Першая ў Беларусі студыя падводнай фота- і відэаздымкі адкрыецца на стадыёне «Дынама» у пачатку жніўня, паведамілі ў прэс-службе.
Цяпер у студыі завяршаюцца работы па мантажы спецыяльнага шасціметровага басейна з вялікімі вокнамі па баках. Такая сістэма дасць магчымасць праводзіць здымку без пагружэння фатографа і відэаператара. Для сувязі з мадэллю будзе арганізавана сістэма падводнага гуку.
Для таго, каб вада заставалася крышталёва чыстай на працягу ўсёй здымкі, ўсталяваная сістэма ачысткі і фільтрацыі, якая больш чым у 5 разоў пераўзыходзіць па магутнасці тыпавыя басейны.
Падключэнне абсталявання не патрабуе падаўжальнікаў, на ўсіх разетках устаноўлены прылады ахоўнага адключэння, самі разеткі маюць вільгацеахову ip68. У студыі заўсёды цёпла і суха, працуе прафесійная сістэма вентыляцыі і кандыцыянавання, паведамілі ў прэс-службе.
Персанал прайшоў курсы аказання першай медыцынскай дапамогі на вадзе.
«Гэта вельмі цікавы і ўнікальны праект для Беларусі. Мы вывучылі лепшы сусветны вопыт стварэння падобнага віда студый, — распавёў аўтар праекта «ДИПСТУДИО» Віталь Гаўрашка. — Падводная фота- і відэаздымка дае шмат магчымасцяў для творчых эксперыментаў»
Студыяй змогуць скарыстацца ўсе жадаючыя для асабістых фотасесій, здымкі кліпаў, фільмаў і рэкламных ролікаў.
Фота дадзена прэс-службай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/padvodnaya-zdymka
[2] https://zviazda.by/be/tags/stadyyon-dynama-0