Мікалай Барысенка, гісторык, ваенны пісьменнік, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:
— Самае каштоўнае, што ёсць на зямлі — гэта мір і магчымасць жыць у незалежнай дзяржаве. Мы не павінны забываць, якой цаной была заваяваная Перамога. Мы ў неаплатным даўгу перад тымі, хто перадаў нам у спадчыну мірную краіну. Яны адбудоўвалі разбураныя гарады, наладжвалі вытворчасць. Гэта дало нам магчымасць быць незалежнымі і развівацца. Наша моц — у гістарычнай памяці. Калі яе не будзе, мы страцім сувязь паміж пакаленнямі. І тады знойдуцца тыя, хто перапішуць гісторыю і сказяць факты. Азіраючыся назад, мы бачым, што самы лепшы спосаб вырашэння пытання — мірны. Без войнаў, рэвалюцый і кровапраліцця. Пакуль мы памятаем пра подзвіг і цяжкую працу нашых продкаў, мы непераможныя.
Я гісторык і пісьменнік, асноўную частку жыцця прысвяціў пошукавай дзейнасці, больш за 30 гадоў кірую гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам «Віккру». Я рады, што раблю любімую справу на карысць Радзімы. Для патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі вельмі важны вопыт папярэдніх пакаленняў і генетычная памяць, якая звязвае кожнага з іх са сваімі продкамі. Калі няма такога падмурка, тады лёгкаперапісаць гісторыю і пазбавіць павагі чалавека да сваёй роднай краіны.
20 чэрвеня мне пашанцавала мець дачыненне да адкрыцця мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі. Запомніліся словы, што сказаў Прэзідэнт падчас экскурсіі па мемарыяльным комплексе. «Калі не дай Бог пачнецца вайна, яна не пакіне ў баку нікога, яна ўвойдзе ў кожны дом, а гэта слёзы, кроў і пакуты для ўсіх. Вельмі важна зберагчы мір.» Мае думкі сугучныя з гэтымі думкамі. Іх добра разумеюць і ўсе члены клуба «Віккру». Бо падчас пошукавых экспедыцый на месцах баёў яны цалкам паглыбляюцца ў атмасферу вайны і бачаць яе непрыхаваную існасць. Міжволі кожны задумваецца, а як бы ў той момант паступіў я. І, перакананы, робяць выбар на карысць Айчыны. Якой бы яна не была, але яна мая, і я зраблю ўсё магчымае, каб яе абараніць ...
Мы жывем сёння ў стабільнай і спакойнай дзяржаве. І толькі ад нас залежыць, якую Беларусь мы перададзім сваім нашчадкам. Любы пераварот — гэта адмаўленне ўсяго таго, што ўжо ёсць, таго, што паспела дасягнуць дзяржава.
Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2020