На адмысловым анлайн-фэсце да дня нараджэння Янкі Купалы выступяць «Песняры» і адразу некалькі Паўлінак: падзея распачнецца сёння, 6 ліпеня, а восьмай гадзіне і расцягнецца да 12-га. Далучыцца да фестывалю, арганізаванага Купалаўскім тэатрам і літаратурным музеем імя Янкі Купалы, можна на афіцыйным сайце [1] і YouTube-канале [2] тэатра.
Падзея — яе назвалі «Паўлінка на Купалле» — мяркуе некалькі тэматычных блокаў, падчас якіх можна будзе паслухаць «Песняроў», схадзіць на віртуальную экскурсію па Купалаўскім і такім жа чынам наведаць музей Купалы ў Вязынцы і ў Мінску. Сімвалам фэста стане персанаж Паўлінкі, увасоблены актрысамі Купалаўскага Зояй Белахвосцік, Юліяй Шпілеўскай, Кацярынай Алейнікавай і Мартай Голубевай — яны апроч іншага навучаць плясці вянкі, а пан Быкоўскі тым часам — танцаваць «Лявоніху».
Анлайн-фестываль стане чарговым мерапрыемствам у рамках 100-годзя Купалаўскага тэатра, вымушанага святкавацца ва ўмовах абмежаванняў праз пандэмію каранавіруса.
Праект фэста рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры, генеральнага партнёра Купалаўскага тэатра кампаніі Mastercard і партнёра музея кампаніі «Белдзяржстрах».
Спасылкі
[1] https://www.kupalauski.by/
[2] https://www.youtube.com/channel/UCgaEda4qaOMoqlhzN5cj1bw
[3] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala