Мiнiстэрства аховы здароўя i Рэспублiканскi цэнтр па санаторна-курортным лячэннi распрацавалi часовыя рэкамендацыi для санаторна-курортных арганiзацый па прафiлактыцы завозу каранавiруснай iнфекцыi.
Такiм чынам, адпачывальнiкi павiнны прадставiць даведку аб адсутнасцi кантактаў з хворымi на СOVID-19 цягам апошнiх 14 дзён, выдадзеную тэрытарыяльнай палiклiнiкай цi тэрытарыяльным цэнтрам гiгiены i эпiдэмiялогii. Такую ж даведку запатрабуюць i ад замежных грамадзян. Санаторыi павiнны прадугледзець аднамомантны заезд i выезд адпачывальнiкаў з перапынкамi памiж заездамi для генеральнай прыборкi i дэзынфекцыi.
Падчас заезду адпачывальнiкам будуць праводзiць тэрмаметрыю, падчас рэгiстрацыi забяспечаць дыстанцыраванне. Засяляць гасцей плануюць па адным у нумар, у агульны нумар могуць засялiць толькi членаў сям'i, якiя прыбылi разам.
У санаторыях будзе арганiзавана штодзённая прыборка памяшканняў з дэзынфiцыруючымi сродкамi, у тым лiку ўсiх паверхняў, а на вулiцы — апрацоўка малых архiтэктурных формаў (спартыўных пляцовак, альтанак, лавак, пляжнага абсталявання). У нумарах забяспечаць кантроль за наяўнасцю мыла i туалетнай паперы. Памяшканнi будуць як мага часцей праветрываць.
Прыярытэт рэкамендавана аддаваць харчаванню ў нумарах цi па сiстэме замоў. У сталоўках сталы будуць расстаўляцца на дыстанцыi 1,5-2 метры, час прыёму ежы для адпачывальнiкаў будзе размежаваны, каб аднамомантна ў абедзеннай зале знаходзiлася мiнiмальная колькасць людзей.
Медыцынскiя паслугi будуць аказвацца iндывiдуальна, па папярэднiм запiсе. Пасля кожнай працэдуры прадугледжаны праветрыванне i дэзынфекцыя памяшкання i абсталявання. Культурна-масавыя мерапрыемствы абмяжуюць. Персанал будзе працаваць пераважна вахтавым метадам.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: korrespondent.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[4] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak
[5] https://zviazda.by/be/tags/sanatoryy
[6] https://zviazda.by/be/tags/kurort