершыню ў рамане Ганна згадана пры знаёмстве герояў з яе рукапісным дзённікам, які яна перадала для захавання Сымону Азарэвічу, аднаму з членаў «Зялёнага Дуба». Гэта быў невялікі сшытак, з якім хадзілі на заняткі гімназісты. Дзённік меў назву «Аддаю сваё сэрца каханаму Вячку». Дзяўчына загінула ў дваццаць адзін год, і гэтую страту Вячаслаў Адамовіч вельмі цяжка перажываў. Нягледзячы на тое, што ў 1923 годзе ён ажаніўся, сэрца яго ачарсцвела, і гэта штурхнула Адамовіча ў 1925 годзе на забойства жанчыны, якую ён палічыў бальшавічкай. У газеце «Раніца» публікаваліся прысвечаныя Ганне лірычныя абразкі: «Я зваў яе» (1 студзеня 1922 года), «Яна заве» (3 студзеня 1922 года). Друкаваліся пад псеўданімам Дзяргач, таму дакладна іх трэба аднесці да пяра Адамовіча-малодшага: «Я зваў яе да неба, я зваў яе да зор, але яна не прыйшла… Яна не верыла мне, яна не верыла людзям…».
Гераічны, яскрава створаны вобраз пісьменніка, палітычнага дзеяча, удзельніка Слуцкага паўстання і атамана «Зялёнага Дуба» Вячаслава Адамовіча (Дзергача), сапраўднага рыцара і патрыёта, патрабуе далейшага вывучэння лёсу яго як рэальнай асобы. Невядомы год яго смерці (каля 1939?). Ёсць звесткі, што на пачатку Другой сусветнай вайны Адамовіч-малодшы жыў у Гданьску. Леанід Маракоў выказаў думку, што ў пачатку 1940-х гадоў Дзяргач быў арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі, таму далучыў гэтага аўтара ў спіс рэпрэсаваных пісьменнікаў у энцыклапедычным даведніку «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі», які пачаў выходзіць у 2002 годзе.
Таццяна ЛАЎРЫК