Вучэбна-метадычны кабінет «Цэнтр беларуска-кітайскіх міжкультурных камунікацый» ствараецца пры падтрымцы ўніверсітэта Цюйфу і Фуцзяньскага педагагічнага ўніверсітэта, з якімі ў беларускай ВНУ падпісаныя дамовы аб міжуніверсітэцкім супрацоўніцтве ў мэтах павышэння якасці падрыхтоўкі студэнтаў на аснове міжнароднага вопыту.
У Палескім дзяржуніверсітэце цікавасць да кітайскай мовы і культуры сярод студэнтаў ўзрастае. Гэтаму, у прыватнасці, спрыяе летняя школа для кітайскіх студэнтаў, якая дзейнічае ў ВНУ на працягу двух гадоў. У новым навучальным годзе моўны курс працягнуць асвойваць 30 студэнтаў, якія навучаюцца па некалькіх спецыяльнасцях на кафедры міжкультурных камунікацый. Столькі ж першакурснікаў пачнуць вывучаць кітайскую мову з самага пачатку.
У «Цэнтры беларуска-кітайскіх міжкультурных камунікацый» будуць працаваць студэнцкі адукацыйны гурток «Школа каліграфічнага пісьма», кінаклуб кітайскай мовы і секцыя маладога кітаіста. У перспектыве тут плануецца арганізаваць курсы кітайскай мовы для школьнікаў і дарослых.
У прэс-службе Міністэрства адукацыі паведамілі, што згодна з планамі адкрыццё цэнтра адбудзецца 1 кастрычніка 2020 года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/kitay