Лён, папараць-кветкі, празрыстыя тканіны, васільковыя матывы, адмысловыя какошнікі —8 ліпеня ў Мінску былі паказаны тры модныя калекцыі беларускіх дызайнераў, што свае новыя работы прысвяцілі святу Купалля. Ethical Fashion Show #3 — паказ этычнай моды — быў арганізаваны Беларускай палатай моды па ініцыятыве яе старшыні Яніны Ганчаровай.
Этычная, альбо, можна сказаць, свядомая мода, якая мяркуе экалагічную вытворчасць, гуманны падыход да індустрыі і забеспячэнне празрыстасці ўсіх працэсаў, добра спалучаецца з нацыянальнымі матывамі, што, калі гаворка пайшла пра Купалле, былі прадказальна ўзяты дызайнерамі на ўзбраенне.
У калекцыі «Сон у купальскую ноч» аўтарак Паліны Воранавай і Ларысы Атаманавай брэнда Historia Naturalis былі паказаны паветраныя і лёгкія льняныя строі з вартымі асобнай увагі прынтамі.
Дызайнерка Наталля Кастрама запрасіла для паказу калекцыі «Калыханка» мадэляў розных узростаў — ад маладзіц да жанчын элегантных гадоў — і апранула іх у шаўковыя напаўпразрыстыя спадніцы і сукенкі, аздобіла гэта аксэсуарамі з лямцу і дадала своесаблівыя какошнікі.
У калекцыі «Васільковая» аўтарка Арына Ромбак ўзяла традыцыйныя формы і выканала іх з выкарыстаннем васілька ў колерах і арнаментах.
Дэфіле адбылося на адкрытай прасторы ў парку Dipservice Hall — праз каранавірус падзея была камернай і меркавала абмежаваную колькасць гасцей. Наведвальнікі тым не менш праз свае строі і вянкі на галовах таксама падладзіліся пад купальскую тэму.
Вольга МІЦКЕВІЧ
Фота Аляксея ІСАЧЭНКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/moda