Мы павінны забяспечыць камфортнае пражыванне людзей у кожным кутку краіны. Пра гэта заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое прайшло ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, паведамляе БЕЛТА [1].
Падчас выязнога пасяджэння ўдзельнікі наведалі аграгарадок Гарадзішча, дзе на яго прыкладзе азнаёміліся са стварэннем камфортных умоў для жыцця людзей.
«Раўнамернае развіццё рэгіёнаў і камфортнае пражыванне людзей у кожным населеным пункце краіны — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, — адзначыла Наталля Качанава. — Каб чалавеку было зручна жыць, трэба ствараць для гэтага развітую інфраструктуру. Дзіцячыя сады і школы, пошта, банкі, гандлёвыя аб’екты — усё гэта павінна быць. На прыкладзе аграгарадка Гарадзішча мы ўбачылі гэтую працу. Для фарміравання камфортнага жыцця людзей у нас ёсць усе сродкі, і мы павінны далей дзейнічаць у гэтым кірунку».
Па словах Наталлі Качанавай, яшчэ адзін важны момант замацавання маладых людзей у вёсцы — наяўнасць жылля. «Месца працы, дастойная заработная плата і магчымасць атрымаць жыллё — гэта тое, што дазваляе людзям замацавацца ў населеным пункце. У Гарадзішчы мы ўбачылі, што мясцовая ўлада надае вялікую ўвагу гэтым пытанням. Тут няма праблем з арэндным жыллём — падчас рэканструкцыі дзіцячага сада частку яго памяшканняў перарабілі пад сучасныя і добраўпарадкаваныя кватэры з электраацяпленнем», - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/kochanova-my-dolzhny-obespechit-komfortnoe-prozhivanie-ljudej-v-kazhdom-ugolke-strany-398519-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava