Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ адзначае імкненне выбаршчыкаў да абмеркавання рэальных праблем.
— За гады незалежнасці Беларусь сапраўды здзейсніла вельмі сур’ёзны рывок наперад у сваім развіцці. Не заўважыць гэта можа толькі невідушчы — таму што развіццё адбылося і па кірунках эканамічных, структурных, інфраструктурных, культурных, спартыўных, у міжнародных адносінах... Змянілася ўсё: краіна сапраўдны ўстала на ногі, у краіне з’явіліся традыцыі дзяржаўнасці, суверэнітэту. Мы здолелі кансалідаваць асноўныя грамадзянскія інстытуты нашага грамадства, і сёння можам вельмі ўпэўнена адчуваць сябе на міжнароднай арэне.
Прычым зрабілі мы гэта ўсё не дзякуючы багатым прыродным рэсурсам, а ўласнай працы. Я разумею, што камусьці магло б хацецца большага, а дастатак, напэўна, мог бы быць большы, але гэта тое, чаго мы дасягнулі самі. Гэта вынік нашых сумесных намаганняў. Нам няма каго вінаваціць — як, увогуле, і ўдзячныя мы мусім толькі самім сабе.
Сацыяльнае развіццё і сацыяльная згода ў грамадстве дасягаецца дастаткова складаным і карпатлівым шляхам. Толькі праз дыялог, сістэмную працу — на вуліцах такія рэчы не вырашаюць. Хутчэй, «вуліца» — гэта шлях нікуды, шлях, які хутчэй за ўсё прывядзе да парушэння дэмакратычных традыцый, якія толькі-толькі пачалі фарміравацца ў Беларусі, да разброду і хістання. І мы можам згубіць усё, што маем.
Мы мусім гаварыць шчыра і сумленна пра ўсё — не толькі пра дасягненні, але і пра праблемы. Шмат у чым я бачу, дарэчы, па сваіх выбаршчыках, што яны хочуць бачыць абмеркаванні рэальных праблем, бачыць, як і чыноўнікі, і мясцовая ўлада, і грамадскія арганізацыі з гэтым праблемамі спраўляюцца.
Гэта вельмі сур’ёзны запыт грамадства, і па-за ўсялякіх сумненняў мы павінны на яго адрэагаваць.
Запісала Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2020