Гэта ўжо традыцыя: штогод у Паставах адкрываўся Мiжнародны фестываль народнай музыкi «Звiняць цымбалы i гармонiк» i разам з iм — Горад майстроў, дзе ўсе ахвотныя маглi палюбавацца работамi слыннай вышывальшчыцы Лiлii Зарэцкай. Водгукi на iх былi самыя ўзнёслыя аж да таго, што многiя тут жа даставалi кашалькi — прасiлi нешта прадаць...
У гэтых выпадках майстрыха шчыра выбачалася i адмаўляла. Казала, што ўсе вышыўкi — даслоўна — «нiбы дзеткi мае: як мне з iмi расстацца?» Аднак калi нехта з патэнцыйных пакупнiкоў (незалежна ад таго знаёмы цi ўпершыню ўбачаны), чымсьцi ёй падабаўся, без шкадавання адорвала. Такiм чынам велiзарная колькасць работ вышывальшчыцы (толькi падушачак сотнi са тры) «разышлася», апроч Беларусi, па Расii, Лiтве, Латвii, Германii... Нават Прэзiдэнту краiны, калi той наведваў Паставы, майстрыха падарыла карцiну. I ўразiла сваiм талентам.
Не дзiва, што з часам у «сценах» Горада майстроў Лiлii Радзiвонаўне стала цесна: летась яе персанальная выстаўка заняла цэлы паверх Пастаўскага Дома рамёстваў, а яе адкрыццё сабрала i прадстаўнiкоў улады, i гасцей фестывалю, i сяброў... Казачнае вышыванае дзiва захапiла тады ўсiх! I людзi, вядома ж, не маўчалi...
Гаварыла i сама Лiлiя Радзiвонаўна, што калi трымае ў руках iголку (а гэта па 8-10 гадзiн у суткi, нават на бальнiчным ложку) у яе заўсёды добры настрой. «Нiткi стараюся падбiраць яркiя, усiх колераў вясёлкi. Адзiн i той жа ўзор нiколi не паўтараю. Для мяне найвялiкшае задавальненне — прыдумваць новы, а найвялiкшая радасць — завяршаць чарговую работу».
Трэба сказаць, што сярод iх ёсць сапраўды маштабныя: карты краiны i Пастаўшчыны, «Вянок паэтаў — класiкаў Беларусi», «Дрэва жыцця сям'i Лапачонак»... А колькi абразоў, карцiн, дываноў, сурвэтак... Праўда, расказваць пра iх цi нават паказваць на фотаздымках не мае сэнсу: гэтую непаўторную прыгажосць трэба бачыць, наталяцца яе станоўчай энергетыкай i, вядома ж, разумець, што такое хараство мог стварыць толькi шчыры, добры чалавек.
Якраз такой Лiлiю Радзiвонаўну i ведаюць, хоць лiха яна хапiла напоўнiцу: 35 гадоў працавала даяркай, рана аўдавела, адна вывела ў людзi чатырох дачушак i сына, якiя сталi яе радасцю, надзеяй i апорай, мае 10 унукаў i 7 праўнукаў... Усяго на дрэве жыцця яе роду вышыта ажно 118 лiсцейкаў-iмён, больш за 30 — самых родных яе! I колькасць iх кожны год прыбаўляецца. Тады аб чым яшчэ можна марыць i чаго хацець?!
Аднак жаданне ў майстрыхi было: адкрыць музей вышыванкi, сабраць разам свае работы, каб засталiся спадчынай не толькi дзецям, унукам ды праўнукам, але ўсiм добрым людзям. I вось...
Мары сапраўды збываюцца: такi музей адкрыўся ў адным з пакояў мясцовай школы, за што майстрыха асаблiва ўдзячная намеснiку старшынi райвыканкама Юрыю Кiсялёву, старшынi Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцiну Мядзведзеву, дырэктару мясцовай школы Валянцiне Пяткевiч i яе мужу Генадзю, работнiкам Старадворскага ляснiцтва...
Першымi наведвальнiкамi музея аднаго творцы сталi вучнi школы. Але ён, без сумнення, прыцягне ўвагу i дарослых: аграгарадок Навасёлкi-1, дзе жыве майстрыха, знаходзiцца на турыстычным маршруце. А музеяў такiх у краiне, вiдаць, няшмат?
Фаiна Касаткiна, г. Паставы
Фота Сяргея Вшыўкава
З дзяцiнства я ўяўляла сябе настаўнiцай. Старэйшы брат Данiла надарыў, помню, гумавых лялек, i я не проста кармiла ды паiла iх — патрабавала сядзець роўненька, слухаць уважлiва i запамiнаць...
