У маi ў сецiве з'явiўся новы праект, прысвечаны апiсанню гарадоў i вёсак нашай краiны. Раённыя цэнтры, невялiкiя гарады i гарадскiя пасёлкi, аграгарадкi, цэнтры сельсаветаў — у планах стваральнiка паказаць каля 1300 населеных пунктаў такiмi, якiя яны ёсць тут i цяпер. Але вы не знойдзеце на сайце glubinka.by [4] турыстычных прывабнасцяў i маршрутаў, таксама як i падрабязных гiстарычных даведак, бо праект — не дубль вядомых турыстычных i краязнаўчых рэсурсаў i не вiртуальная копiя серыi кнiг «Памяць», якiя ў дэталях, лiчбах i фактах апавядаюць пра кожны са 118 раёнаў Беларусi. Гэта, хутчэй, своеасаблiвы «сямейны альбом» краiны, каштоўнасць якога разумееш толькi з часам, як i ўласных дзiцячых фотаздымкаў, — спачатку сабе на iх катэгарычна не падабаешся, а праз 20, 30 гадоў углядаешся ў кожную рыску i захоўваеш, як самыя цёплыя ўспамiны...
— Падарожжы — адно з галоўных маiх захапленняў. Я пабываў у дзясятках краiн на розных кантынентах, накруцiў тысячы кiламетраў дарог на цягнiках, аўтобусах, веласiпедзе, сотнi кiламетраў пешшу, нават крыху сплаўляўся па рэках. Натуральна, што Беларусь я даследаваў больш за iншыя краiны: наведаў больш чым 100 раённых цэнтраў, мноства iншых населеных пунктаў i мясцiн, аб'ехаў усе дзеючыя лiнii Беларускай чыгункi, дзе ёсць пасажырскi рух (а гэта каля 5500 кiламетраў эксплуатацыйнай даўжынi рэек) i нават некаторыя месцы, дзе цягнiкi ўжо не ходзяць, — расказвае аўтар i стваральнiк «вольнай энцыклапедыi «Беларуская глыбiнка», журналiст, блогер, пiяршчык Дзянiс БЛIШЧ. — Калi з'явiўся мой прафесiйны блог Blisch.by, пачаў у iм, каб не губляць, перыядычна публiкаваць тэксты-апiсаннi i фота з вандровак, але iдэя пра тое, што гэтыя фота ў сецiве захаваюцца i будуць уяўляць нейкую каштоўнасць, «прыляпiлася» яшчэ пазней.
Я не задумваў з самага пачатку зрабiць праект «Беларуская глыбiнка», проста назапасiўся вялiзны фотаархiў, якi трэба было неяк структураваць.
Часта бывае, кажа Дзянiс, што складана знайсцi фатаграфii таго цi iншага месца — не тое што савецкага часу, а нават дваццаці-дзесяцігадовай даўнiны, калi, здаецца, здымаць пачалi ўсе. Безумоўна, многае захавалася ў асабiстых архiвах фатографаў-аматараў i прафесiяналаў, але яны дасяжныя толькi для вузкага кола людзей. Так i нарадзiлася iдэя стварыць вольную энцыклапедыю беларускiх гарадоў i мястэчак. Чаму «вольную»? Бо фатаграфii з яе змогуць свабодна выкарыстоўваць у некамерцыйных мэтах усе ахвотныя (атрымаць iх у добрай якасцi можна па электроннай пошце, дата i час здымак згаданыя ў назве файлаў). Прычым па вялiзнай колькасцi населеных пунктаў, справядлiва мяркуе аўтар, гэта, магчыма, будуць адзiныя iснуючыя здымкi, бо калi ў вёсцы цi маленькiм гарадку няма нiякiх славутасцяў, будзем шчырыя — цi многiя туды паедуць проста так?
— Па якім прынцыпе ты выбiраеш населеныя пункты, што трапяць у энцыклапедыю? Паводле сайта Belarus.by, у нас 113 гарадоў, 90 пасёлкаў гарадскога тыпу i больш за 23 тысячы сельскiх населеных пунктаў — чаму з iх узяў толькi 1300?
— Насамрэч, паводле свежых падлiкаў, у Беларусi 115 гарадоў, 118 раёнаў i каля 1150 сельсаветаў, — папраўляе Дзянiс. — Але апошняя лiчба не пастаянная i мае тэндэнцыю да змяншэння, бо з натуральных прычын сельсаветы аб'ядноўваюцца i ўзбуйняюцца, i гэта вельмi складана адсочваць. Я ўключыў у праект усе гарады i ўсе пасёлкi гарадскога тыпу, а таксама ўсе сельсаветы i населеныя пункты, у якiх ёсць буйное прадпрыемства, пэўная колькасць насельнiцтва i не хаатычная, а спланаваная архiтэктарамi забудова. Хоць, канешне, тут ёсць свае выключэннi — ёсць дзiўныя месцы, дзе проста ў полi можа стаяць каменны, больш за тое, нават пяцiпавярховы дом... Але адштурхоўваюся я ўсё ж ад iснуючага ў нас адмiнiстрацыйнага дзялення, якое, думаю, захаваецца ў нашай краiне на доўгi тэрмiн.
На сёння ў вiртуальнай энцыклапедыi «Беларуская глыбiнка» апублiкаваныя апiсаннi i фотаздымкi пра амаль 120 населеных пунктаў — напрыклад, ахоплены ўвесь Маладзечанскi i амаль увесь Мiнскi раён, Акцябрскi раён Гомельшчыны, шэраг гарадоў i пасёлкаў Брэстчыны, Гомельшчыны, Вiцебшчыны... Анонсы абнаўленняў змяшчаюцца ў тэлеграм-канале «Беларуская глыбiнка». А першае на сайт трапiла Хацежына — аграгарадок пад Мiнскам. «Нiякай храналогii ў парадку размяшчэння няма, — удакладняе Дзянiс, — таму нават не ведаю, чаму пачаў з яго. Упершыню пабываў у Хацежыне летась, выклаў уражаннi ў блог, а потым проста перакiнуў на сайт. Што да самай свежай паездкi — зрабiў у сацсетках апытанне, куды накiравацца. У мяне ёсць унутраная патрэба паглядзець усе беларускiя гарады; наступны горад будзе «юбiлейны», соты, i гэта будзе Слонiм, за якi прагаласавала больш за ўсё чалавек. Ужо набыў бiлеты, у канцы гэтага тыдня паеду днi на тры (але без Жыровiц, iх зраблю асобна). Наогул паглядзеў па карце, што ў гэтых месцах шмат дзе не быў — не бачыў Слонiм, Зэльву, Ваўкавыск — даволi вялiкi кавалак Гродзеншчыны».
— Некаторыя месцы вельмi ўразiлi. Напрыклад, Чачэрск, — дзелiцца ўражаннямi аўтар праекта. — Ён аказаўся абсалютна не падобны да гарадоў усходняй Беларусi — навокал яго i Карма, i Рагачоў, i iншыя гарады больш «савецкiя», тыповыя i, па шчырасцi, на мой густ даволi сумныя. А вось Чачэрск моцна вылучаецца, i насамрэч варта прыехаць, каб убачыць нечаканыя рэчы: псеўдагатычную ратушу, царкву-ратонду... Для мяне гэта было адкрыццё. Хоць, як правiла, наўмысна перад паездкамi нiчога не чытаю пра горад, каб скласцi ўражанне на ўласныя вочы. А ўжо калi пiшу ў блогу, тады ўдакладняю i колькасць насельнiцтва, i iншыя цiкавыя рэчы, абавязкова чытаю мясцовую прэсу, бо пра некаторыя населеныя пункты больш нiдзе iнфармацыi не знойдзеш. Узяць, скажам, аграгарадок Жамчужны пад Баранавiчамi — ён звязаны з будаўнiцтвам птушкафабрыкi «Дружба» i вельмi незвычайны: у iм комплексная i нязвыклая для нашага вока забудова, i наогул гэта адзiн з тых узорна-паказальных гарадкоў, якiя сёння называюць «вёскамi будучынi».
