Электронны кiрмаш вакансiй будзе праведзены ў чацвер 16 лiпеня камiтэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама пры падтрымцы Мiнпрацы i сацабароны.
У дзяржаўнай службе занятасцi паведамiлi, што электронны кiрмаш вакансiй будзе даступны на сайце http://e-vacancy.by. Згаданая паслуга прапануецца ўсiм жыхарам Беларусi (незалежна ад прапiскi) i значна скарачае перыяд пошуку работы.
У мерапрыемстве будуць удзельнiчаць дзевяць арганiзацый Мiнска. Гэта акцыянерныя таварыствы «Керамiн» i «Крынiца», ААТ «МАЗ» — кiруючая кампанiя холдынга «БелаўтаМАЗ», прадпрыемствы «Мiнскрамбуд» i «Мiнскi мясакамбiнат», ДП «Мiнсктранс» (чатыры фiлiялы), РУП «Белмедпрэпараты», унiтарныя прадпрыемствы «Мiнсккамунцепласетка» i «Мiнскводаканал».
Ужо цяпер вядома, што гэтымi арганiзацыямi будзе прапанавана больш за 500 вакансiй. Саiскальнiкi змогуць задаць наймальнiкам пытаннi, якiя iх цiкавяць, i атрымаць кансультацыi з 10.00 да 12.00. Але арганiзатары кiрмашу адзначаюць, што нават па заканчэннi мерапрыемства доступ да вакансiй захаваецца, бо ўсе актуальныя прапановы па працаўладкаваннi будуць аўтаматычна перанесеныя ў базу даных на партале службы занятасцi gsz.gov.by.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/pracauladkavanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/vakansii
[5] https://zviazda.by/be/tags/kirmash-vakansiy