Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi пабываў у некалькiх раёнах Гродзенскай вобласцi. Падчас паездкi ён азнаёмiўся з работай прадпрыемстваў i выслухаў пытаннi, якiя непакояць мясцовых жыхароў.
Адным з адрасоў стаў Скiдзель. I невыпадкова. Гэта горад-спадарожнiк абласнога цэнтра, тут функцыянуе адно з самых магутных прадпрыемстваў рэгiёна — Скiдзельскi цукровы камбiнат. Не так даўно на заводзе змянiўся генеральны дырэктар. Па словах Вiктара Лiсковiча, новы кiраўнiк Уладзiмiр Белавусаў — прафесiянал, якi добра ведае галiну i можа забяспечыць стабiльную работу прадпрыемства. У гэтым можна было ўпэўнiцца падчас наведвання вытворчасцi. Нягледзячы на сезонны характар перапрацоўкi буракоў, завод не спыняе дзейнасць, а па-ранейшаму працуе круглыя суткi — напрыклад, цяпер iдзе фасоўка прадукцыi. Значная яе частка адпраўляецца на экспарт, у асноўным у Расiю, краiны Сярэдняй Азii, на афрыканскi кантынент. За год адгружаецца 145 тысяч тон. Да новага сезона склады павiнны быць пустыя, каб прымаць цукар наступнага ўраджаю. Сыравiна пачне паступаць у канцы лета.
Скiдзельскi цукровы камбiнат — горадаўтваральнае прадпрыемства, дзе працуе больш за 700 чалавек. Сярэднi ўзрост крыху большы за 40 гадоў. Цяпер, па словах сенатара, важна сфармiраваць у дзяцей работнiкаў станоўчы вобраз завода, каб яны потым таксама працягвалi тут працаваць, стваралi працоўныя дынастыi.
Такая тэндэнцыя вiдавочная. Горад-спадарожнiк развiваецца, будуюцца шматпавярховікі, катэджы. Чарговым штуршком для аднаўлення стане правядзенне сёлетнiх абласных «Дажынак». Галоўным аб'ектам стане Дом культуры, на рэканструкцыю якога будзе выдаткавана тры мiльёны рублёў. Ён пабудаваны ў 1950-я гады, таму атрымае сучасную «начынку». Таксама iдзе добраўпарадкаванне паркавай зоны ў цэнтры горада. У тым, што вядзецца сур'ёзная падрыхтоўка да фестывалю хлебаробаў, Вiктар Лiсковiч упэўнiўся асабiста, калi праехаў па горадзе. На яго думку, карысным новаўвядзеннем для сучаснага горада могуць стаць развiццё веларуху i пракладка веладарожак. I такая работа вядзецца. Па словах намеснiка старшынi Гродзенскага райвыканкама Валерыя Балашова, ёсць адпаведны праект, якi раён мае намер ажыццявiць у рамках праграмы трансгранiчнага супрацоўнiцтва.
Прадстаўнiкi працоўнага калектыву агучылi тыя праблемы, якiя iх хвалююць. Па-першае, гарачае водазабеспячэнне. Ад ТЭЦ завода залежыць падача цяпла ў блiжэйшыя жылыя дамы. Але ў летнi сезон ТЭЦ не функцыянуе, i гарачай вады ў дамах няма. Раённыя ўлады гатовы вырашыць пытанне, закуплены спецыяльны кацёл, якi будзе працаваць на патрэбы жыхароў. Вiктар Лiсковiч паабяцаў узяць гэтае пытанне на кантроль. Якасцi пiтной вады ў краiне надаецца першаснае значэнне, i ў Скiдзелi гэтую праблему неабходна вырашыць як мага хутчэй — магчыма, да канца года, падкрэслiў парламентарый.
Яшчэ адзiн важны аспект, на якi варта звярнуць увагу, — рака Котра. Па словах жыхароў, берагавую лiнiю тут трэба добраўпарадкаваць, пры магчымасцi зрабiць пляжную зону. Гараджане хочуць адпачываць на сваiх вадаёмах i самi гатовы выйсцi на гэтыя работы, але патрэбныя каардынацыя i план. Увогуле гэты кiрунак Вiктар Лiсковiч лiчыць важным для турыстычнай галiны. Котра — прыгожая рака, па якой адбываецца нямала сплаваў, i варта прывесцi яе ў належны стан.
«Водная» тэма была працягнута на сустрэчы з калектывам агракамбiната «Князева» Зэльвенскага раёна. Тут вялiкую папулярнасць сярод рыбакоў мае Зэльвенскае вадасховiшча, i гэтую асаблiвасць трэба выкарыстаць для перспектыўнага развiцця раёна. Як паведамiў старшыня гаспадаркi Дзянiс Альшэўскi, работа ў такiм кiрунку пачалася. Разам з Гродзенскiм аграрным унiверсiтэтам рыхтуецца праект па развядзеннi рэдкiх парод рыб, у прыватнасцi, сцерлядзi, што дадасць папулярнасцi раёну. Дарэчы, тут ёсць i свая «фiшка». Гэта «Ганненскi кiрмаш», вядомы ў Зэльве са старажытнасцi, — 15 гадоў таму яго адрадзiлi. Вiктар Лiсковiч лiчыць, што iдэя свайго брэнда цяпер вельмi актуальная. Ён паведамiў, што ў краiне сёння вядзецца аблiчбоўка ўсiх музеяў, што павысiць iнфармаванасць аб спадчыне рэгiёнаў. Пра кiрмаш змогуць даведацца па экспанатах музея, якi месцiцца ў раённым Доме культуры.
Прыкладам зладжанай работы калектыву парламентарый лiчыць Ваўкавыскi мясакамбiнат. Прадпрыемства — адно з найлепшых у галiне. Яго прадукцыя вядомая не толькi ў Беларусi, але i далёка за яе межамi. Менавiта такая праца спрыяе дабрабыту як кожнага работнiка, так i ўсёй краiны.
— У вынiку паездкi складваецца цэласная карцiна таго, як жыве рэгiён, якiя праблемы неабходна вырашаць у першую чаргу. Засяроджваецца ўвага на перспектыўным развiццi населеных пунктаў. Так, наведаўшы Скiдзельскi цукровы камбiнат, мы бачым, што вытворчасць працуе з захаваннем усiх тэхналагiчных нарматываў. Завод наладжвае экспарт, шукае новыя рынкi збыту. Развiццё горадаўтваральнага прадпрыемства, у сваю чаргу, спрыяе развiццю i горада-спадарожнiка. Што датычыцца Зэльвенскага раёна, то тут пачынаюць удзяляць увагу турыстычнаму патэнцыялу, адраджаюць старажытныя традыцыi i святы, — зазначыў Вiктар Лiсковiч. — Магу сказаць, што калектыў Ваўкавыскага мясакамбiната аб'ядноўваюць жаданне працаваць i гонар за тое, што робiцца. Калi такi падыход будзе ў кожнай арганiзацыi i прадпрыемстве, краiна будзе iсцi наперад. А ўсiм нам застанецца толькi адно — берагчы адно аднаго i рабiць агульную страву, якая будзе скiравана на стабiльнасць i развiццё краiны.
Маргарыта Ушкевiч
Фота grodnonews.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-liskovich