Маці старалася ва ўсiм падтрымлiваць мяне, падахвочваць да нейкiх цiкавых спраў. Дагэтуль помню, як яна вучыла мяне разгадваць загадкi. Адкуль яна iх ведала (прычым столькi) — для мяне засталося дзiвам, бо нi чытаць, нi пiсаць, нi нават распiсвацца мама не ўмела. А вось мяне вучыла, i найперш — думаць.
У памяцi i татавы заданнi. Элементарнае: неяк ён (стары ўжо, я ў яго позняе дзiця) папрасiў прынесцi вады. Я пабегла да калодзежа, выцягнула яе, хуценька ўнесла ў хату i паставiла вядро на ўслончык. Брат, якi сядзеў побач з татам, падхапiўся, набраў у кубак вады, падаў... Тата выпiў i падзякаваў брату, а мне зрабiў заўвагу: маўляў, пачатую справу трэба заўжды даводзiць да канца.
Шмат падобных урокаў я атрымала ў дзяцiнстве. А колькi цiкавых казак пачула! У татавай галаве (было такое ўражанне) героi iх збiраюцца разам, кантактуюць, а потым пачынаюць новае жыццё — недзе сур'ёзнае, а недзе i смешнае. Слухаючы тату, усе здзiўлялiся, што ён, таксама непiсьменны, можа так прыгожа расказваць!
Гэтыя ды iншыя «дамашнiя ўрокi» моцна запалi ў маю дзiцячую душу i абярнулiся тым, што ў 1952 годзе я паступiла на завочнае аддзяленне фiлалагiчнага факультэта Магiлёўскага педiнстытута i ў час экзамену па замежнай мове так свабодна чытала i перакладала на рускую артыкул з нямецкай газеты, што камiсiя параiла мне звярнуцца ў Бабруйскi абласны аддзел народнай асветы — пашукаць пасаду настаўнiцы.
Мне пашчасцiла: я атрымала накiраванне ў Вiркаўскую сямiгодку, дзе дырэктарам быў Мiхаiл Пятровiч Лапацiн. Ён скончыў духоўную семiнарыю, валодаў пяццю мовамi... Мяне ж «нагрузiў» гадзiнамi нямецкай i малявання ў 5-6-х класах ды класным кiраўнiцтвам у 5-м. Пры гэтым, праўда, пашкадаваў, што маладыя настаўнiкi цяпер не затрымлiваюцца, iм цяжка: вучнi ў класах (рэха вайны) вельмi розных узростаў. «Вашаму Яўгену пятнаццаць, — паведамiў дырэктар. — Вы з iм амаль равеснiкi...»
З гэтым Яўгенам я i сапраўды нацярпелася: ён не толькi не слухаў i не працаваў на ўроках, а проста зрываў iх. I аднойчы маё цярпенне лопнула: я рашуча накiравалася да яго — паклiкала разам са мною выйсцi з класа.
Дзецi чакалi, што я павяду Яўгена да дырэктара, якога вельмi паважалi, прычым усе: настаўнiкi, вучнi, iх бацькi...
Зрэшты, яны, вяскоўцы, як я адчувала, з павагай прынялi i мяне, бо я не толькi з ахвотай дапамагала ва ўсiм гаспадынi, у якой жыла на кватэры, ды iншым адзiнокiм жанчынам, але i кожны дзень бегала па пяць кiламетраў...
Але ж гэта — людзi дарослыя, iншая рэч — цяжкi падлетак. Што з iм рабiць?
Iдэя — i, можна сказаць, дзiцячая — нарадзiлася iмгненна.
— Ты лiчыш сябе дарослым? — спытала я Яўгена. — Хочаш быць лiдарам?.. А давай наперагонкi — да той бярозы i назад. Хто пераможа, той у класе i лiдар. Па руках?
Хлопец, амаль на галаву вышэйшы за мяне, быў упэўнены, што выйграе, аднак ён прайграў i больш нiколi не перашкаджаў мне весцi ўрокi.
Затое Шура... I зноў праблема! I зноў не знайсцi падыход!
Але ж неяк я папрасiлася на ўрок рускай мовы, якi вёў сам дырэктар. Мiхаiл Пятровiч з вiдавочным задавальненнем прывёў мяне ў клас, пасадзiў на задняй парце побач... з тым самым Шурам. Вучнi пiсалi дыктоўку. А гэта ж у нашай беларускай мове як чуецца, так i пiшацца, а ў рускай паспрабуй яшчэ разбярыся, дзе «а» напiсаць, а дзе «о»! Шура ўвесь час «тармазiў». Я — неўпрыкмет падказвала. Справа пайшла весялей, i Шуру, бачу, яна спадабалася, а вось Мiхаiлу Пятровiчу...