— Цi паўплывала на планы падарожжаў сiтуацыя, якая сёлета складваецца праз каранавiрус?
— Так, безумоўна — калi на пачатку года я меркаваў, што, можа быць, не паспею ўбачыць усе райцэнтры i гарады, то цяпер упэўнены, што «даезджу» iх, бо мноства праектаў адкладзена цi адменена i больш няма чаго рабiць. (Смяецца.) Насамрэч засталося не так шмат: неапiсаных райцэнтраў у мяне 27 цi 28, большасць ужо зняў, але яшчэ не выклаў на сайце. Гарадоў, здаецца, засталося яшчэ менш, 16. Але самая вялiкая работа звязаная з дробнымi населенымi пунктамi: аграгарадкi, пасёлкi, сельсаветы. Iх я здымаю звычайна «пачкамi», бо выпадкова туды не дабярэшся, а транспарт ходзiць часам вельмi рэдка — тады шукаю знаёмых альбо мясцовых з машынай, бо сам не ваджу, альбо наймаю таксi, часам нават аўтаспын дапамагае.
— Дарэчы, цi ёсць нейкi алгарытм, па якiм ты знаёмiшся з новым горадам? Мая калега з Магiлёва, скажам, мяркуе, што абавязкова трэба зазiрнуць у мясцовы краязнаўчы музей...
— Музей дакладна не маё, хоць i разумею, што там можна знайсцi штосьцi цiкавае i важнае, але не люблю, калi мне расказваюць гатовыя рэчы, лепш сам пагляджу. А вось калi ў населеным пункце ёсць чыгуначная станцыя цi вакзал, туды абавязкова зазiрну. Таксама заўжды прыходжу на цэнтральную плошчу, дзе змешчаны нейкiя адмiнiстрацыйныя ўстановы, заўжды гляджу спальныя раёны — як правiла, у гэтых дварах i ёсць сапраўднае жыццё горада цi пасёлка, мне вельмi падабаюцца такiя мясцовыя замалёўкi. Хоць, натуральна, вельмi многiя гарады памiж сабой падобныя — можа, на захадзе краiны большая разнастайнасць, але ў цэлым столькi аднолькавых рэчаў, што «твар» некаторых гарадоў запомнiць немагчыма.
Адна з формаў, якой ахвотныя могуць падтрымаць праект, — персанальная замова на здымку роднай вёскi (сваёй, бацькоў цi бабуль-дзядуль) з фiксацыяй усiх памятных мясцiн i дабаўленнем на вiртуальную карту i ў каталог. Праўда, кажа Дзянiс Блiшч, падобных заказаў пакуль не паступала, але i без iх, i без усякай фiнансавай падтрымкi з боку ён мае намер працягнуць i завяршыць праект — проста таму, што самому цiкава. Для сябе ж ён ужо наведаў i зафiксаваў малую радзiму як па матчынай лiнii — Жлобiн, так i па бацькавай — вёска Галубiца Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны. «Зараз да праекта далучыўся спонсар — адзiн з мабiльных аператараў краiны, з дапамогай якога закрываюцца выдаткi на пераезды i далейшую распрацоўку, — расказвае аўтар «Беларускай глыбiнкi». — Але праект ад пачатку некамерцыйны, я на iм не зарабляю i не збiраюся зарабляць, ён не патрабуе касмiчных выдаткаў, а таму, мяркую, будзе жыць — з чаго б яму спыняцца. I хоць бачу, што трафiк пакуль невялiкi, але ўжо ёсць людзi, каму гэта цiкава i хто пастаянна чытае новыя публiкацыi. Дый мне самому гэты працэс не надакучвае шмат гадоў.
А калi ўсё ж назбiраецца стома ад апiсання тыпавых, бязлiкiх месцаў — буду разбаўляць рознымi цiкавiнкамi, тым больш што такiх гарадоў я ведаю шмат».
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з архiва Дзянiса БЛIШЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] http://glubinka.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/glybinka
[6] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzhy