22 ліпеня а 17-й гадзіне ў Палацы мастацтва адбудзецца цырымонія адкрыцця Рэспубліканскай выставы «Трыенале сучаснага мастацтва» па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» ў 2019 — 2020 гг., паведамілі ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Сярод задач конкурсу — адраджэнне, развіццё і папулярызацыя лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва, прыцягнення да яго ўвагі шырокіх слаёў грамадства; павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу; выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, развіццё яе творчых здольнасцей.
Экспазіцыя прадставіць 92 работы, якія былі вызначаны адборачнай камісіяй з 358 заявак па 10 намінацыях: «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дызайн», «Актуальнае мастацтва» (арт-аб’ект, інсталяцыя), «Мастацкая фатаграфія», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка», «Творчы дэбют».
У перыяд правядзення выставы прафесійнае журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу з ліку прэтэндэнтаў. Пераможцы атрымаюць грашовую прэмію, дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз. Таксама будуць уручаны дыпломы «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва» і «Мецэнат выяўленчага мастацтва». Па выніках выставы будзе падрыхтаваны каталог.
Конкурс арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім гарадскім і абласнымі выканаўчымі камітэтамі, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/tryenale
[2] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyyaulenchae-mastactva