Шчыра кажучы, думала, што ён будзе сварыцца. I як жа памылiлася!
— Вы б бачылi, — расказваў потым дырэктар, — якое шчасце было ў Шуры, калi ён атрымаў «пяцёрку», калi я пры ўсiх вучнях сказаў, што найлепш з дыктоўкай справiлiся толькi двое — ён i выдатнiк Валера Эстрын...
З таго часу Шура назаўсёды стаў маiм сябрам. А галоўнае, адчуўшы смак перамогi, узяўся за вучобу, за кнiгi...
Увесь свой вольны час я тады праводзiла з дзецьмi. Разам з iмi, апроч iншага, мы рыхтавалi канцэрты, выступалi перад вяскоўцамi, i якiя ж удзячныя ў нас былi гледачы!..
Карацей, два гады ў Вiркаве ўспамiнаюцца мне з незвычайнай цеплынёй.
Тады спытаеце: чаму толькi два?
Таму што наш Мiхаiл Пятровiч меў неасцярожнасць так расхвалiць мяне на жнiвеньскай нарадзе, што начальства зрабiла высновы — накiравала мяне дырэктарам Баркоўскай сямiгодкi ў тым жа Клiчаўскiм раёне.
...Даўно гэта было, але ж сакрэт поспеху настаўнiка застаўся, па-мойму, ранейшы: трэба любiць прадмет, якi выкладаеш, любiць дзяцей, трымацца формулы Макаранкi: «Як мага больш патрабавальнасцi да вучня i як мага больш павагi да яго». Чаго i хочацца пажадаць усiм, хто працуе па гэтай прафесii, усiм, хто толькi выбiрае яе.
В. Д. Сазонава, Мiнскi раён
Лета — цудоўная пара! I не толькi ў прыродзе, — у нашым жыццi. Ад кожных канiкул я чакаю чагосьцi новага, нават незвычайнага: новых ведаў, новых уражанняў... Тым больш што для гэтага створаны ўсе ўмовы: дома — бацькамi, у школе — настаўнiкамi.
Сёлета свой выбар я спынiў на гуртку «Юныя турысты». Пазнаёмiўся з праграмай, парадаваўся, што змагу больш даведацца пра сваю малую радзiму, што падарожнiчаць па ёй буду разам з сябрамi.
Але ж спачатку ў нас былi заняткi па правiлах бяспечных паводзiн, па тэхнiцы руху ў калоне...
I вось мы ўжо коцiм па дарогах сваёй Бацькаўшчыны! Шкадуем, вядома ж, што праз пандэмiю абмяжоўваем сваю дзейнасць, але нават у гэтых умовах цiкава праводзiм час: вывучаем геаграфiю i гiсторыю населеных пунктаў, ландшафты сваёй мясцовасцi, гiсторыю iх паходжання i змянення — у тым лiку пад уздзеяннем чалавека...
Новыя нязвыклыя ўмовы дазваляюць нам лепш разумець адзiн аднаго, а гэта не толькi зблiжае, але i яднае, робiць нас больш адказнымi, развiвае пазнавальную актыўнасць ды самыя станоўчыя якасцi.
Iншымi словамi, адчуўшы асалоду ад зносiн i перамены месцаў, ад новых ведаў i краявiдаў, я ўсiх запрашаю ў нашы рады — рады падарожнiкаў i краязнаўцаў.
Павел Ганчар, вучань Дварэцкай СШ, Дзятлаўскi раён
Людзi кажуць, што любоў прыходзiць i сыходзiць, а есцi хочацца ўвесь час.
I сапраўды, у краму народ сышоўся, каля мясных палiц «затармазiў» — стаў углядацца, выбiраць, а потым прасiць узважыць для сябе хто мяса i дарагой каўбаскi, хто «доктарскай» цi лiверкi. Прычым у апошнім выпадку кожны чамусьцi тлумачыў, што купляе для сабачкi цi ката.
...Дзядзька Мiкола таксама лiверку браў. I таксама казаў, што гэта — для... козачак.
Так ён сваiх «дзяўчат» называе — жонку з унучкамi. Але ж не ўсе гэта ведаюць, таму праз пару дзён мая знаёмая пытаецца:
— А ты цi чула, што Мiкола коз развёў, што ён iх лiверкай кормiць?
...Праўду кажуць: у кумы не прападзе, не пачуе, — прыкладзе.
С. Я. Атрохава, Слуцкi раён
Пошту чытала Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty