Учора быў адкрыты абноўлены будынак самай вялікай медыцынскай роты ва Узброеных Сілах Беларусі. Месціцца ён у 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.
— Тут могуць размяшчацца стацыянарна да 140 ваеннаслужачых, — адзначыў начальнік Генеральнага штаба генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч. — Амбулаторную дапамогу могуць атрымліваць да 300 пацыентаў.
У новым будынку размясціліся прыёмна-паліклінічнае і шпітальнае аддзяленні, медыцынскі пункт, санітарна-эпідэміялагічная лабараторыя, аддзяленне медыцынскага забеспячэння і аптэка. Рота аснашчана рэнтгенаўскімі апаратамі, прыладамі ўльтрагукавой дыягностыкі, эндаскапічным і стаматалагічным кабінетам. Ёсць у ёй абсталяванне ЭКГ для сутачнага маніторынгу сардэчнага рытму і артэрыяльнага ціску, а таксама і лічбавы дыхальны аналізатар. У амбулаторных умовах урачы могуць аказаць і хірургічную дапамогу.
Магчымасці роты дазваляюць праводзіць агульныя і біяхімічныя даследаванні з выкарыстаннем аўтаматыкі. Таксама тут можна зрабіць аналіз на мікробнае забруджванне, у тым ліку проб ежы і вады.
Начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра Узброеных Сіл генерал-маёр Уладзіслаў Будзік зазначыў, што новы будынак дазваляе падзяліць плыні стацыянарных і амбулаторных хворых.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/pechy
[5] https://zviazda.by/be/tags/armiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/medycyna